Юныя даследчыкі роднага краю прадставілі архіўныя фота і дакументы на гарадской канферэнцыі «Настаўнік у салдацкім шынялі», якую арганізаваў Гомельскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
— Летась у пяці ўстановах адукацыі былі ўсталяваны шэсць памятных таблічак педагогам: у школах №№ 27, 2, 3, 19, 25, — расказала кіраўнік аддзела турызму і краязнаўства Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Прыскока. — На пачатак гэтага навучальнага года школы падалі нам інфармацыю больш чым пра сто педагогаў-франтавікоў. Каб яе сістэматызаваць, правесці пошукавую работу, сабраць даныя, мы правялі гэтую канферэнцыю. У ёй прынялі ўдзел 23 гомельскія школы. Матэрыялы шукалі ў архівах школьных музеяў, выкарыстоўвалі электронныя каталогі і ўспаміны родных ветэранаў.
Гэта дзясятая гарадская штогадовая канферэнцыя ў Гомелі, на якой школьнікі і іх выкладчыкі прадстаўляюць краязнаўчыя даследаванні. Сёлета мерапрыемства праходзіла ў межах грамадзянска-патрыятычнага праекта “Школа героя”. Па выніках гомельскай гарадской канферэнцыі вызначылі пяць пераможцаў. Вашай увазе — даследаванні некаторых з іх.
Сад памяці
Выпускніца гомельскай сярэдняй школы № 13 Святлана Папянкова, якая даследавала летапіс школы пад кіраўніцтвам настаўніц рускай мовы і літаратуры Галіны Баль і гісторыі Надзеі Вышнікавай, сцвярджае, што вядомы імёны дванаццаці настаўнікаў яе школы — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
— Аналіз года нараджэння настаўнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны дазваляе ўбачыць, што гэта былі маладыя людзі, — расказвае дзяўчына. — Яны былі прызваны ў армію ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў. Мы даведаліся, што яны служылі на Калінінскім, Заходнім, Бранскім франтах. Ажыццяўлялі педагагічную дзейнасць на вызваленых тэрыторыях. Напрыклад, Леў Маркавіч Бірман да вайны працаваў дырэктарам школы № 13 і выкладаў рускую мову і літаратуру. На фронт пайшоў разам з выпускнікамі 1941 года. Служыў камандзірам узвода і прапаў без вестак у верасні 1941 года. У пасляваенны час у нашай школе працавала настаўніцай матэматыкі яго жонка Фаня Яфімаўна, а пазней настаўніцай нямецкай мовы дачка Ганна Львоўна.
Іван Яўгеньевіч Радзянка быў прызваны служыць у самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У яго ўзнагародным лісце ад 16 мая 1945 года запісана: “Старшына Радзянка ў Чырвонай Арміі з 1941 года, службу пачынаў радавым байцом стралковага падраздзялення, удзельнічаў у баях, мае раненне. З 1942 года стаў пісарчуком штаба палка. У сваёй рабоце старшына Радзянка паказаў уменні, спалучаныя з сумленнасцю і акуратнасцю”.
Пасля заканчэння вайны Іван Радзянка выкладаў хімію і біялогію ў сярэдняй школе № 13. Вялікая заслуга Івана Яўгеньевіча ў стварэнні школьнага саду ў 50-я гады. Калі сад пачаў даваць плады, з’явілася традыцыя на лінейку 1 верасня выносіць яблыкі і ўсіх частаваць. Школьны сад жывы і сёння. Вясной мінулага года ў ім высаджаны маладыя дрэўцы.
“Арляня” вайны
Настаўніца рускай мовы і літаратуры гомельскай сярэдняй школы № 17 імя Франсіска дэ Міранды Алена Янчанка кіравала пошукамі выпускніцы Хрысціны Глушанінай. Яе работа прысвечана ветэрану Вялікай Айчыннай вайны настаўніку фізкультуры гэтай школы Барысу Фёдаравічу Ісачанку.
— Барыс Фёдаравіч называў сябе “арлянём” Вялікай Айчыннай вайны, — расказвае Хрысціна. — Са школьнага архіва і ўспамінаў высветлілася, што гамяльчанін быў зусім юным, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пятнаццацігадовым падлеткам уцёк з дому, каб працаваць санітарам у ваенным шпіталі. Потым яму даверылі зброю, і ў адным з баёў Барыс быў паранены. Пасля шпіталя вызваляў Польшчу, Усходнюю Прусію, дзе сустрэў вестку пра Перамогу. Байца адправілі на Далёкі Усход, і капітуляцыя мілітарысцкай Японіі застала яго ў Харбіне. Барысу было ўсяго 17, калі ён дэмабілізаваўся.
