Сёлета выпускны экзамен па замежнай мове ўжо не выклікае такога ажыятажу, як у мінулым навучальным годзе. У педагагічным асяроддзі пануе дзелавая сабранасць і настроенасць на вынік. Гэта адчувалася падчас гаворак з настаўнікамі-замежнікамі. Безумоўна, пытанні застаюцца, але гэта ўжо прыватныя моманты. Агульная тэндэнцыя дазваляе зрабіць выснову, што намаганні Міністэрства адукацыі, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абласных інстытутаў развіцця адукацыі не былі марнымі.
Наадварот, усе гэтыя структуры выдатна спрацавалі — перавярнулі настаўніцкую свядомасць, надаўшы замежным мовам асаблівы статус. І многія педагогі нават проста акрыялі, бо новыя патрабаванні да выкладання замежных моў прывялі іх да новых метадычных адкрыццяў. Гэта пацвярджаюць героі гэтага артыкула, якія расказваюць пра свой досвед у падрыхтоўцы да абавязковага выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце “Замежныя мовы”.
Святлана Міхайлаўна Каляда, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна, адна з пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2014”:
— У гэтым годзе ў мяне два выпускныя класы, і я лічу, што пачынаць рыхтаваць да выпускнога экзамену (ды і да ўступнага) трэба на першай ступені навучання. Я выкарыстоўваю электронную нагляднасць. Гэта новы метадычны тэрмін, які, акрамя таго, што ўключае мультымедыйныя прэзентацыі, відэа, анімацыйныя карцінкі, прадугледжвае стварэнне кагнетыўнай камп’ютарнай графікі. Электронная нагляднасць дапамагае вырашаць многія дыдактычныя задачы, якія стаяць на ўроку.
Насамрэч, падрыхтоўка да выпускнога экзамену і да цэнтралізаванага тэсціравання можа сумяшчацца. Прынамсі, у нашай школе гэтаму ўдзяляецца асаблівая ўвага. Выдзелены спецыяльныя гадзіны для стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, ёсць факультатыўныя заняткі, платныя гурткі. І калі дзеці хочуць атрымаць веды на больш высокім узроўні, то мы такую магчымасць прадастаўляем. Нашым выпускнікам рэпетытары не патрэбны, бо ўсе іх запыты можа задаволіць школа.
Вяртаючыся да электроннай нагляднасці, трэба адзначыць, што яна падзелена на некалькі тыпаў у адпаведнасці з метадычнымі мэтамі. Гэта можа быць камунікатыўная прэзентацыя, якая дапамагае вывесці дзяцей да вырашэння камунікатыўнай задачы ўрока. Напрыклад, на малюнку чалавек абдымае камп’ютар і напісана: “Я люблю камп’ютар, бо там знаходзяцца ўсе мае сябры”. Гэтая карцінка дапамагае нам увайсці ў камунікатыўную сітуацыю, і далей мы будзем гаварыць пра тое, што такое сяброўства, як уздзейнічае на нас камп’ютар, калі мы ім карыстаемся, і г.д. Такія практыкаванні вельмі спрыяюць развіццю маўлення і дапамагаюць зняць страх перад маўленнем і дасягнуць камунікатыўнай свабоды.
Электронная нагляднасць дапамагае ўцягнуць у працэс, чамусьці навучыць і выйсці на вырашэнне камунікатыўнай задачы.
Яшчэ ў мяне ёсць трэнажоры. Цяперашнія дзеці вельмі актыўна карыстаюцца інтэрнэтам, яны ўсе ў Кантакце, Фейсбуку, Твітары. У супрацоўніцтве са сваімі калегамі я стварыла такія прэзентацыі-трэнажоры, якія дзіця можа загружаць, напрыклад, у мабільны сэнсарны тэлефон. Такія трэнажоры могуць быць самымі рознымі, у прыватнасці, па адпрацоўцы фразавых дзеясловаў ці прыназоўнікаў, тых пытанняў, якія выклікаюць найбольшыя праблемы. Трэнажоры я апрабавала яшчэ ў мінулым годзе. З імі працавалі дзесяцікласнікі.
У гэтым годзе падключыліся і васьмікласнікі. Ды так, што гэтыя трэнажоры сталі аб’ектам даследчай дзейнасці. У выніку на абласным этапе конкурсу даследчых работ мы атрымалі дыплом ІІ ступені, а на рэспубліцы гэтая работа была адзначана пахвальным водзывам. Але для вучня 8 класа гэта было вялікім дасягненнем, тым больш, што выступаў ён на англійскай мове.
