У гродзенскай сярэдняй школе № 22 імя І.П.Бохана ў дзень святкавання 895-годдзя горада адкрылі варкаўтпляцоўку ў рамках маштабнага праекта “Спорт для ўсіх”, ініцыіраванага Прэзідэнцкім спартыўным клубам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Нашай установе адукацыі больш за 40 гадоў, і сучасная спартыўная пляцоўка стала своечасовым падарункам. Канечне, самымі актыўнымі яе карыстальнікамі будуць нашы вучні. Але могуць і ўжо актыўна займаюцца на ёй спортам усе жыхары мікрараёна. Ёсць звычка прыходзіць у школу крыху раней, і кожную раніцу ўжо з паловы 7-й назіраю, як тут збіраюцца пажылыя жыхары найбліжэйшых дамоў. Па вечарах прыходзяць цэлымі сем’ямі, і гэта галоўнае пацвярджэнне актуальнасці і папулярнасці варкаўт-пляцоўкі, — расказала дырэктар школы Жанна Шумская.
Разам з нашай суразмоўніцай перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку ў дзень адкрыцця месца спартыўнага прыцягнення начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аксана Тарасевіч і майстар спорту міжнароднага класа па хакеі на траве былы капітан каманды “Рытм” Наталля Русіновіч. Госці пажадалі вучням не баяцца ставіць перад сабой амбіцыйныя спартыўныя мэты.
На сучаснай пляцоўцы можна праводзіць сілавыя трэніроўкі, гуляць у баскетбол. Спаўна скарыстацца ёй падчас навучальнага года паспеюць усе вучні школы, а такіх тут больш за 490.
Больш за тое, трэці год тут адкрываюцца класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Новая пляцоўка стане для гэтых вучняў выдатнай трэніровачнай базай у школе з багатай гісторыяй па ваенна-патрыятычным выхаванні. З гэтай установы адукацыі пачало сваю гісторыю абласное кадэцкае вучылішча. Сёння яно размешчана ў Гродзенскім раёне, але ў 2011 годзе першых навучэнцаў прымала менавіта сярэдняя школа № 22 Гродна.
Акрамя таго, на базе ўстановы адукацыі ўжо некалькі гадоў функцыянуе раённы цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі. Спяшаюцца сюды на заняткі не толькі навучэнцы сярэдняй школы № 22, але і дзесяці- і адзінаццацікласнікі ўсіх школ Ленінскага раёна Гродна. Няма сумнення, што варкаўт-пляцоўка стане сапраўдным цэнтрам спартыўнага прыцягнення ва ўсім Ленінскім раёне абласнога цэнтра.
Варта адзначыць, што гэтая варкаўт-пляцоўка стала трэцяй адкрытай у Гродне ў гэтым навучальным годзе. 1 верасня аналагічныя тэрыторыі спорту пачалі сваю работу ў гродзенскай сярэдняй школе № 5 імя П.З.Калініна і сярэдняй школе № 32 імя Т.Р.Ларыёнавай.
Як адзначыў начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык, устаноўка аб’ектаў менавіта на тэрыторыі школ дасць магчымасць выкарыстоўваць іх максімальна эфектыўна. Варкаўт-пляцоўкі ў дварах больш актыўна выкарыстоўваюцца ў вячэрні час, а днём тут будуць праходзіць урокі фізкультуры, вучні змогуць пагуляць і патрэніравацца пасля заканчэння заняткаў. Увечары пасля працоўнага дня сюды змогуць прыйсці жыхары мікрараёна.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара