У імя нашчадкаў

- 12:08Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

У сераду на факультэце беларускай і рускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка была ўрачыста адкрыта выстава, прысвечаная выкладчыкам і студэнтам факультэта — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

Па словах дэкана факультэта доктара філалагічных навук Васіля Дзянісавіча Старычонка, арганізацыя падобнай выставы — важная справа ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні студэнтаў у гадавіну Вялікай Перамогі. На спецыяльных арыгінальна аформленых стэндах змешчаны фотаздымкі і кароткія звесткі пра 17 выкладчыкаў-філолагаў і каля 20 студэнтаў. Са стэндаў на нас глядзяць ужо дарослыя, заслужаныя людзі. Вядомыя акадэмікі, члены-карэспандэнты, прафесары, загадчыкі кафедраў — такімі іх памятаюць многія пакаленні студэнтаў і калег. А вось у 40-я гады яны былі юнакамі і дзяўчатамі з неабыякавымі сэрцамі, палымянай душой, былі сапраўднымі героямі. Не менш гераічнай з’яўляецца і іх далейшая пасляваенная навуковая дзейнасць. Дарэчы, тэма гераізму народа, а таксама пытанні вайны і міру, актуальныя для сучаснага грамадства, узнімаліся падчас сустрэчы, арганізаванай у рамках адкрыцця выставы, з генерал-маёрам авіяцыі, пісьменнікам, заслужаным работнікам культуры Беларусі Анатолем Канстанцінавічам Сульянавым.
Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, а ў гады вайны разведчыца першага атрада партызанскай брыгады “Жалязняк” Марыя Цімафееўна Кавалёва; разведчык-партызан, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі; старшы лейтэнант мінамётнага палка прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мовы Міхаіл Гапеевіч Булахаў; загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, які ў гады вайны змагаўся ў партызанскім атрадзе на Магілёўшчыне, доктар філалагічных навук, прафесар Міхась Станіслававіч Яўневіч; Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў, Пімен Емяльянавіч Панчанка — гэта не проста знакавыя імёны ў айчыннай філалогіі і літаратуры, гэта не проста студэнты і выкладчыкі галоўнай педагагічнай альма-матар краіны. Іх жыццё як узор любові да Радзімы і прафесіі, людзей і жыцця.
Памятаеце, паважаныя выпускнікі-філолагі, з якой павагай мы сустракалі Міхася Станіслававіча Яўневіча, які нават у паважным узросце, нягледзячы на стан здароўя, знаходзіў магчымасць хаця б на некалькі хвілін наведацца ў сцены роднага філфака, як лічылі мы за гонар павітацца з легендай айчыннай філалогіі. Хіба не такія ж самыя словы можна сказаць у адрас Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, Марыі Цімафееўны Кавалёвай? Выстава “У імя нашчадкаў” будзе працаваць да канца верасня. Таму часу, каб азнаёміцца з ёй і яшчэ раз узгадаць пра сваіх выкладчыкаў і калег, дастаткова.

Ігар ГРЭЧКА.