У імя настаўніка

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-гадоваму юбілею Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, прайшлі па ўсёй краіне. 15 чэрвеня прыгожая юбілейная дата сабрала ў сталіцы лепшых прадстаўнікоў педагогікі і навукі, датычных да гісторыі аб’яднання.

Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — гэта адно з найбуйнейшых галіновых аб’яднанняў краіны, якое налічвае 600 тысяч актывістаў. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый — прафесійных саюзаў Азербайджана і Казахстана.

— Я вырас у сям’і настаўніцы і вельмі добра ведаю, якая гэта складаная, але важная праца — педагагічная, — адзначыў Міхаіл Орда. — Хачу падзякаваць актывістам за захаванне традыцый прафсаюзнай работы, за тое, што вы заўсёды падыходзіце прынцыпова, паслядоўна і аб’ектыўна да вырашэння важных для людзей пытанняў.

Старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч звярнулася да ветэранаў і адзначыла, што менавіта яны стварылі той трывалы падмурак, на якім развіваецца сучасны прафсаюзны рух. Сярод іх Тамара Іосіфаўна Чобатава, якая кіравала галіновым прафсаюзам з 1984 па 2005 год, павышала прэстыж і статус педагагічных кадраў.

У 100-ю гадавіну прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі распачаўся рэспубліканскі сацыяльна значны праект “Педагагічныя дынастыі нашай краіны”. Cёння ў Беларусі налічваецца 1099 сямейных дынастый педагогаў: у 213 дынастыях педагагічная прафесія стала роднай для 4 пакаленняў, 886 дынастый складаюцца з 3 пакаленняў настаўнікаў.

Напрыклад, прадстаўляць педагагічны род Кузьміных з Брэсцкай воб-ласці на сцэну падняліся тры яго прадстаўнікі: Людміла Леанідаўна і яе дзеці — Алег Аляксеевіч і Вольга Аляксееўна. Прафесія педагога ў гэтай сям’і перадаецца ў спадчыну ўжо ў трэцім пакаленні. Агульны працоўны стаж педагогаў роду Кузьміных — 127 гадоў. Заснавальнікамі дынастыі з’яўляюцца Аляксей Іванавіч і Людміла Леанідаўна Кузьміны. Іх дзецям не прыйшлося доўга шу-каць сваё прызванне, яны знайшлі яго ў сям’і. Алег Кузьмін прайшоў педагагічны шлях ад настаўніка пачатковых класаў, пас-ля настаўніка беларускай мовы і літаратуры да дырэктара сярэдняй школы № 3 Івацэвіч. Яго сястра Вольга працуе настаўніцай англійскай мовы ў сярэдняй школе № 4 Івацэвіч. Унучка Аляксея Іванавіча і Людмілы Леанідаўны таксама выбрала сумежную спецыяльнасць і скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. А калі ўлічваць блізкіх сваякоў сям’і, то агульны стаж тых, хто прысвяціў сябе педагогіцы, складае каля 800 гадоў. Сярод іх і настаўнік-метадыст, і кандыдат біялагічных навук, і заслужаны настаўнік БССР, і выдатнік адукацыі, і выхавальнікі дашкольнай адукацыі, і звычайныя настаўнікі-прадметнікі.

На сцэну для ўзнагароджвання нагрудным знакам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі падымаліся 4 мнагадзетныя маці, уладальніцы ордэна Маці. Дарэчы, Надзея Быба, маці 6 дзяцей, з малых гадоў марыла пра прафесію выхавальніка і стала загадчыцай Альшанскага ясляў-сада № 3 Столінскага раёна.

Усяго падчас урачыстага мерапрыемства ўзнагароды атрымалі каля 60 работнікаў прафсаюзнага аб’яднання.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.