У інклюзіўным асяроддзі карэкцыйнага цэнтра

“Круглянскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з’яўляецца адзінай у раёне ўстановай адукацыі, дзе дзеці да трох гадоў атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу.

У бягучым навучальным годзе ўстанову наведваюць 12 такіх малышоў, — адзначыла дырэктар цэнтра Наталля Мікалаеўна Косціна. — Заняткі з імі праходзяць у кабінеце ранняй комплекснай дапамогі, у якім створана развіццёвае адукацыйнае асяроддзе, якое дазваляе дзецям набываць разнастайны сенсорны вопыт, праяўляць рухальную актыўнасць, гуляць”.

У Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці ў банк даных аб дзецях з АПФР уключаны зараз 355 дзяцей (11 з іх — з інваліднасцю), і кожны з іх у залежнасці ад парушэнняў атрымлівае карэкцыйна-педагагічную дапамогу спецыялістаў цэнтра, а таксама настаўнікаў-дэфектолагаў з іншых устаноў адукацыі раёна, якія дзеці наведваюць. Перш чым вызначыцца з адукацыйным маршрутам для кожнага дзіцяці і аб’ёмам неабходнай яму дапамогі, спецыялісты цэнтра абследуюць дзяцей, выкарыстоўваючы адпаведны іх узросту псіхадыягнастычны інструментарый. Для гэтага ствараецца псіхолага-медыка-педагагічная камісія на чале з кіраўніком Круглянскага ЦКРНіР, у якую ўваходзяць настаўнікі-дэфектолагі, алігафрэнапедагогі, сурдапедагог, педагог-псіхолаг. У складзе камісіі ёсць сертыфікаваны спецыяліст у сферы дыягностыкі інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў метадам Векслера Ірына Аляксандраўна Бізунова, а таксама сертыфікаваны спецыяліст па падтрымліваючай і альтэрнатыўнай камунікацыі для дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі парушэннямі псіхафізічнага развіцця Марына Рыгораўна Ангерман (у 2018 годзе яна атрымала дыплом ІІ ступені на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР”).

“Дзякуючы ранняму выяўленню ў дзяцей парушэнняў развіцця і ўключэнню іх у адукацыйны працэс, больш эфектыўна рэалізуюцца рэабілітацыйныя магчымасці кожнага з іх, і, што вельмі важна, да гэтага працэсу далучаюцца сем’і, якія атрымліваюць рознабаковую падтрымку спецыялістаў, — падкрэсліла Наталля Мікалаеўна. — Гэта перш за ўсё кансультацыі па пытаннях, звязаных з выхаваннем дзяцей, а таксама магчымасць знайсці адказы на свае пытанні падчас індывідуальных і групавых заняткаў, пасяджэнняў бацькоўскага клуба “Давер”, якія праводзяцца ў цэнтры. Штомесяц педагогі ўстановы выдаюць газету для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаваннямі.

У Круглянскім ЦКРНіР зараз вучацца 13 выхаванцаў. Для дзяцей, якія жывуць далёка ад установы, а таксама для тых, хто цяжка пераносіць дарогу, прапаноўваецца кругласутачнае знаходжанне ў цэнтры. Пазітыўная сацыялізацыя выхаванцаў і стварэнне ва ўстанове інклюзіўнага асяроддзя — прыярытэтныя кірункі ў рабоце нашых педагогаў. Гэтаму спрыяюць самыя розныя сітуацыі і падзеі. Напрыклад, зараз мясцовы дзіцячы сад арандуе на базе цэнтра памяшканне для адной з груп, значыць, непасрэднае ўзаемадзеянне нашых выхаванцаў з абмежаваннямі са звычайнымі дзецьмі адбываецца і падчас сумесных прагулак на вуліцы, і пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў. Нароўні са звычайнымі аднагодкамі выхаванцы нашага ЦКРНіР спрабуюць свае сілы ў раённых конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у рэспубліканскіх конкурсах малюнка, напрыклад, “Алімпійскі агонь запальвае сэрцы”. У маі гэтага года навучэнцы цэнтра ў рамках раённага фестывалю народнай творчасці “Мая Кругляншчына” ўзялі ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Вясёлка дзяцінства” ў намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва” і былі ўзнагароджаны дыпломам I ступені. У 2015 годзе на абласным фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” таленавітыя выступленні нашых дзяцей адзначаны дыпломамі ІІІ ступені ў намінацыях “Лепшы танцавальны калектыў” і “Лепшы музычны калектыў”, а таксама дыпломам ІІ ступені на адборачным туры фестывалю. Традыцыйна выхаванцы цэнтра з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі Рэспубліканскага конкурсу па развіцці рухальнай актыўнасці для дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі “Усе разам”.

