У гімназію — з ветрыкам

- 13:12Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

У панядзелак паўсотні навучэнцаў сталічнай гімназіі № 19 атрымалі магчымасць дабірацца на заняткі не на аўтамабілях з бацькамі ці ў перапоўненым грамадскім транспарце, а на ўласным двухколым транспарце. Гімназічны праект “Перасядзь на веласіпед” атрымаў свой працяг — тут адкрыўся парковачны комплекс для веласіпедаў, які складаецца з 20 асобных месцаў і крытай экавелапаркоўкі на 30 парковачных месцаў.

Дзіцяча-дарослы праект “Перасядзь на веласіпед”, які рэалізуецца ў гімназіі з 2010 года, быў задуманы для таго, каб павялічыць колькасць прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, развіваць веласіпедны рух і арганізоўваць адукацыйную і інфармацыйную падтрымку гараджан. Гімназістаў не першы год хвалююць экалагічныя праблемы. За іх плячыма арганізацыя велапрабегаў для жыхароў Фрунзенскага раёна Мінска, штогадовы ўдзел у міжнароднай акцыі “Дзень без аўтамабіля”, удзел у рэалізацыі праекта “Плануем свой раён разам”, шматлікія акцыі па ўборцы тэрыторый заказнікаў і вадаёмаў. Акрамя таго, гімназія далучае да “зялёнага” жыцця ўвесь раён, і яе ўжо можна па праву назваць паўнацэннай экалагічнай арганізацыяй горада.
— Сама па сабе фраза “перасядзь на веласіпед” — гэта алегорыя, якая цягне за сабой шэраг іншых глабальных пытанняў, — гаворыць дырэктар гімназіі № 19 Анатоль Уладзіміравіч Мураўёў. — Хоць практычным выхадам стала ўключэнне дзяцей у рэалізацыю праграмы па развіцці веларуху ў Мінску, першапачатковая ідэя праекта заключалася ў тым, каб падключыць членаў нашага гімназічнага таварыства і мікрараёна, горада да вырашэння праблем, звязаных з парніковым эфектам. Спосабаў, з дапамогай якіх можна паменшыць колькасць выкідаў, шмат. Гэта не толькі адмова ад аўтамабіля, але і правядзенне акцый па пасадцы дрэў, інфармацыйныя кампаніі для гара-джан — усё, чым мы займаемся ў рамках праекта.
Анатоль Уладзіміравіч адзначыў, што і гімназія, і велапаркоўкі (іх тут ужо тры — адна з іх была ўстаноўлена раней) адкрыты не толькі для навучэнцаў. У гімназіі рэгулярна праводзяцца семінары, майстар-класы, кансультацыі, экскурсіі не толькі для прадстаўнікоў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, але і замежжа. А створаная велапаркоўка — наглядны прыклад рэалізацыі дзіцячай ініцыятывы. Практычную карысць ад яе могуць адчуць і бацькі навучэнцаў, калі прыязджаюць на бацькоўскія сходы на веласіпедах.
Самі па сабе велапаркоўкі пры навучальных установах ужо не навіна: толькі ў сталіцы іх некалькі, і яны ўяўляюць сабой мабільныя металічныя канструкцыі, да якіх мацуецца веласіпед за раму. Асаблівасць гэтай паркоўкі — у яе экалагічнасці. Па-першае, яна пабудавана не на асфальце, а прама на газоне пад велізарнымі дрэвамі. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве, дазволілі не пашкодзіць карані ні аднаго з іх. Па-другое, газонная рашотка дапаможа захаваць сам газон падчас эксплуатацыі. Немалаважна і тое, што не трэба будзе ўладальнікам веласіпедаў хвалявацца за іх стан падчас дажджу: крытая пляцоўка надзейна схавае іх транспартны сродак. Дарэчы, для тых навучэнцаў, якія будуць карыстацца веласіпедамі круглы год, плануецца прадугледзець персанальныя парковачныя месцы. А калі месцаў не хопіць, прымацоўваць веласіпеды можна нават на сцены з дапамогай спецыяльных падвесаў.
Барыс Анатольевіч Васільеў, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, выступаючы перад гасцямі, адзначыў: “Мы ганарымся тым, што наша падрастаючае пакаленне актыўна падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. Я думаю, што гэтае пачынанне будзе працягнута навучальнымі ўстановамі не толькі нашага раёна, але і горада. Работа, якую так актыўна праводзяць навучэнцы гімназіі № 19 у гэтым кірунку, у прыватнасці па развіцці веласіпеднага руху, дапаможа ім умацаваць сваё здароўе і ў добрым настроі прыязджаць на заняткі”.
А ў тым, што з велапаркоўкі можа пачацца дарога ў вялікі спорт, упэўнена яшчэ адна госця — Наталля Цылінская, васьмікратная чэмпіёнка свету па веласпорце, старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту.
— Сама па сабе наяўнасць велапаркоўкі — гэта імпульс для навучэнцаў прыехаць у гімназію на веласіпедзе, — гаворыць Наталля Валер’еўна. — Чым больш дзяцей проста на ім катаецца, чым большая прысутнасць веласіпедаў у іх жыцці, тым больш шансаў, што яны захопяцца ім сур’ёзна. Акрамя таго, у трэнераў будзе прычына наведаць установу, ахопленую веласіпедным рухам, і запрасіць юных веласіпедыстаў да сябе ў секцыю, а самых мэтанакіраваных, магчыма, і ў вялікі спорт.
Пасля ўрачыстага адкрыцця экавелапаркоўкі гімназісты на чале з прадстаўнікамі кіраўніцтва раёна, грамадскіх арганізацый, Наталляй Цылінскай здзейснілі велапрабег. Завіталі яны і ў парк імя 60-годдзя Кастрычніка, дзе высадзілі дрэвы. Пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” старшакласнікі правялі акцыю па ўборцы заказніка “Лябяжы”. Завяршыўся дзень інфармацыйнымі акцыямі на вуліцах горада разам з УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.