У гонар Перамогі

Вучні і настаўнікі, выхаванцы і выхавальнікі Мальскага дзіцячага сада — пачатковай школы загадзя рыхтаваліся да святкавання Вялікай Перамогі.

Разам з бацькамі стварылі тэматычныя экспазіцыі ў групах і класах. Удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Вайна вачыма дзяцей”.

У старшай групе дзеці разам з выхавальнікам вырабілі лісты-трохкутнікі, упрыгожвалі кветкай яблыні — сімвалам Перамогі. Фотакалаж тых далёкіх дзён стварылі самыя маленькія выхаванцы ўстановы: галубы — сімвалы жыцця, салют, кветкі, а побач — зробленыя сваімі рукамі танкі.

Не толькі выставы, тэматычныя куткі і кампазіцыі нагадваюць пра Перамогу. На тэрыторыі створана таксама кампазіцыя, прысвечаная Перамозе, якую могуць назіраць і жыхары аграгарадка Малі. Каменная дарога вядзе да невялікай зямлянкі, якая размешчана пад дзвюма бярозамі. Каля замлянкі створаны сімвалічная лічба “73” і Вечны агонь. Лёгкі ласкавы ветрык калыша бярозы, а яны напяваюць ціхую і журботную песню, якая выклікае жаль, боль, слёзы і радасць Вялікай Перамогі.

Каб ушанаваць памяць пра людзей, якія загінулі, каб не забыць тыя дні, ва ўстанове напярэданні свята прайшоў мітынг-рэквіем “Дарогай вайны”. Дзеці “прайшлі” шлях ад пачатку вайны да Вялікай Перамогі, спыніліся на самых трагічных і адважных момантах: Брэсцкая крэпасць, Хатынь, піянеры-героі, і вось яна — Перамога.

У гонар Перамогі, у гонар Радзімы вучаніцы Карына Баршчэўская і Аляксандра Шаламіцкая прачыталі вершы пра Беларусь.

Закончылася імпрэза хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак.

І няхай нашы дзеці яшчэ маленькія, але такія мерапрыемствы ў свядомасці маленькага чалавека пакінуць назабыўны след пра тыя далёкія і ў той жа час блізкія дні.

Маладое пакаленне павінна захаваць мір і шчасце на ўсёй планеце.

Настасся БАГДАНОВІЧ,
дырэктар Мальскага дзіцячага сада — пачатковай школы Астравецкага раёна.