У імкненні да адзінства

Выязное пасяджэнне рэспубліканскай студэнцкай калегіі прайшло надоечы ў Магілёве. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі ўсіх вышэйшых навучальных устаноў краіны, лідары маладзёжнага руху, актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, прадстаўнікі рэгіянальных органаў улады, кіраўнікі мясцовых устаноў адукацыі.

На працягу двух дзён маладыя людзі знаёміліся з гісторыяй і культурай горада на Дняпры, наведвалі адукацыйныя пляцоўкі магілёўскіх універсітэтаў, спартыўныя і прамысловыя аб’екты, слухалі тэматычныя майстар-класы і трэнінгі. Яшчэ пасяджэнне калегіі стала для моладзі пляцоўкай для абмену вопытам, для прэзентацыі сваіх ідэй і прапаноў. Дарэчы, мерапрыемства праходзіла ў фармаце канструктыўнага адкрытага дыялогу. 

Як адзначыў другі сакратар ЦК “БРСМ” Аляксандр Прохараў, у падобным  яднанні лепшых прадстаўнікоў студэнцтва з усіх рэгіёнаў рэспубліканская калегія адбылася ўпершыню. Раней у яе склад уваходзілі толькі сакратары пярвічных арганізацый УВА, а цяпер да работы падключыліся і актыўныя студэнты.

— Асноўная мэта рэспубліканскай студэнцкай калегіі — развіццё сацыяльнай актыўнасці, падтрымка значных ініцыятыў студэнцкай моладзі. Сёння рабоце са студэнцтвам удзяляецца вялікая ўвага. Абсалютна для ўсіх маладых людзей дзяржава стварае роўныя ўмовы для ўсебаковага развіцця. Рэалізаваны шэраг важных маладзёжных праектаў. Зараз трэба надаць новы імпульс гэтай дзейнасці. Але ідэі павінны зыходзіць ад моладзі, знаходзіць водгук у маладзёжным асяроддзі, — падкрэсліў Аляксандр Прохараў.

У ходзе адкрытага дыялогу не было закрытых тэм для абмеркавання. Моладзь атрымала магчымасць пачуць адказы на ўсе хвалюючыя пытанні. Адметна, што маладых людзей цікавілі не толькі аспекты, звязаныя з арганізацыяй адукацыйнага працэсу. Падчас размовы ўздымаліся тэмы, якія датычацца эканомікі, аховы здароўя, грамадска-палітычнага развіцця краіны.

На пасяджэнні неаднаразова было заўважана, што сёння моладзь павінна быць лакаматывам ідэй, разам рабіць агульную справу, аб’яднацца адзінымі мэтамі і імкненнем да ­адзінага выніку. Была падкрэслена важнасць падобных сустрэч, арганізацыі платформаў для зносін, бо яны адкрываюць новыя магчымасці для развіцця моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.