У гэтым навучальным годзе ў гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна адкрылі клас інжынернай накіраванасці. І літаральна адразу яго работу арганізавалі ў цесным супрацоўніцтве з прадпрыемствам абласнога цэнтра і вядучым рэгіянальным універсітэтам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— З верасня 2024 года наш 10 “Б” стаў першым у гісторыі гімназіі інжынерным класам, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка і фізіка, уведзены адпаведны факультатыў. А ўжо ў лістападзе разам з кіраўніцтвам установы адукацыі вучні гэтага класа сталі ўдзельнікамі значнай для нас падзеі — афіцыйнай цырымоніі падпісання дагавора аб супрацоўніцтве, які накіраваны галоўным чынам на пашырэнне ўяўленняў дзяцей аб прафесіі інжынера, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Салей.
Такі трохбаковы дагавор заключаны паміж гімназіяй, ГрДУ імя Янкі Купалы і філіялам “Гродзенскія цеплавыя сеткі” РУП “Гроднаэнерга”. А распрацаваны сумесны план работы адкрывае для будучых інжынераў дзверы ў свет выбранай імі прафесіі.
Вучні профільнага класа, напрыклад, наведалі вучэбныя лабараторыі фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, сталі ўдзельнікамі заняткаў у студэнцкім канструктарскім бюро “Практычная электроніка”. Акрамя таго, у фармаце пазнавальнай экскурсіі яны даведаліся многа новага аб дзейнасці Гродзенскіх цеплавых сетак, зазірнулі ў рэгіянальны філіял Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі і не толькі.
— У рамках створанага на Гродзеншчыне адукацыйнага кластара не першы год цесна супрацоўнічаем з факультэтам матэматыкі і інфарматыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Сёння ж наша партнёрства з вышэйшай школай шырока прадстаўлена таксама сумеснай работай з інжынерным і фізіка-тэхнічным факультэтамі. Акрамя таго, на працягу двух гадоў з мэтай прафарыентацыі вучняў супрацоўнічаем і з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Сёння тут можна атрымаць у тым ліку прафесію інжынера-тэхнолага, і гэтае партнёрства цікавае для нас як напрамак карыснай работы ў межах профільнага класа, — дадала Святлана Салей.
Не толькі партнёрствам з вышэйшай школай ганарацца ў гімназіі. Сярод цікавых форм работы з будучымі інжынерамі — сустрэчы ў фармаце “Дыялогі аб прафесіі” з яе прадстаўнікамі. У пазаўрочны час для вучняў профільнага класа рэгулярна арганізоўваюцца размовы з дарослымі — бацькамі сённяшніх гімназістаў, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі інжынернай прафесіі.
— Наша галоўная задача — даць вучням профільнага класа рэальнае ўяўленне аб прафесіі, у якой яны сябе бачаць, дапамагчы падлеткам зрабіць свядомы выбар на карысць сваёй будучыні, выбар, аб якім яны не пашкадуюць, ужо стаўшы прафесіяналамі ў выбраным напрамку, — працягвае суразмоўніца.
Правядзенне заняткаў факультатыву і шчыльнае профільнае ўзаемадзеянне з дзесяцікласнікамі інжынернага класа ажыццяўляе настаўніца матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ала Мішкарудная. Для педагога з вялікім стажам у прафесіі гэта новы, цікавы вопыт. Як і для намесніка дырэктара Святланы Салей, якая курыруе работу гэтага профілю.
— Жаданні чалавека могуць спраўджвацца самым незвычайным чынам, — робіць цікавае адступленне Святлана Салей. — Матэматыка заўсёды была маім любімым школьным прадметам. Пэўны час я нават разглядала для паступлення тэхнічныя спецыяльнасці, дзе трэба было здаваць менавіта фізіку і матэматыку. Аднак перамагла педагогіка — і я стала студэнткай гістарычнага факультэта. Аднак любоў да дакладных навук сёння, можна сказаць, мяне даганяе.
У свой час выбар на карысць інжынернай прафесіі зрабіў і сын Святланы Салей. Яго прыклад рэалізацыі сябе намеснік дырэктара прыводзіць вучням профільнага класа.
— Гэтая прафесія вельмі шматгранная і прадстаўлена амаль ва ўсіх сферах жыцця. Імкнёмся зацікавіць дзяцей гэтым мноствам шляхоў самарэалізацыі. I наша Ала Францаўна робіць гэта вельмі прафесійна і неабыякава. Яна заўсёды ў пошуку цікавых форм і метадаў работы з дзецьмі. Ад яе вучні даведваюцца аб магчымасцях заявіць пра сябе ў розных конкурсах і фестывалях. Зусім хутка, напрыклад, яны стануць удзельнікамі абласнога інжынернага квеста, дзе будуць спраўляцца з заданнямі па матэматыцы, хiмii і чарчэнні, распрацуюць свой этычны кодэкс інжынера, — дадае Святлана Віктараўна.
Важна адзначыць, што фарміраванне ў бягучым навучальным годзе ва ўстанове адукацыі першага інжынернага класа прадыктавана часам. А калі канкрэтызаваць, гэта абумоўлена лічбамі, якія гавораць самі за сябе. У мінулым годзе з 74 выпускнікоў гімназіі выбралі прафесіі інжынернай накіраванасці амаль 20 чалавек. І для сённяшніх старшакласнікаў профільны клас інжынернай накіраванасці — выдатная магчымасць мэтанакіраванай падрыхтоўкі да паступлення ва ўніверсітэт.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА