9 верасня на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада “Сучасныя падыходы да кіравання інавацыйнай дзейнасцю ва ўстановах адукацыі”.
Мерапрыемства было праведзена ў адпаведнасці з Рэспубліканскім каардынацыйным планам мерапрыемстваў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў на 2014 год і адрасавана кіраўнікам інавацыйных праектаў, якія прыступілі да ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці ў 2014/2015 навучальным годзе, кансультантам, метадыстам абласных (Мінскага гарадскога) ІРА, спецыялістам упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў (камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама).
Інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць у гэтым навучальным годзе (зрэшты, як і ў мінулых) ахоплівае ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы адукацыі, сацыяльна-педагагічныя ўстановы, спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы, спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ўстановы, установы дадатковай адукацыі дарослых.
Напрыклад, у сістэме дашкольнай адукацыі будуць праходзіць апрабацыі мадэлей фарміравання даверлівых адносін з бацькамі дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, арганізацыі адукацыйнага працэсу на платнай аснове ва ўмовах устаноў дашкольнай адукацыі, педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту. Апрабацыя гэтых інавацый разлічана на 2 гады.
У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі таксама будуць праводзіцца апрабацыі мадэлей адукацыйнага працэсу, тэхналогій, методык. Многія эскперыменты і інавацыі пачаліся ў 2012, 2013 гадах, таму ў гэтым годзе яны будуць працягвацца. У прыватнасці, далей будзе весціся работа па апрабацыі мадэлі адукацыйнага працэсу ў 10—11 класах Ліцэя БДУ з вывучэннем хіміі і матэматыкі на павышаным узроўні, па апрабацыі тэхналогіі фарміравання праектных уменняў у вучняў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набору “Лега”, па апрабацыі сістэмы інфармацыйна-педагагічнай падтрымкі фарміравання прафесійных намераў навучэнцаў, якія асвойваюць адукацыйную праграму сярэдняй школы, ва ўзаемадзеянні з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
У гэтым навучальным годзе пачынаецца апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання. Эксперыментальнай дзейнасцю ў гэтым кірунку будуць ахоплены гімназіі і школы ва ўсіх рэгіёнах краіны. Усяго 18 устаноў адукацыі.
Акрамя таго, у некаторых навучальных установах будзе весціся работа па апрабацыі мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў пасля завяршэння навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
У сістэме спецыяльнай адукацыі будзе апрабавана мадэль інклюзіўнай адукацыі, а таксама будзе працягвацца апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння вучэбнага прадмета “Англійская мова” для навучэнцаў з парушэннем слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення.
Акрамя таго, у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ўдзельнічаюць і ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тут, напрыклад, будзе праходзіць апрабацыя мадэлі інфармацыйнага забеспячэння прафесійнай арыентацыі моладзі на рабочыя прафесіі.
Вольга БАРЫСЕВІЧ.