У Гомелі — 171 медаліст

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Сёлета больш як 2,5 тысячы выпускнікоў сярэдніх школ, ліцэяў і гімназій Гомеля атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі. 171 выпускнік атрымаў залатыя (152) і сярэбраныя (19) медалі. Медалі самым руплівым і таленавітым уручыў старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка:

— Хачу павіншаваць выпускнікоў з заканчэннем школы і атры­маннем атэстатаў. Па сутнасці, гэта першы крок па дарозе ў дарослае жыццё. Наперадзе ў вас сур’ёзнае выпрабаванне — уступная кампанія. Жадаю ўпэўненасці ва ўласных сілах і, вядома, поспехаў. Пакідаючы школу, не забывайце настаўнікаў: яны не толькі далі вам веды, выхавалі, але і аддалі часцінку сваёй душы. Асобнай падзякі заслугоўваюць бацькі: за тое, што выгадавалі вельмі таленавітых грамадзян нашай краіны.

Некаторыя з медалістаў свой родны горад услаўляюць ужо не першы год. Выпускнік гомельскай гімназіі № 51 Андрэй Касцяной неаднаразова станавіўся прызёрам міжнародных алімпіяд па інфарматыцы. У студзені ён стаў уладальнікам залатога медаля Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды:

— Без падтрымкі матулі залатога медаля ў мяне не было б. Яна дапамагала запаўняць контурныя карты па геаграфіі, рыхтавацца да грамадазнаўства. У нашай гімназіі гэта, мабыць, самы складаны прадмет.

Андрэй вырашыў паступаць у БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. У Лізаветы Дамасевіч з гомельскай школы № 33 сярэдні бал 9,8. Атрымаць высокія адзнакі ў атэстаце складаней за ўсё было па матэматыцы і рускай мове. У планах залатой медалісткі — паступіць у Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт:

— З паспяховым заканчэннем школы першым мяне павіншаваў мэр, а потым дзядуля, ён спецыяльна прыехаў на цырымонію ўручэння медалёў. Ну а дзякуй за ўсё я, вядома, кажу маме і сабе.

Самая вялікая колькасць медалістаў — у Чыгуначным і Савецкім раёнах Гомеля — 46 і 44 адпаведна. Сярод устаноў адукацыі ў выдатніках Гомельскі гарадскі ліцэй — тут адразу 23 медалісты, гімназіі №№ 56, 46, 10 і 71, а таксама сярэдняя школа № 8.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ.