У гімназічным клубе ЮНЕСКА “Сапрана”

- 15:47Адукацыйная прастора, Сацыяльны ракурс

У праекце “Сетка асацыіраваных школ ЮНЕСКА” прымаюць удзел 18 школ Беларусі. Мэтай гэтага праекта з’яўляецца распаўсюджанне інфармацыі аб ААН і ЮНЕСКА, вывучэнне, захаванне культурнай і прыроднай спадчыны, вывучэнне правоў чалавека і дзіцяці, фарміраванне ўстановак талерантных паводзін.

У гімназіі № 7 Мінска з 2001 года дзейнічае клуб ЮНЕСКА “Сапрана”, куратарам якога з’яўляецца настаўніца англійскай мовы Алена Аляксандраўна Шулейка. Асноўныя кірункі работы клуба: вывучэнне культуры свету, нефармальная адукацыя, здаровы лад жыцця, інфармацыя і камунікацыя.

Папулярызацыя гуманных прынцыпаў і ідэй ААН і ЮНЕСКА ў галіне адукацыі, навукі, культуры і камунікацыі ў гімназіі адбываецца падчас інфармацыйных і класных гадзін, лекцый, трэнінгаў, круглых сталоў, акцый, а таксама праз сацыяльныя сеткі і старонкі гімназічнай газеты Friends. Вучні ўдзельнічаюць у абмеркаванні актуальных для падлеткаў тэм і праблем, якія тычацца ўзаемаадносін у асяроддзі равеснікаў, урэгулявання канфліктаў, прыняцця самастойных рашэнняў, прафілактыкі ранніх сексуальных зносін, гендарных стэрэатыпаў і інш. Дзяцей хвалююць і агульначалавечыя, глабальныя праблемы — годнасці і справядлівасці, недыскрымінацыі, экалагічнай адукацыі і адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Напрыклад, у рамках рэспубліканскай акцыі бліцкалажу “Пішы пісьменна 950 слоў пра Мінск”, прысвечанага Міжнароднаму дню пісьменнасці, афіцыйна абвешчанага ЮНЕСКА, узнімалася праблема пісьменнасці, паколькі яна з’яўляецца асноўным элементам, неабходным для забеспячэння ўстойлівага развіцця — для прыняцця людзьмі правільных рашэнняў і садзейнічання эфектыўнаму эканамічнаму росту, сацыяльнаму развіццю і экалагічнай інтэграцыі. Нягледзячы на рост узроўню пісьменнасці за апошнія 50 гадоў, у свеце па-ранейшаму налічваецца 750 млн непісьменных дарослых, а 250 млн дзяцей не могуць атрымаць базавыя навыкі.

Клуб ЮНЕСКА “Сапрана” гімназіі № 7 Мінска заклаў падмурак праекта “Жывая Бібліятэка”, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Гэтая бібліятэка — незвычайная. У ёй няма звыклых усім кніг. Перад чытачамі выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, якія гатовы адказаць на любыя пытанні, падзяліцца сваім жыццёвым вопытам з маладым пакаленнем. Першымі “жывымі кнігамі” ў гімназіі сталі пісьменнікі і паэты Саюза пісьменнікаў Беларусі, з якімі ўжо адбылося 15 сустрэч. У рамках такіх мерапрыемстваў у бібліятэцы пачаў дзейнічаць куток буккросінгу.

“Вучні нашай гімназіі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных канферэнцый “Мадэль ААН” (MINTMUN, GYMUN, LYCEUM) ,— расказала Алена Шулейка. — Мадэляванне ААН — гэта адукацыйны праект для моладзі, дзе ў фармаце канферэнцыі школьнікі і студэнты выступаюць у ролі дэлегатаў ад дзяржаў — членаў ААН. Рабочая мова такіх канферэнцый — англійская. Канферэнцыі праводзяцца з мэтай развіцця навыкаў камунікатыўнай культуры, мірнага вырашэння канфліктаў і вядзення дыскусіі; фарміравання ў навучэнцаў пачуцця адказнасці за будучыню чалавецтва; выхавання глабальнага мыслення, талерантнасці і пачуцця ўласнай годнасці, знаёмства моладзі з эканамічнай, палітычнай, экалагічнай сітуацыяй у сучасным свеце. Удзел у падобных канферэнцыях павышае цікавасць навучэнцаў да вывучэння замежных моў і спрыяе ўсебаковаму развіццю полікультурнай асобы, якая ўсвядоміць паняцці “талерантнасць”, “гуманізм”, “інтэрнацыяналізм”, “дыялог культур”, пазнае пачуццё эмпатыі, павагі да ўсіх народаў, нацый, рас і этнасаў.

Не менш цікавы дыялог узнікае падчас пасяджэнняў клуба “Юны дыпламат”, якія праводзяцца ў Доме дружбы ў Мінску паміж гімназістамі і прадстаўнікамі дыпламатычных колаў. У мінулым годзе, напрыклад, адбыліся сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Славакіі ў Рэспубліцы Беларусь Ёзэфам Мігашам, з часова павераным у справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Робертам Райлі, з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёнай Гіб, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Алегам Есаевічам Есаянам, з прадстаўнікамі Асацыяцыі расійскіх дыпламатаў. Падчас пасяджэнняў клуба навучэнцы знаёмяцца з культурай і традыцыямі розных краін, дэманструюць свае веды аб кожнай з іх, атрымліваюць адказы на хвалюючыя пытанні, удзельнічаюць у віктарыне “Пытанне паслу”, абменьваюцца сувенірамі”.

На працягу мінулага года гімназісты прынялі ўдзел у фестывалях клубаў ЮНЕСКА, Дні палесцінскай культуры, конкурсе коміксаў на лепшага супергероя і супергераіню для дасягнення Мэт устойлівага развіцця “Супергероі для Супермэт”. Ва ўстанове прайшоў урок міру “Самы вялікі ўрок у свеце”, праграма якога ўключала правядзенне акцый “Батарэйка, здавайся”, “Я — грамадзянін свету!”, “Дзеля міру я гатовы…”, “Мы — гэта будучы свет”, флэш-моб “Мы такія розныя, але мы разам”, а таксама інфармацыйная класная гадзіна. У Дзень правоў чалавека, 10 снежня, гімназісты правялі акцыю Stand Up4 Human Rights. Праграма мерапрыемства ўключала, у прыватнасці, віктарыну “Што такое правы чалавека?”, трэнінг “Гендарная роўнасць”.

Усе настаўнікі англійскай мовы гімназіі № 7 Мінска актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах клуба “Сапрана”, рабочых сустрэчах асацыіраваных школ ЮНЕСКА і навукова-практычных семінарах з міжнародным удзелам.

Надзея ЦЕРАХАВА.