Паставіць вілку ці гардэ, зрабіць стаўку на армагедон ці фіянкета? Такі выбар робяць па суботах навучэнцы сярэдняй школы № 34 Гродна. У шахматнай школе “Ферзь” займаюцца вучні 1—11-х класаў. Падрабязна пра гэта высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Больш за 10 гадоў у шосты дзень ва ўстанове адукацыі звычайныя ўрокі змяняюцца заняткамі ў шахматнай школе “Ферзь”. Яе нязменны кіраўнік — Марына Александровіч. Яна не проста педагог — на яе рахунку шмат спартыўных узнагарод, таму Марына Анатольеўна — прыклад для ўсіх яе навучэнцаў.
— Шахматы вучаць гульцоў прымаць самастойныя рашэнні і адказваць за іх. Яны развіваюць логіку, матэматычныя здольнасці. Нездарма бацькі маіх навучэнцаў адзначаюць, што заняткі шахматамі дапамагаюць іх дзецям падцягнуць матэматыку. Ды і ў дарослым жыцці шахматыстам куды прасцей адаптавацца да новых умоў, розных жыццёвых сітуацый, — гаворыць Марына Александровіч.
Заняткі для школьнікаў праходзяць на працягу ўсяго тыдня, але якраз субота — галоўны гульнявы дзень. У спецыяльна абсталяваным кабінеце юныя шахматысты спаборнічаюць паміж сабой, атрымліваюць прафесійныя парады ад моцных гульцоў, павышаюць свае спартыўныя разрады. Тут рэгулярна праводзяцца турніры, удзел у якіх прымаюць наймацнейшыя шахматысты горада, праходзяць адборы ў каманды для прадстаўлення школы на спаборніцтвах. Часта па суботах на трэніроўках бывае і муж трэнера Андрэй Малюш — чэмпіён краіны па шахматах сярод дарослых, прадстаўнік праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Беларуская федэрацыя шахмат”. Паслухаць яго прафеcійныя парады, пераняць стыль гульні таксама карысна юным паслядоўнікам.
Дарэчы, самыя актыўныя шахматысты — навучэнцы малодшых класаў, а спартыўных амбіцый больш у дзяўчынак — менавіта яны часцей за хлопчыкаў дабіваюцца поспехаў на турнірах. Напрыклад, дачка трэнера Аліса Малюш у свой час, калі ёй было ўсяго 6 гадоў, стала чэмпіёнкай вобласці сярод дзяцей да 8 гадоў. У пачатку бягучага месяца 11-гадовая Аліса заваявала “серабро” ў першынстве Рэспублікі Беларусь па шахматах (рапід) сярод дзяўчынак да 12 гадоў. Такую ж узнагароду з гэтага турніру, але ва ўзроставай катэгорыі да 14 гадоў, прывезла і яшчэ адна навучэнка М.А.Александровіч — Арына Карпінская.
У гэтым годзе Арына Карпінская стала і чэмпіёнкай Гродзенскай вобласці сярод дзяўчат да 14 гадоў. У Надзеі Шмароўскай была “бронза” на сёлетнім чэмпіянаце Гродна. У цэлым жа камандзе Марыны Александровіч у горадзе цяжка скласці канкурэнцыю, хаця сур’ёзных сапернікаў шмат. У канцы кастрычніка каманда сярэдняй школы № 34 заваявала 1-е месца на першынстве Гродна па шахматах у праграме гарадской круглагадовай спартакіяды 2024/2025 навучальнага года сярод навучэнцаў мнагакамплектных школ.
Шмат узнагарод было ў юных шахматыстаў у мінулыя гады. У тым ліку ў хлопчыкаў. Так, Іван Кірко гучна заявіў пра сваю школу і трэнера, стаўшы 5 гадоў назад чэмпіёнам Беларусі па шахматах ва ўзросце да 8 гадоў.
Не менш каштоўна для педагога і тое, што многія дзеці становяцца шахматыстамі на ўсё жыццё. А некаторыя нават і прафесійнымі. Так, Анжаліка Бейма, шматразовая чэмпіёнка Гродзенскай вобласці, цяпер вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа па шахматах)”, ужо даўно працуе трэнерам па шахматах для школьнікаў, выступае трэнерам на спаборніцтвах у Мінску. Больш за тое, Анжаліка піша навуковыя работы па любімым відзе спорту. Напрыклад, методыка ацэнкі паказчыкаў фізічнай і псіхалагічнай падрыхтаванасці шахматыстаў, распрацаваная ёй у суаўтарстве з Ксеніяй Красоўскай і пад кіраўніцтвам Я.А.Ільючык, сёлета прынесла дзяўчыне перамогу ў конкурсе на лепшую студэнцкую навуковую работу ў галіне фізічнай культуры, спорту і турызму.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Ігара КЛЯЎКО