Потым былі гады вучобы. Атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Настаўнік фізічнай культуры”. З 1968 па 1993 год працаваў у сярэдняй школе № 17 настаўнікам фізкультуры. Да апошняга не пакідаў сваё любімае захапленне: танцаваў у вядомых народных калектывах.
На Далёкім Усходзе
Пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі гомельскай сярэдняй школы № 1 Таццяны Калеснік выпускніца Алена Раманава займалася вывучэннем баявога і працоўнага шляху настаўніцы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ганны Іванаўны Валюжанец.
Дзяўчына расказала, што захаваліся ўспаміны настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якую падчас вайны адправілі на Далёкі Усход — у лётную часць на мяжы з Японіяй:
— Ганну Іванаўну вучылі карыстацца сродкамі сувязі, зброяй, аказваць медыцынскую дапамогу. Добра яна запомніла шчаслівую вестку пра капітуляцыю фашысцкай Германіі. Яна расказвала: “Было шмат радасці. Мы плакалі, смяяліся, крычалі, стралялі. Нам дазволілі ўсе абоймы выпусціць! Фашысцкія войскі былі разбіты ў Еўропе, але на Далёкім Усходзе ваенныя дзеянні яшчэ працягваліся. Трэба было прымусіць капітуляваць Японію. Для гэтага вайскоўцаў з Захаду сталі перакідаць на Далёкі Усход”.
Пасля вайны Ганна Іванаўна скончыла Гомельскі педінстытут імя Чкалава, а ў 1958 годзе прыйшла на работу ў сярэднюю школу № 1, дзе працавала да пенсіі.
Вайсковец і партызан, дырэктар і гісторык
Дзесяцікласнік гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Канстанцін Букаўцоў пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ірыны Клімянок прадставіў на гарадскую канферэнцыю работу, прысвечаную жыццю і дзейнасці настаўніка гісторыі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Сямёнавіча Гарунова.
— Да вайны Іван Гаруноў пасля заканчэння інстытута працаваў дырэктарам сямігадовай школы ў вёсцы Чкалава і намеснікам дырэктара сярэдняй школы вёскі Бабовічы Гомельскага раёна, — расказаў вучань. — У снежні 1939 года быў накіраваны ў Сталінградскае ваеннае вучылішча. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны курсанты-сувязісты сустрэлі на палявых вучэннях, а ў ліпені 1941 года папоўнілі рады Чырвонай Арміі. 307-я стралковая дывізія, у якой служыў Гаруноў, прыкрывала адыход арміі. У кровапралітным баі ён быў цяжка паранены. Разам з іншымі параненымі Івана пакінулі ў вёсцы Пятроўка Курскай вобласці пад апеку мясцовых жыхароў, а потым ён апынуўся ў лазарэце для рускіх ваеннапалонных у Рыльску. У студзені 1942 года змог прабрацца на радзіму, каб наладзіць сувязь з партызанамі. Дабраўся да роднай вёскі Нядойка ў Рагачоўскім раёне і пачаў узаемадзейнічаць з партызанскім атрадам “Бальшавік” на Гомельшчыне. Пасля праверкі ў маі 1943 года Іван Гаруноў пайшоў у партызанскі атрад. У складзе атрада “Бальшавік” браў удзел ва ўсіх партызанскіх аперацыях. З мая па верасень 1943 года з’яўляўся памочнікам начальніка штаба, камандзірам узвода атрада “Бальшавік”. Пасля аб’яднання з рэгулярнымі часцямі і расфарміравання атрада частка людзей стала прафесійнымі вайскоўцамі, астатніх адправілі наладжваць мірнае жыццё. У тым ліку і Івана Сямёнавіча Гарунова. Але ж у сакавіку 1944 года, нягледзячы на наяўнасць “брані”, ён прыняў рашэнне зноў пайсці на фронт. Ва Усходняй Прусіі Іван Гаруноў сустрэў Перамогу.
Пасля вяртання ў Гомель у ліпені 1946 года Іван Сямёнавіч быў прызначаны дырэктарам вячэрняй школы № 7, якой кіраваў больш як трыццаць гадоў. У 1976 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак, але працягваў працаваць настаўнікам гісторыі да 1983 года. Трэба адзначыць, што гомельскі гарадскі ліцэй № 1 быў адкрыты ў 1992 годзе ў будынку былой вячэрняй школы № 7.
Даведка
Канферэнцыю правялі сумесна з музеем гісторыі Гомеля, Гомельскім абласным музеем ваеннай славы і Рускім домам. Школьнікі з Бранска, Смаленска, Туапсэ, Валгаграда, якія працуюць над аналагічнымі праектамі, удзельнічалі ў канферэнцыі ў рэжыме анлайн.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота прадастаўлены Гомельскім гарадскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі