У гонар герояў-падпольшчыкаў

Мемарыяльны знак на месцы гібелі членаў першай гродзенскай падпольнай групы пад кіраўніцтвам Мікалая Волкава ў раёне форта № 2 каля вёскі Навумавічы Гродзенскага раёна ўстаноўлены па ініцыятыве сярэдняй школы № 35 Гродна, якая носіць імя Мікалая Аляксеевіча Волкава.

Сонечным майскім днём у памятным для гродзенцаў месцы сабраліся вучні і выкладчыкі школы, ганаровыя госці, сярод якіх доктар культуралогіі, прафесар Чувашскага дзяржаўнага ўніверсітэта, даследчык дзейнасці Мікалая Волкава Уладзімір Васільеў, прадстаўнікі ўлады, скульптар, аўтар памятнага знака Уладзімір Панцялееў. Хвалюючы для ўсіх момант — адкрыццё памятнага знака, да якога цяпер можна прыйсці, каб аддаць даніну памяці адважным падпольшчыкам, якія аддалі сваё жыццё дзеля перамогі над ворагам. Тут былі расстраляны Мікалай Волкаў, яго жонка Варвара Шапашнікава, Мікалай Быкаў, Рыгор Хораў, Ганна Васілюк і Іван Завіша.

Яшчэ ў мінулым годзе адміністрацыя сярэдняй школы № 35, члены савета школьнага музея сумесна з саветам ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна звярнуліся ў Міністэрства культуры, Гродзенскі гарадскі і раённы выканкамы з просьбай усталяваць памятны знак на месцы расстрэлу ў лютым 1942 года падпольнай групы. Спонсарамі стварэння знака выступілі родныя Мікалая Волкава.

— У гэтым месцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты расстралялі больш за 20 тысяч чалавек, сярод якіх былі мірныя грамадзяне, якія ўсталі на барацьбу з ворагам. Тут загінулі члены падпольнай групы Мікалая Волкава, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 35 Ігар Патэнга. Калектыў нашай школы шмат зрабіў для таго, каб увекавечыць памяць герояў. Іменем М.А.Волкава названа вуліца ў Гродне, усталявана мемарыяльная дошка на адным з дамоў, імя Волкава занесена ў Кнігу Гонару. Наша школа носіць яго імя. Аднак не было месца, дзе можна было б пакланіцца загінуўшым героям, таму сёння мы адкрываем памятны знак на месцы гібелі падпольнай групы Мікалая Волкава. Я ўдзячны родным Мікалая Аляксеевіча, яго ўнуку і праўнуку, якія дапамаглі ўсталяваць памятны знак.

Вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 35 Гродна зрабілі шмат добрых спраў, каб імёны Мікалая Волкава і членаў яго падпольнай групы не былі забытыя. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Раісы Прохаравай быў створаны школьны музей “Памяць захоўвае”. Праведзена грунтоўная даследчая работа па пошуку матэрыялаў, звязаных з гісторыяй гродзенскага антыфашысцкага падполля і, у прыватнасці, з дзейнасцю групы М.А.Волкава. Былі наладжаны сувязі з сынам і дачкой Мікалая Аляксеевіча, якія жывуць у Чувашыі. Георгій Мікалаевіч, сын кіраўніка падпольнай групы, прысутнічаў на адкрыцці музея ў 2008 годзе. З таго часу ў школе штогод адзначаецца Дзень памяці загінуўшых падпольшчыкаў, які праводзіцца сумесна з грамадскім аб’яднаннем чувашоў “Атал”.

Школа сумесна з ГА “Атал” стала ініцыятарам прысваення статусу Ганаровага грамадзяніна Гродна Мікалаю Волкаву і называння адной з вуліц яго імем. А ў маі 2016 года ўстанова адукацыі была перайменавана ў сярэднюю школу № 35 імя М.А.Волкава. І вось чарговы значны для кожнага вучня і педагога школы крок — адкрыццё памятнай дошкі.

— Была праведзена вялікая работа пачынаючы ад адкрыцця экспазіцыі ў школьным музеі, прысвечанай антыфашысцкаму падполлю, да сённяшняга дня, — адзначыла кіраўнік школьнага музея Раіса Прохарава. — Да мінулага года мы вельмі многае рабілі па ўвекавечанні памяці кіраўніка падпольнай групы Мікалая Волкава, але немагчыма было не ўспомніць і іншых членаў групы, якія былі расстраляны разам з ім. Яны вартыя памяці, каб кожны ведаў пра іх подзвіг, а родныя маглі прыехаць і пакланіцца тым, хто аддаў свае жыцці за наша жыццё пад мірным небам. Таму ў гэтым годзе мы імкнуліся зрабіць усё для таго, каб увекавечыць памяць усіх шасці расстраляных членаў падпольнай групы. Мы не ставім кропку, наперадзе яшчэ шмат работы па ўвекавечанні памяці тых, хто прыняў удзел у барацьбе з ворагам і ў вызваленні Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.