З 2007 года ў Круглянскім ЦКРНіР арганізоўваецца работа кругласутачнага аздараўленчага летніка “Надзея”, дзе штогод адпачываюць 26 дзяцей (выхаванцы цэнтра, у тым ліку дзеці з інваліднасцю, разам са звычайнымі дзецьмі, якія нармальна развіваюцца, сярод іх ёсць дзеці з мнагадзетных і апякунскіх сем’яў). Аздараўленне праходзіць у адну змену. Наш летнік за шмат гадоў атрымаў вельмі добрую рэпутацыю сярод жыхароў раёна. Каб трапіць да нас на адпачынак, многія пачынаюць запісвацца аж у снежні. Вопыт работы летніка “Надзея” быў прэзентаваны і атрымаў высокую ацэнку на рэспубліканскім семінары-нарадзе па падвядзенні вынікаў летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей у 2017 годзе ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Адкрыццю змены з году ў год папярэднічае каласальная падрыхтоўчая работа. Тэрыторыя карэкцыйнага цэнтра падзяляецца на некалькі функцыянальных зон: спальную, псіхалагічнай разгрузкі, кухню і сталовую, спартыўную і гульнявыя пляцоўкі.Навакольнае асяроддзе прыстасоўваецца да патрэб кожнага дзіцяці. Правядзенне масавых мерапрыемстваў прадугледжваецца на першым паверсе цэнтра. Педагог-арганізатар загадзя рыхтуе разнастайную праграму на кожны дзень змены. У першыя дні, як правіла, дзеці знаёмяцца з прыгожай легендай, якая падахвочвае іх да сяброўства і згуртаванасці. Запланаваныя конкурсы і заданні накіроўваюць на сумесную дзейнасць і разуменне.

Падчас адпачынку дзеці атрымліваюць збалансаванае пяціразовае харчаванне, комплекс вітамінаў, рэгулярна наведваюць басейн, гуляюць у рухавыя гульні на свежым паветры, удзельнічаюць у вясёлых конкурсах, забавах, спартландыях, фестывалях. Галоўны дэвіз змены — “Мы — разам!”. Акрамя таго, арганізоўваюцца экскурсіі (экатурыстычны комплекс “Мікалаеўскія сажалкі”), наведванне выстаў, музеяў, прагляды кінафільмаў, мультфільмаў. Шмат станоўчых эмоцый пакідаюць у дзяцей спектаклі Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Запамінаюцца і сустрэчы з работнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, работнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія не толькі размаўля-юць з дзецьмі аб правілах дарожнага руху і правілах пажарнай бяспекі, але і паказваюць тэматычныя фільмы, праводзяць забаўляльныя мерапрыемствы. З яркімі тэ-атралізаванымі паказамі прыходзяць да дзяцей і работнікі раённага Дома культуры.

