У іншую краіну па… калідоры

- 10:24Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Вельмі важна пры вывучэнні замежнай мовы максімальна пагрузіць дзяцей у іншамоўную атмасферу, якую можна стварыць у вучэбным кабінеце з дапамогай партрэтаў вядомых людзей, геаграфічнай карты, мастацкай літаратуры, сцягоў, паштовак, плакатаў…

У кабінетах нашай гімназіі створаны належныя ўмовы для павышэння цікавасці да замежных моў. З гэтай мэтай памяшканні афармляюцца адпаведным чынам, назапашваюцца вучэбна-метадычныя і дыдактычныя матэрыялы. Урок замежнай мовы — гэта нібыта падарожжа ў іншую краіну, а кабінет — яе частка.

Але не толькі кабінеты тэматычныя. На сценах у калідорах — выявы самых папулярных турыстычных мясцін Вялікабрытаніі. Пастаянна абнаўляецца куток-фотазона ў англійскім стылі, дзе можна прысесці, узяць кнігу і апынуцца ва ўтульным англійскім доме. 

У тэматычным фае ёсць “англійскі га­дзіннік” з выявай сцяга Злучанага Каралеўства, які паказвае час… вокладкамі кніг Джанет Івановіч з лічбамі ад 1 да 12. Гэта не толькі дапамагае запомніць англамоўныя назвы лічбаў, але і матывуе да чытання арыгінальнай замежнай літаратуры.

У афармленні моўных куткоў актыўна ўдзельнічаюць вучні. Вялікая ўвага ўдзя­ляецца дэталям. Многія элементы выраб­ляюцца самастойна. 

Моўныя куткі прыцягваюць увагу не толькі вучняў і іх бацькоў, але і гасцей. Дзякуючы нестандартнаму падыходу, знаёмства з мовай і культурай іншай краіны атрымліваецца яркім і запамінальным.

Наталля ІГНАТОВІЧ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 4 Брэста.