У імкненні да новых п’едэсталаў

У апошні час пытанням развіцця фізічнай культуры і спорту ў сельскіх рэгіёнах удзяляецца максімум увагі. Краіна зацікаўлена ў фарміраванні каманды моцных духам і целам падлеткаў, якія з цягам часу павінны падняцца на п’едэсталы па выніках удзелу ў спаборніцтвах сусветнага маштабу.

Валянціна Люленка (злева) і Алена Ганевіч віншуюць удзельнікаў свята.

Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі Міністэрства адукацыі праводзіць акцыю па забеспячэнні школ спартыўным інвентаром.

Доцішская сярэдняя школа Воранаўскага раёна далучылася да гэтай акцыі як адна з ініцыятыўных і актыўных удзельніц розных спаборніцтваў і акцый па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Штогод выпускнікі школы працягваюць спартыўную кар’еру ў Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Вучні Дарый Дуда і Надзея Гірдзіеўская ўключаны ў зборную вобласці і рэспублікі па лёгкай атлетыцы.

Масавае спартыўнае свята “Вясновыя старты” сабрала вучняў, настаўнікаў і бацькоў 7 сакавіка 2019 года ў спартыўнай зале доцішскай школы. Удзельнікаў аб’яднаў святочны бадзёры настрой і спартыўны азарт.

У час адкрыцця свята прадстаўнікі Воранаўскага райвыканкама перадалі  ўстанове адукацыі спартыўны інвентар: лыжы, мячы, тэнісны стол. Віншаванні прагучалі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Янаўны Ганевіч, начальніка аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянціны Вінцэнтаўны Люленка.

Падарункі стануць добрым  стымулам для актыўных заняткаў фізкультурай і паклічуць на лыжныя старты і за тэнісны стол не толькі вучняў, але і іх бацькоў, працаўнікоў аграгарадка Доцішкі. Гэта будзе са­дзейнічаць умацаванню спартыўных традыцый, папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў сельскай мясцовасці.

Спартыўны марш запрасіў каманды  на старт. Эстафеты, конкурсы прайшлі на адным дыханні. З пераменным поспехам фінішавалі каманды ў конкурсах “Іголкавае вушка”, “Піраміда”, “Хакей”, “Пераадолей пера­шкоду”. Не засталіся  па-за ўвагай і балельшчыкі, якія годна прадставілі свае каманды і павялічылі колькасць агульных балаў, чым наблізілі каманды да перамогі.

Адгучалі апошнія старты. Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі. А заўтра ўсіх чакаюць новыя старты і новыя перамогі. Значыць, да новых сустрэч і ўжо на іншых п’едэсталах!

Ганна ПТАШЫНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.