У госці да спадарыні Прыбужжа

- 12:00Адукацыйная прастора

У рамках Года малой радзімы вучні і настаўнікі Яцкавіцкай базавай школы Брэсцкага раёна здзейснілі цікавае падарожжа ў этнаграфічнае мінулае роднага краю. А дапамог ім у гэтым музей “Спадарыня Прыбужжа”, размешчаны ў Астрамечаўскім доме культуры. На пэўны час педагогі і школьнікі перанесліся ў XIX стагоддзе, дзе азнаёміліся з тым, як жылі і працавалі продкі, як бавілі час, у што апраналіся, чым харчаваліся, як выхоўвалі дзяцей.

Музей “Спадарыня Прыбужжа” — гэта бабін кут, кут жанчыны-маці, выхавальніцы, руплівай гаспадыні. Па колькасці рэчаў, змешчаных тут, можна меркаваць, якім нялёгкім было яе жыццё.

У сенцах музея — дайніца (карову даіць), бойка (масла біць), ступа (таўчы ячмень), дзяжа (рашчыняць хлеб), начоўкі (мыць бялізну). У хаце ля печы знаходзяцца асноўныя жаночыя прылады: качарга, якой падгортвалі жар, лапата, якой садзілі хлеб у печ, рагачы для вымання чыгункоў, сіта, якім сеялі муку, чапяла, каб даставаць патэльню з печы. На паліцы захоўваюцца міскі, слоікі, лыжкі, збанкі. Увесь гэты кухонны арсенал павінен быў знаходзіцца ў належным стане, а клапацілася пра гэта жанчына.

А якія непаўторныя і прыгожыя саматканыя налаўнікі, ручнікі і сурвэткі! І ўсе яны вытканы з любоўю і пяшчотай рукамі жанчыны.

Вельмі цікава было азнаёміцца з этапамі апрацоўкі лёну. Гэты працэс быў вельмі складаны, бо ўсё рабілася ўручную. Спачатку лён трэба было пасеяць, затым прапалоць, парваць, паслаць, памяць, патрапаць, пачасаць, паснаваць, спрасці ніткі і толькі пасля саткаць. Для гэтага выкарыстоўваліся розныя прыстасаванні і прылады: церніца, трапачы, прасніца, верацёны, калаўрот, пранік, качалкі, кросны. Гэтыя словы вучні сустракалі раней толькі ў мастацкіх творах, а прадметы, якія яны абазначалі, бачылі на малюнках ці фотаздымках. У музеі дзеці змаглі дакрануцца да іх і нават пакарыстацца імі.

Экскурсія атрымалася надзвычай цікавай і пазнавальнай дзякуючы экскурсаводам Н.У.Кірдзей, Ф.А.Мартыновічу і Т.Ф.Агіевіч. Вучні і настаўнікі былі не толькі слухачамі і назіральнікамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі музейнай вандроўкі.

Вялікі дзякуй арганізатарам музея — былой старшыні Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў Л.В.Жуковіч, старшыні Лышчыцкага сельвыканкама І.А.Дзячок і дырэктару ААТ “Астрамечава” А.А.Бураку.

Наведайце спадарыню Прыбужжа — не пашкадуеце!

Людміла САЛЫШКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Яцкавіцкай базавай школы Брэсцкага раёна.