Акрамя таго, звяртаюся і да адукацыйнай прэзентацыі. Калі коратка, то гэта план-канспект урока, які дазваляе вучням спакойна і свабодна на працягу 45 хвілін гаварыць на англійскай мове. Калі, напрыклад, разглядаецца граматычны матэрыял, то ўводзіцца ён у гульнявой форме. У выніку такія прэзентацыі дазваляюць вырашаць задачы аўдзіравання, успрымання маўлення на слых. Увогуле, падрыхтоўка да выпускнога экзамену — комплексная і пачынацца павінна з самага пачатку вывучэння замежнай мовы. Нават калі дзіця нечага не ведае і спрабуе гэта патлумачыць на англійскай мове, то ўжо адбываецца вырашэнне камунікатыўнай задачы.
Ірына Эдуардаўна Прызба, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Віцебска:
— Псіхафізічныя асаблівасці сучасных дзяцей іншыя, чым у тых, якія вучыліся ў школе 10—15 гадоў назад. У цяперашніх дзяцей больш высокія патрэбы і здольнасць да ўспрымання інфармацыі. Калі інфармацыя не матываваная жыццёвым сэнсам і асабістай значнасцю, то яна выкрэсліваецца свядомасцю. У навакольным асяроддзі, калі дзіця спасцігае родную мову, працэс навучання не абмежаваны часам, няма неабходнасці ў планаванні, бо яно рана ці позна засвоіць увесь моўны матэрыял па жыццёвай неабходнасці. У працэсе адукацыйнага курса мы залежым ад часу, ды і матывацыя нашых навучэнцаў ніжэй. Гэта значыць, што навучанне павінна быць арганізавана з улікам найбольшай эфектыўнасці, і матэрыял павінен падавацца для вырашэння моўных задач сістэмна, парцыённа і з пастаянным нарошчваннем уменняў.
Камунікатыўны метад неабходна выкарыстоўваць як найбольш эфектыўны, але мы сутыкаемся з праблемай: падручнікі прапануюць мала ідэй для цікавай, значнай і кантэкстуальнай вучэбнай дзейнасці пры навучанні граматыцы. Прапанаваныя практыкаванні звычайна разлічаны або на камунікатыўную дзейнасць, якая развівае хуткасць маўлення, ці гэта проста “граматычныя” практыкаванні па адпрацоўцы структур. У сваёй дзейнасці пры вывучэнні граматыкі я выкарыстоўваю практыкаванні, якія аб’ядноўваюць абедзве мэты. У гэтых практыкаваннях акцэнт робіцца на прайграванне сэнсавага значэння з нелінгвістычнай мэтай, але не прапускацца і тое, як структура кіруецца ў працэсе, а гэта азначае, што моўная і камунікатыўная задача выконваюцца адначасова.
Жаданне гаварыць на замежнай мове ў вучняў з’яўляецца толькі тады, калі ў іх ёсць упэўненасць, што хаця б нескладаныя сказы яны могуць сказаць правільна. Пры стымуляванні вусных выказванняў лексічны матэрыял і граматычныя канструкцыі павінны быць добра знаёмы навучэнцам, і гэты бок не павінен выклікаць у іх цяжкасцей. Імкненне навучэнца выказацца на замежнай мове тым мацней, чым глыбей закрануты яго асабістыя эмоцыі, думкі, інтарэсы. Такім чынам, для развіцця ўмення гаварыць, удзельнічаць у маўленчай дзейнасці мэтазгодна не навучэнца падцягваць да сітуацыі маўлення, а сітуацыю маўлення наблізіць да вучня.
Сваім вучням заўсёды раю: паспрабуйце спалучаць завучванне слоў з прыемным. Можна выкарыстоўваць асацыяцыі з цікавымі кнігамі, фільмамі, прыемнымі людзьмі. Любыя станоўчыя эмоцыі актывізуюць нашу здольнасць вучыцца. Лепшая імправізацыя — падрыхтаваная імправізацыя, таму трэба прадумаць як мага больш лексічных сітуацый, магчымыя пытанні і адказы на іх, вывучыць спіс маўленчых формул, якія паслужаць звязкамі паміж фразамі (in fact, to my mind, for example, at the same time і г.д.).
Сярод мноства розных прыёмаў па стымуляванні вусных выказванняў вучняў на ўроку перавагу варта аддаць практыкаванням тыпу: скажы некалькі (удакладніць, колькі менавіта) сказаў аб убачаным, пачутым, пра апошнія падзеі, па тэме, сітуацыі і г.д.; складзі сказ па аналогіі з узорам; адкажы на пытанні настаўніка (сяброў), якія пачынаюцца словамі: чаму, калі, для чаго, з чаго зроблена, чаму нельга і г.д.; складзі дыялог-мініяцюру (апавяданне-мініяцюру) па зададзенай маўленчай сітуацыі і інш.
Аўдзіраванне таксама не з’яўляецца лёгкім відам маўленчай дзейнасці. Для таго каб не выклікаць інфармацыйнай перагрузкі, аб’ём тэксту павінен адпавядаць псіхалагічным магчымасцям навучэнцаў. У пачатку навучання ён не павінен перавышаць 1,5-2 хвіліны гучання, затым паступова павялічваць да 3—5 хвілін. У выпадку, калі неабходна праслухаць больш доўгі тэкст, добра драбіць яго на часткі і чытаць з перапынкамі. Працэс успрымання мовы на слых адрозніваецца актыўным мэтанакіраваным характарам, звязаным з выкананнем складанай разумова-мнеманічнай дзейнасці, паспяховасці праходжання якой садзейнічае высокая ступень канцэнтрацыі ўвагі. Увага ўзнікае з дапамогай эмоцый і развіваецца за іх кошт, аднак у чалавека эмоцыі заўсёды выяўляюцца ў адзінстве з валявым працэсам.
Паспяховасць аўдзіравання, у прыватнасці, залежыць ад патрэбы школьнікаў пазнаваць штосьці новае, ад наяўнасці цікавасці да тэмы, ад стварэння аб’ектыўнай патрэбы вучыцца.
Безумоўна, сам факт выкарыстання разнастайных прыёмаў і заданняў ні пра што не гаворыць. Механічнае павелічэнне колькасці — яшчэ не азначае добрай якасці. Аднак калі настаўнік не ведае і не выкарыстоўвае на ўроку нічога, акрамя пытальна-адказных практыкаванняў, чытання ўголас, перакладу і механічнага пераказвання прачытанага, то наўрад ці такі стыль будзе спрыяць павышэнню матывацыі да навучання і рэальнаму фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі. Самае галоўнае — памятаць, што вывучэнне мовы павінна быць задавальненнем. Гумар спрыяе стварэнню атмасферы натуральнасці, рэлаксацыі.
Наталля Мікалаеўна Грыгор’ева, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Рэчыцы, пры падрыхтоўцы сваіх вучняў да выпускнога экзамену карыстаецца інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі:
— Пры падрыхтоўцы да вуснага адказу па гутарковых тэмах слабым вучням вельмі дапамагаюць агучаныя тэксты з парадковым перакладам (прайгравальнік можна паставіць на паўзу і паўтарыць прачытанае, праслухаць сказ некалькі разоў уголас). Да тэксту прымацоўваецца гукавы файл, які можна спампаваць, скажам, на сотавы тэлефон, а затым праслухоўваць у зручны для вучня час. Паглядзець трэнажоры ў дзеянні можна на сайце нашай школы (7school-rechitsa.by).
Для больш падрыхтаванага вучня, а таксама на этапе трэніроўкі і замацавання навыкаў вуснага маўлення зручнымі з’яўляюцца апорныя канспекты, або так званыя ментальныя карты. Для трэніроўкі граматычных навыкаў мы паспяхова выкарыстоўваем сістэму дыстанцыйнага навучання, даступную без рэгістрацыі для любога вучня (forpupils.by).
Граматычныя трэнажоры-тэсты ўключаюць выбар адзінкавага адказу, множны выбар з некалькіх адказаў, самастойнае запаўненне прапушчанага слова, эсэ-сачыненне з адпраўкай настаўніку на праверку. Яны і правераць веды, і пакажуць правільны адказ з каментарыямі. Вынікі тэсціравання аўтаматычна адлюстроўваюцца на галоўнай старонцы курса ў выглядзе рэйтынгавай табліцы, што вельмі стымулюе вучняў, паколькі яны любяць спаборнічаць і адсочваць свой прагрэс.
Але любімай формай работы для добра і сярэдне падрыхтаванага вучня з’яўляецца форум, дзе жывая пісьмовая мова карэкціруецца настаўнікам. Вучні вучацца на сваіх і чужых памылках, паколькі памылкі тут выпраўляе настаўнік: закрэслівае, а побач піша правільны варыянт, які адзначаны іншым колерам.
Аднак самы аптымальны для нас варыянт (паколькі цяпер сучасныя вучні аснашчаны не толькі планшэтамі, якія, дарэчы, паспяхова выкарыстоўваюцца ў мяне на ўроку, але ўжо не ўяўляюць свайго існавання без сацыяльных сетак) — гэта зносіны на англійскай мове падчас падрыхтоўкі да ўрока праз вэб-камеру (ці, у крайнім выпадку, проста праз мікрафон). Мы для гэтага выкарыстоўваем адпаведныя вэб-сэрвісы. І дзецям падабаецца! Яны з ахвотай дапазна заседжваюцца ў нас на школьным сайце, рыхтуючыся да ўрокаў анлайн. Паспяховасць па прадмеце значна вырасла. Нам падабаецца свабодна гаварыць на англійскай! Гэтага лёгка дасягнуць, ідучы ў нагу з часам і падключаючы да працэсу падрыхтоўкі да выпускнога экзамену па англійскай мове, акрамя традыцыйных метадаў навучання, сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.