У гродзенскай гімназіі № 3 дзейнічае абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык. Што ён прапаноўвае?

- 10:04Гродненская область, Образование

З гэтага года гімназія № 3 імя В.І.Соламавай Гродна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра стала адзіным удзельнікам інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання гатоўнасці педагога да кіраўніцкай дзейнасці ва ўстанове адукацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У гімназіі ўпэўнены, што праект стане пляцоўкай па рэалізацыі новых магчымасцей для педагогаў, якія сёння знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў.

— У гэтым годзе ў нас адразу тры намеснікі дырэктара ўпершыню прыступілі да выканання сваіх прафесійных абавязкаў, і ўдзел у інавацыйным праекце стане для іх выдатнай магчымасцю далейшага развіцця і прадукцыйнай самарэалізацыі. Разам з тым новы вопыт будзе карысны ўсім педагогам нашай установы, — адзначыла дырэктар гімназіі Наталля Кастальцова.

Яна ўпэўнена, што інавацыйная дзей­насць з’яўляецца асноўным рухавіком сучаснай школы, дае шырокае поле для творчасці, а таксама вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця. Для гімназіі № 3 удзел у названай інавацыі — далёка не першы падобны вопыт. Вынікам рэалізаваных раней праектаў стала стварэнне на базе ўстановы абласнога Цэнтра эфектыўных педагагічных практык, асноўным кірункам дзейнасці якога сёння з’яўляецца паспяховая самарэалізацыя асобаснага патэнцыялу навучэнцаў.

З мінулага навучальнага года педагогі гімназіі ўсё часцей звяртаюцца да пытання фарміравання ў вучняў функцыянальнай адукаванасці — паняцця шырокага, якое не прадугледжвае імгненнага выніку.

— Мы распрацавалі дарожныя карты па фарміраванні ў навучэнцаў функцыянальнай адукаванасці. Папярэднічала гэтаму вывучэнне вопыту настаўнікаў гімназіі па фарміраванні чытацкай, матэматычнай і сацыяльнай адукаванасці. Прычым эфектыўнасць творчых ідэй педагогаў была апрабавана на практыцы — на ўроках педагога пачатковай школы, некалькіх настаўнікаў-прадметнікаў і двух класных кіраўнікоў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Анжэла Пятровіч.

Функцыянальная адукаванасць прадугледжвае падрыхтоўку выпускніка, які пасля заканчэння ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі зможа знайсці сябе ў поліфункцыянальным свеце і прымяняць багаж атрыманых у навучальнай установе ведаў у штодзённым жыцці.

— Над пытаннямі фарміравання функцыянальнай адукаванасці ў навучэнцаў у мінулым годзе працавалі ўсе нашы вучэбна-метадычныя аб’яднанні. Ключавой гэтая тэма была і застаецца на школьных педсаветах. З тэматычнымі дакладамі нашы педагогі не раз выступалі на розных семінарах і прэзентавалі свае напрацоўкі ў форме публікацый у профільных сродках масавай інфармацыі, — дадала Анжэла Пятровіч.

Педагагічны калектыў установы адукацыі прадстаўлены амаль 90 супрацоўнікамі. На 87 працэнтаў гэта настаўнікі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Аб эфектыўнасці іх работы сведчаць у тым ліку поспехі вучняў. Кожны год выпускнікі гімназіі становяцца ўладальнікамі 100-бальных сертыфікатаў па выніках іспытаў у цэнтралізаванай форме, паспяхова ўдзель­нічаюць у навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.

— Нярэдка ў жыхароў Гродна наша гімназія асацыіруецца ў першую чаргу з рэалізаваным праектам “Імя Вольгі Соламавай на карце Гродзеншчыны” — шмат у чым дзякуючы таму, што ён актыўна трансліраваўся ў СМІ. Пісала пра гэта і “Настаўніцкая газета”. Важна, што вялікі ўклад у рэалізацыю праекта ўнеслі менавіта навучэнцы — удзельнікі пошукавага атрада і экскурсійнай групы. Гэта таксама вельмі важны момант у пытанні фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, паколькі прадугледжвае вялікую самастойную работу, — падкрэсліла Наталля Кастальцова.

Яна дадала, што ў мінулым навучальным годзе 17 выпускнікоў скончылі гімназію з залатымі медалямі і столькі ж дзяцей атрымалі пасведчанні з адзнакамі “выдатна” пасля заканчэння 9 класа. За гэтымі іх поспехамі стаіць вялікая праца педагогаў, якія сёння актыўна дзеляцца сваім вопытам з маладымі калегамі ўстановы.

Прыклады такой пераемнасці ёсць у кіраўніцкай камандзе ўстановы. Усе жыццёвыя этапы намесніка дырэктара Анжэлы Пятровіч звязаны з гімназіяй № 3. Яшчэ будучы вучаніцай пачатковых класаў, яна цвёрда вырашыла, што стане настаўнікам. Пасля заканчэння УВА з той жа ўпэўненасцю стала часткай педкалектыву роднай установы адукацыі. А сёння яна дзеліцца вопытам кіраўніцкай дзейнасці ў тым ліку са сваёй выпускніцай — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Настассяй Прашнікавай.

Парады педагогу

Як на ўроку сфарміраваць у вучняў функцыянальную адукаванасць:

  •  уключайце ў фармулёўку запланаваных прадметных, метапрадметных асобасных вынікаў фразу “ўжыванне атрыманых ведаў, уменняў і навыкаў у жыццёвых сітуацыях”;
  • вучыце навучэнцаў знаходзіць, інтэграваць, інтэрпрэтаваць і ацэньваць неабходную інфармацыю, будаваць разгорнуты адказ;
  • спалучайце традыцыйную дыдактыку з прыёмамі тэхналогій развіццёвага, праблемнага, крытычнага і крэатыўнага навучання, метады праектаў;
  • плануйце на кожны ўрок такія формы работы, як складанне “воблака ключавых слоў”, пабудова “дрэва гіпотэз”, сартаванне тэксту, фарміраванне “тоўстых” і “тонкіх” пытанняў, складанне карт падарожжаў, арганізацыя круглых сталоў, напісанне сінквейнаў, хайку, складанне квестаў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара