У госці… з казкай!

- 14:32Культура, Рознае

Павесяліцца ў лістападзе ў кампаніі амаль двух дзясяткаў Дзядоў Марозаў, ды каб кожны быў з унучкай і камандай памочнікаў, і абавязкова — з поўным мехам падарункаў… Дзіцячая фантазія? Не, “ЁЛКА-ФЭСТ”!

Прадчуванне навагодняга дзіва яшчэ не паспела запанаваць навокал і ў сэрцах, але яно ўсё часцей свеціцца ўсмешкамі ў вачах, пераліваецца мудрагелістымі іерогліфамі зіхатлівых гірлянд, гучыць на музычных хвалях — каб аднойчы выліцца на вуліцы і плошчы доўгачаканым, вясёлым і стракатым карнавальным дзействам. Між тым галоўныя героі азначанага дзейства зараз трымаюць экзамен, дзе “выдатна” азначае пропуск на навагоднія ранішнікі: весяліць дзятву, дарыць падарункі і спраўджваць надзеі будуць толькі самыя вопытныя Дзяды Марозы і Снягуркі.
— Новы год — справа надзвычай сур’ёзная і адказная. Акрамя ўсяго іншага, Дзед Мароз павінен быць добрым псіхолагам: умець у лічаныя імгненні наладзіць кантакт з аўдыторыяй, падтрымліваць святочны настрой у кожнага хлопчыка ці дзяўчынкі, якія прыйшлі на ранішнік, — лічыць старшыня журы абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу “ЁЛКА-ФЭСТ”, мастацкі кіраўнік Цэнтра нацыянальных культур ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск” і Дзед Мароз з амаль 25-гадовым стажам Аляксей Вашчонак. — Трэба сказаць, што ўзровень падрыхтоўкі і выступленняў удзельнікаў конкурсу год ад году прыкметна расце. Калектывы ўлічваюць зробленыя заўвагі, пастаянна рухаюцца наперад і шукаюць штосьці новае — заадно пазбаўляючыся старых памылак і недахопаў. Гэта асабліва было відаць на прыкладзе Полацкай сярэдняй школы. Каманды зімовых чарадзеяў прымяняюць новыя формы, спосабы, метады і прыёмы — на “ЁЛКА-ФЭСЦе” не сустрэнеш трафарэтаў, збітых фраз і сюжэтаў, узятых з інтэрнэту: тут тэрыторыя сапраўднай творчасці!
Пакарыла, дакладней — літаральна зачаравала гледачоў абаяльная і знаходлівая Снягурка з Мазалаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна: выканаўчае майстэрства Людмілы Шлык журы адзначыла спецыяльным дыпломам. Аляксандр Латышаў і Таццяна Гецман (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Кастрычніцкага раёна Віцебска) увайшлі ў тройку прызёраў адразу ў дзвюх намінацыях — “Лепшыя Дзед Мароз і Снягурка” і “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма”. Яшчэ адзін несумненны лідар, які склаў добрую канкурэнцыю пераможцам, — навагодні дуэт Аляксея Мішурнага і Надзеі Красноўскай (Палац творчасці дзяцей і моладзі Віцебска). А на 1 месцы ў выніку ўпартай творчай барацьбы апынуліся ў намінацыі “Лепшыя Дзед Мароз і Снягурка” Аляксандр Ціханенка і Вікторыя Шумко (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі), а ў намінацыі “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма” Віталь Хаданёнак і Надзея Татун (сярэдняя школа № 16 Полацка). Пераможцы прымуць удзел у заключным этапе конкурсу.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.