У інтарэсах дзяцей, іх бацькоў і педагогаў

- 12:32Навіны рэгіёнаў

Педагогі Радчыцкага ясляў-сада — базавай школы Столінскага раёна паспяхова забяспечваюць пераемнасць паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй. Для гэтага ва ўстанове, якую наведваюць усяго 45 дзяцей, створаны неабходныя ўмовы.

— Работа ў гэтым напрамку пачынаецца загадзя, — расказвае дырэктар Радчыцкага ясляў-сада — базавай школы Л.В.Макавецкая. — Пры дашкольнай групе, дзе сёння займаюцца 7 хлопчыкаў і дзяўчынак, працуе рознаўзроставая група, якая дазваляе адаптаваць будучых дашкольнікаў да ясляў-сада. Вучэбна-выхаваўчы працэс у дашкольным звяне дыферэнцыраваны. Выхавальнікі імкнуцца знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці з улікам яго інтарэсаў і здольнасцей. Актыўна далучаюцца да гэтага і настаўнікі. Так, у многіх агульнашкольных мерапрыемствах (“Першы званок”, “30 дзён у школе”, “Дзень настаўніка”, “Свята буквара” і інш.) абавязкова ўдзельнічаюць дашкольнікі. У сваю чаргу вучні з’яўляюцца частымі гасцямі ў дашкольнай групе. Таму нейкіх праблем з адаптацыяй выпускнікоў ясляў-сада да школы не існуе. Выхавальнікі і настаўнікі працуюць у цесным узаемадзеянні. Паспяховую пераемнасць забяспечваюць узаеманаведванне заняткаў і ўрокаў, сумесныя метадычныя аб’яднанні, пасяджэнні педагагічных саветаў, метадычныя тыдні, педагагічныя марафоны і кірмашы педагагічных ідэй.

У сістэме “дашкольная група — школа” вялікая ўвага ўдзяляецца метадычнай рабоце, якая накіравана на плённае супрацоўніцтва настаўнікаў, выхавальнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Так, настаўнікі знаёмяцца з формамі і метадамі дашкольнага выхавання, вывучаюць асноўныя патрабаванні праграмы дашкольнай адукацыі, назіраюць за будучымі першакласнікамі ў дзетсадаўскім асяроддзі. У сваю чаргу выхавальнікі знаёмяцца з вучэбнымі праграмамі для вучняў 1 класа і асноўнымі напрамкамі работы настаўнікаў пачатковых класаў, назіраюць за поспехамі сваіх выхаванцаў на ўроках.

— Такія формы работы дазваляюць аператыўна вырашаць праблемныя пытанні, выяўляць недахопы ў пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі, вызначаць спосабы ўдасканалення вучэбна-выхаваўчай дзейнасці, — адзначае Л.В.Макавецкая. — Падчас сумесных мерапрыемстваў настаўнікі і выхавальнікі набываюць неабходныя веды ў нарматыўна-прававой сферы, выкарыстанні інтэрактыўных форм і метадаў у рабоце з дзецьмі. Ва ўстанове актыўна практыкуецца наведванне адкрытых заняткаў у старшай групе і ўрокаў у 1 класе. На занятках у дашкольнай групе, якія праводзяцца вясной, прысутнічае настаўнік, які набірае першакласнікаў у будучым навучальным годзе. Педагог добра бачыць моўную і матэматычную падрыхтоўку дзяцей, іх псіхалагічную гатоўнасць да пераходу ў 5 клас. Пасля заняткаў настаўнік і выхавальнік абмяркоўваюць праблемы для наступнай карэкціроўкі і ўдасканалення сваёй дзейнасці. Акрамя таго, у рамках сумеснай работы праводзяцца творчыя мерапрыемствы з вучнямі 4—5 класаў, кожнае з якіх пакідае ў пачаткоўцаў шмат радасных уражанняў і фарміруе жаданне вучыцца ў наступных класах.

Штогод настаўнікі і выхавальнікі ўстановы ўдзельнічаюць у раённым педагагічным марафоне па пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй. Мерапрыемства праводзіцца з мэтай фарміравання даследчых уменняў дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей у розных відах дзейнасці, экалагічнага выхавання і інш. Удзельнікі педагагічных марафонаў даюць адкрытыя ўрокі і заняткі, паказваюць майстар-класы, праводзяць семінары і інш. Вынікі гэтых марафонаў падводзяцца на ўзроўні раёна. Педагогі актыўна дзеляцца сваім вопытам з калегамі. Так, выхавальніца К.Ю.Багародава прэзентавала работу па арганізацыі даследчай дзейнасці з дашкольнікамі. Па выніках мінулага педагагічнага марафону педагогі Радчыцкага ясляў-сада — базавай школы занялі 2-е месца ў раёне.

— Акрамя метадычнай работы, важнае месца адведзена і рабоце з дзецьмі, — гаворыць Л.В.Макавецкая. — Так, выхаванцы старшай групы на працягу года знаёмяцца з паняццем “школа”, даведваюцца, што гэта такое, навошта туды хадзіць, хто такі настаўнік, чым адрозніваюцца ўрокі ад заняткаў у яслях-садзе і г.д. Для фарміравання ў дзяцей устойлівай цікавасці да школы выкарыстоўваюцца розныя формы работы: гутаркі, разгляд малюнкаў на школьную тэматыку, экскурсіі па школе, у школьны краязнаўчы музей і бібліятэку, чытанне і аналіз дзіцячай мастацкай літаратуры пра школьнае жыццё, завучванне вершаў, азнаямленне з прыказкамі і прымаўкамі, разгляд школьных прылад і складанне загадак пра іх, слоўныя і дыдактычныя гульні на школьную тэматыку, сюжэтна-ролевая гульня “Школа” і інш. Вучні пачатковых класаў — частыя госці ў дашкольнай групе: паказваюць тэатралізаваныя сцэнкі і спектаклі малышам, расказваюць пра школу. Будучыя першакласнікі знаёмяцца з будучым класным памяшканнем, дзе садзяцца за парты, пішуць на дошцы. Дзякуючы гэтаму, у дашкольнікаў фарміруюцца цікавасць да школы, матывацыя да навучання і станоўчыя адносіны да настаўніка, знікае трывожнасць, з’яўляецца ўпэўненасць у сваіх сілах.

Асаблівая роля ў рабоце па пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй належыць бацькам. Педагогі на працягу года праводзяць асветніцкія мерапрыемствы для мам і татаў будучых першакласнікаў па пытаннях падрыхтоўкі дзяцей да школы, развіцця іх пазнавальных і творчых здольнасцей. Сярод бацькоў штогод праводзіцца анкетаванне для вывучэння самаадчування сям’і напярэдадні школьнага жыцця дзяцей. На спецыяльным стэндзе “Хутка ў школу” мамы і таты могуць знайсці шмат карыснай інфармацыі. Для бацькоў арганізаваны тэматычныя кансультацыі “Цяжкасці адаптацыі дзіцяці да школы і шляхі іх пераадолення”, “Рэжым будучага школьніка”, “Партрэт першакласніка” і інш., складзены памяткі “Як развіць у дзіцяці любоў да чытання?”, “Гульня — гэта сур’ёзна” і “Выхаванне дабрынёй”, дзе даюцца парады і рэкамендацыі па развіцці і выхаванні дашкольнікаў для іх паспяховай падрыхтоўкі да школы. Напрыканцы навучальнага года праводзіцца бацькоўскі сход на тэму “Падрыхтоўка дзяцей да навучання ў 1 класе”, на якім разглядаюцца пытанні гатоўнасці дзяцей да школьнага навучання, іх ведаў і ўменняў перад школай. На сходзе абавязкова прысутнічае настаўнік будучых першакласнікаў, які знаёміць бацькоў з вучэбнымі праграмамі, адказвае на пытанні, ладзіць кансультацыі.

— Узгодненая і дружная работа педагогаў па пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй дазваляе дзецям дасягнуць неабходнага ўзроўню фізічнага, маральнага і эстэтычнага развіцця для паспяховага ўваходжання ў новыя ўмовы і для добрага засваення вучэбнага матэрыялу. На гэты конт у В.А.Сухамлінскага ёсць выдатныя словы: “Школа не павінна ўносіць рэзкага пералому ў жыцці дзяцей. Няхай, стаўшы вучнем, дзіця працягвае рабіць тое, што рабіла ўчора. Няхай новае з’яўляецца ў яго жыцці паступова і не ашаламляе лавінай уражанняў”, — падагульняе Л.В.Макавецкая.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.