Дзецям, якія трапляюць у летнік, часта неабходна дапамога пры наладжванні кантакту з аднагодкамі і супрацоўнікамі карэкцыйнага цэнтра. Педагогі вучаць дзяцей знаёміцца адно з адным, знаходзіць агульныя тэмы для размовы, ветліва выказваць просьбы і дзякаваць за добрыя справы. На працягу ўсёй змены педагог-псіхолаг разам з выхавальнікамі праводзіць псіхалагічныя трэнінгі для дзяцей, накіраваныя на развіццё маўлення, камунікатыўных навыкаў, на мадэляванне жыццёвых сітуацый.

Вядома, што дзеці з абмежаванымі магчымасцямі адчуваюць цяжкасці бытавога характару. Здаровыя аднагодкі дапамагаюць ім апранацца, завязваць шнуркі, прыбіраць за сабой посуд са стала, запраўляць ложак і г.д. Гэта надае асаблівым дзецям упэўненасці ў сваіх сілах. А ў здаровых дзяцей у сваю чаргу развіваецца пачуццё адказнасці, яны лепш усведамляюць цяжкасці, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю, і пачынаюць разумець сваю значнасць у іх жыцці. Змены да лепшага заўважаюць і бацькі звычайных дзяцей.

“Унікальная інклюзіўная атмасфера, якая пануе ў летніку, аказвае рознабаковае станоўчае ўздзеянне на ўсіх без выключэння дзяцей, — адзначыла Наталля Мікалаеўна. — Пакідаючы “Надзею”, яны маюць багаты і разнастайны вопыт зносін са многімі людзьмі, як дарослымі, так і аднагодкамі. І ў далейшым, безумоўна, выкарыстаюць навыкі, сфарміраваныя ў аздараўленчым летніку, у штодзённым жыцці”.

“Вялікая ўвага ў Круглянскім ЦКРНіР удзяляецца гендарнаму выхаванню. Арганізуем, у прыватнасці, гульнявыя зоны і для дзяўчынак, і для хлопчыкаў. Аднак гэта не значыць, што нашы дзяўчынкі і хлопчыкі гуляюць асобна, — паведаміла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці цэнтра Наталля Дзмітрыеўна Скараходава. — Пры афарм-ленні пакояў груп і спальных памяшканняў выбіраем адпаведныя маркеры — на шафах для распранання, на крэсліцах. Пры правядзенні заняткаў выкарыстоўваем дыдактычныя дапаможнікі. Педагог цэнтра Вікторыя Уладзіміраўна Булдык сваімі рукамі зрабіла дапаможнік “Апрані хлопчыка і дзяўчынку”. Ён уяўляе сабой кардонныя фігуры дзяўчынкі і хлопчыка з ліпучкамі, для якіх прадугледжана і цацачнае адзенне, і прадметы, якія можна прымацаваць да фігур. Педагог можа “памылкова” завязаць хлопчыку на галаве бант або апрануць спадніцу. Задача дзяцей — выправіць памылкі. У якасці дыдактычнага матэрыялу на занятках шырока выкарыстоўваюцца рэальныя прадметы: адзенне, посуд, аксесуары. Мы расказваем дзецям пра асноўныя функцыі сям’і, сямейныя традыцыі, знаёмім з прафесіямі і працоўнай дзейнасцю, падказваем, якую дапамогу дзяўчынкі і хлопчыкі могуць аказаць бацькам, вучым арыентавацца ў роднасных сувязях, правільна ўжываць словы “дачка”, “брат”, “сын”, “унук”, “унучка”, “сястра”. Стараемся навучыць дзяцей спосабам праяўлення ўвагі і клопату ў адносінах да дарослых і аднагодкаў. Асаблівую ўвагу ўдзяляем засваенню мадэлей належных сацыяльных паводзін пры ўсталяванні кантактаў з процілеглым полам. Педагогі цэнтра змайстравалі яркі альбом па гендарным выхаванні для правядзення гульнявых заняткаў. Фарміраванне гендарнай культуры ў дзяцей ажыццяўляецца не толькі на занятках, але і на працягу ўсяго дня — на прагулцы, падчас прыёму ежы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.