У гонар акадэміка

З 2005 года гімназія № 1 Гродна носіць імя Яўхіма Карскага, і традыцыйна тут праводзіцца дэкада ў яго гонар, падчас якой навучэнцы знаёмяцца з жыццём і навуковымі дасягненнямі акадэміка, культурай і традыцыямі Беларусі.

У шматлікія мерапрыемствы ўцягнуты ўсе гімназісты. Вучні малодшых класаў інсцэніруюць беларускія народныя казкі, удзельнічаюць у брэйн-рынгу “Горад святога Губерта”, займальным уроку “Мова: цікава і пазнавальна”, віктарыне “Крокамі да беларускай мовы”, выставе малюнкаў “Зямля пад белымі крыламі”.

Вучні 8-х класаў у літаратурнай гасцёўні сустрэліся з выканальніцай уласных песень Вольгай Калмаковай. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Фамянкова прэзентавала сваю кнігу “Встречный ветер”. Старшакласнікі ўбачылі спектакаль “Карскі” ў выкананні акцёраў тэатральнай студыі “Антэй”. Гімназісты 11-х класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Я.І.Макей і Е.М.Даўлюд правялі інтэлектуальную гульню “Славутыя людзі зямлі беларускай” для навучэнцаў 9-х класаў.

— Дэкада Карскага — традыцыйнае мерапрыемства ў гімназіі, але кожны год мы напаўняем яго новымі падзеямі і сустрэчамі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандр Рымко. — Цэнтрам работы становіцца наш музей Карскага. Тут праводзяцца экскурсія “Акадэмік з вёскі Лаша”, мультымедыйныя прэзентацыі “Карскі — навуковец, педагог, грамадскі дзеяч”, “Бліжняе кола Яўхіма Карскага”.

Яшчэ адна традыцыя дэкады — узнагароджанне лепшых вучняў за поспехі ў вучобе і выніковае выступленне на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах ганаровай стыпендыяй імя Я.Ф.Карскага. Дырэктар гімназіі Барыс Сяброўскі ўручыў у гэтым годзе стыпедыю 10 навучэнцам 11-х класаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *