У інавацыйным полі

“Інавацыйная дзейнасць з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў у сістэме развіцця адукацыі нашага горада, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама Сяргей Валер’евіч Пузікаў. — Інавацыі адпавядаюць сучасным рэаліям жыцця: канкурэнцыі паміж установамі адукацыі, канкурэнтаздольнасці на рынку адукацыйных паслуг, выкананню дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў галіне адукацыі”.

— Уключэнне ўстаноў адукацыі ў інавацыйныя працэсы, пастаяннае знаходжанне іх у інавацыйным полі — вельмі актуальная тэма для нашага горада. З верасня 2017 года 16 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Баранавіч (76%) і 2 установы дашкольнай адукацыі па загадзе Міністэрства адукацыі ўключаны ў рэалізацыю эксперыментальных і інавацыйных праектаў.

Асноўнымі кірункамі інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі горада з’яўляюцца: новыя метады, формы і змест арганізацыі адукацыйнага працэсу; новыя камунікатыўныя структуры ў сістэме адукацыі, сеткавае ўзаемадзеянне паміж адукацыйнымі ўстановамі; удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў; развіццё сацыяльнага партнёрства і эфектыўнага супрацоўніцтва з бацькамі. Мы можам гаварыць аб тым, што ў горадзе склалася дасканалая сістэма ўключэння ўстаноў адукацыі ў інавацыйную дзейнасць. Гэта дае магчымасць павысіць эфектыўнасць работы тых, хто вучыць, і тых, хто вучыцца.

— Што садзейнічае павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў Баранавіч?

— Кампетэнтнасць і прафесіяналізм настаўніка з’яўляецца галоўнай умовай развіцця адукацыі. У 2016/2017 навучальным годзе гарадскі вучэбна-метадычны кабінет разам з установамі адукацыі рэалізоўваў праект па метадычным суправаджэнні атэстацыі педагогаў на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. З дапамогай адукацыйнага кансалтынгу, які ўключаў кансультацыі, трэнінгі, семінары-практыкумы, майстар-класы, педагогам горада аказвалася дапамога ў пераадоленні прафесійных і асобасных праблем, выпрацоўвалася гатоўнасць да здачы кваліфікацыйнага экзамену. Вынікі сведчаць аб належнай эфектыўнасці праведзенай работы: калі ў 2014/2015 навучальным годзе вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя прысвоена 15 настаўнікам, у 2015/2016 — 20, то ў 2016/2017 навучальным годзе — 69 настаўнікам.

Павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў горада паспрыяе і створаны ў 2017 годзе клуб настаўнікаў-метадыстаў “Прафесіянал”. Мэтай клуба з’яўляецца аб’яднанне намаганняў настаўнікаў-метадыстаў для распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту, развіцця творчай ініцыятывы і павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогаў. Настаўнікі-метадысты клуба актыўна ўдзельнічаюць у павышэнні кваліфікацыі педагогаў горада, выступаюць з лекцыямі, прымаюць удзел у фестывалях, канферэнцыях па пытаннях распаўсюджвання і ўкаранення эфектыўнага педагагічнага вопыту.

Аб высокім прафесіяналізме нашых настаўнікаў сведчаць вынікі іх удзелу ў конкурсах педагагічнага майстэрства. Так, настаўніца англійскай мовы ліцэя № 1 Баранавіч Таццяна Мікалаеўна Шагун стала пераможцай абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”. Калектыў спецыяльнага дзіцячага сада № 51 перамог у Рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

— Як арганізавана профільнае навучанне ў вашым горадзе?

— У 2017/2018 навучальным годзе ў дзесяці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі 1241 старшакласнік (52%) вучыцца ў 54 профільных класах з выкарыстаннем усіх мадэлей арганізацыі профіляў. Адкрыты профільны клас і профільныя групы педагагічнай накіраванасці ў сярэдніх школах № 14, № 21: трое выпускнікоў гэтых школ у 2017 годзе выкарысталі сваё права паступаць без экзаменаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці. Прамежкавыя вынікі (па аналізе якасці навучання, выніках алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання) сведчаць, што прафілізацыя адукацыі спрыяе павышэнню адукацыйнага ўзроўню навучэнцаў, іх мэтанакіраванасці пры выбары будучай спецыяльнасці.

— Раскажыце, калі ласка, аб асноўных кірунках і змесце выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень.

— Адукацыйная прастора Баранавіч дазваляе нам арганізаваць пазаўрочную занятасць не толькі на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, але і ў вучэбна-спартыўных установах, установах культуры. Перавага нашага горада яшчэ і ў тым, што тут у кожнага школьніка ёсць магчымасць выбару заняткаў па інтарэсах і здольнасцях дзякуючы наяўнасці сеткі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Такія ўстановы тры: Палац дзіцячай творчасці, эколага-біялагічны цэнтр, Цэнтр турызму і краязнаўства. Увогуле, у 2016/2017 навучальным годзе 85 працэнтаў навучэнцаў былі ўключаны ў мерапрыемствы шостага школьнага дня. Сярэдняя школа № 19 Баранавіч стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Лепшая творчая ідэя па арганізацыі шостага школьнага дня” (пры рэалізацыі сацыяльна-педагагічнага праекта “Город дорог”).

— Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы ва ўстановах адукацыі горада?

— Школа, якая становіцца на шлях рэалізацыі інклюзіі, перш за ўсё павінна выконваць асноўныя прынцыпы інклюзіўнай адукацыі, якія сфармуляваны ў Саламанкскай дэкларацыі аб прынцыпах, палітыцы і практычнай дзейнасці ў сферы адукацыі асоб з асаблівымі патрэбамі, прынятай на сусветнай канферэнцыі па адукацыі асоб з асаблівымі патрэбамі ў Іспаніі ў 1994 годзе. У бягучым навучальным годзе такіх школ у нас пяць. Гэта сярэднія школы №№ 13, 15, 17, 20, 21. Усе яны рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі трэнінгавай тэхналогіі работы з бацькамі ва ўмовах фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”. Пачыналася ж усё з адной школы — сярэдняй школы № 13. Ідэя інклюзіі прадугледжвае змяненне духоўнай сутнасці грамадства такім чынам, каб яно адэкватна і добразычліва ўспрымала кожнага (чалавека іншай расы, культуры і веравызнання, чалавека з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі). Адзначу, што ў нашым горадзе інклюзіўныя працэсы развіваюцца.

Надзея ЦЕРАХАВА.