У інтарэсах устойлівага развіцця

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Установы адукацыі Мсціслаўшчыны функцыянуюць у інтарэсах устойлівага развіцця раёна. Зараз педагогі і нароўні з імі навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні і фарміраванні стратэгіі ўстойлівага развіцця свайго рэгіёна да 2035 года.

— Мсціслаўскі раён увайшоў у пяцёрку рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, дзе цяпер фарміруецца лакальная стратэгія ўстойлівага развіцця. Ідзе пошук новых механізмаў для паляпшэння якасці жыцця насельніцтва. Ажыццяўляецца гэты працэс праз сістэму сацыяльнага партнёрства. У абмеркаванне, планаванне і вырашэнне задач рэгіянальнага развіцця прыцягваецца шырокае кола зацікаўленых суб’ектаў. Педагагічныя і вучнёўскія калектывы актыўна прымаюць удзел у абмеркаванні, бо нашы навучальныя ўстановы даўно функцыянуюць па прынцыпах устойлівага развіцця, — расказала метадыст Мсціслаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Л.Л.Габ’ева.

Па яе словах, у раёне ўжо даволі даўно дзейнічае партнёрская сетка розных відаў устаноў адукацыі, аб’яднаных ідэямі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Зараз у гэтае аб’яднанне ўваходзяць Курманаўскі, Мазалаўскі, Мішнеўскі, Падсолтаўскі, Разанцаўскі вучэбна-педагагічныя комплексы, Ходасаўская сярэдняя школа, гімназія Мсціслава, раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Мсціслаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

— Наша партнёрская сетка — гэта ўнікальны вопыт сеткавага ўзаемадзеяння. Падобнай структуры, якая дзейнічае па ідэях адукацыі для ўстойлівага развіцця, няма больш нідзе ў краіне, — адзначыла Ларыса Леанідаўна.

Праз сеткавае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца адпаведнае навучанне вучняў, педагогаў і бацькоў, рэалізуюцца значныя рэгіянальныя праекты. Так, у гімназіі райцэнтра ажыццявілі інтэрнэт-праект “Пагадненне мэраў — Мсціслаў”, мэта якога — інфармацыйна-прапагандысцкая работа ў сферы энергазберажэння. Праект аказаўся сапраўды значным. Ён дапамог істотна павысіць узровень рацыянальнага рэсурсаспажывання сярод насельніцтва раёна. Ініцыятыва была адзначана на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”. Цяпер гімназія з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам рацыянальнага энерга- і рэсурсаспажывання.

— Дынамічна развіваецца ў рамках партнёрскай сеткі Ходасаўская сярэдняя школа. Установа з’яўляецца сапраўдным цэнтрам сацыяльна-эканамічнага партнёрства на тэрыторыі сельскага Савета. Рэалізацыя рэгіянальных праектаў “Моладзевае лідарства”, “Моладзевае прадпрымальніцтва”, сумесных ініцыятыў, работа экакаманд сталі фармальнай і нефармальнай адукацыяй дзяцей і былі накіраваны на далучэнне маладых людзей да вырашэння актуальных пытанняў мясцовай супольнасці. Зараз ва ўстанове ажыццяўляецца новая адукацыйная праграма “Прадпрымальная школа”, задача якой — інтэграцыя прынцыпаў прадпрымальніцтва ў школьную сістэму, ператварэнне школы ў больш прыязнае асяроддзе навучання, дзе вучні будуць мець больш правоў на рашэнні і больш адказнасці. У Ходасаўскай школе таксама нядаўна прайшлі заняткі па апрабацыі праграмы аб’яднання па інтарэсах “Стартап-школа Юніёр”, накіраванага на развіццё моладзевага прадпрымальніцтва сярод навучэнцаў раёна, — расказала Л.Л.Габ’ева.

Паводле яе слоў, не менш патрэбныя і карысныя ініцыятывы рэалізуюцца і ў іншых установах — удзельніцах партнёрскай сеткі. Напрыклад, у раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ўкараняюць у жыццё праекты, накіраваныя на ўдасканаленне інклюзіўнай кампетэнтнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Зараз калектыў ЦКРНіР разам з творчай групай настаўнікаў-дэфектолагаў раёна пачынае рэалізацыю праекта “Добры горад”, які будзе фарміраваць інклюзіўную культуру грамадства. 

У Разанцаўскім вучэбна-педагагічным комплексе працуюць над праектамі “Прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў — устойлівае развіццё рэгіёна”, “Мы разам — гэта цудоўна”, якія аб’ядналі намаганні мясцовай улады, насельніцтва, устаноў, арганізацый, у вырашэнні праблем па паляпшэнні якасці і прывабнасці жыцця ў вёсцы.

— Важна, што ў рамках дзейнасці партнёрскай сеткі рэгулярна праводзяцца вучэбныя інтэнсівы для кіруючых і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі раёна. Мэтавыя трэнінгі, экспертныя практыкумы, серыі тэматычных кансультацый дапамагаюць вывучаць вопыт адно аднаго і сумесна вызначыць тыя шляхі і метады, якія дазваляюць установам адукацыі рабіць паспяховыя крокі па трансфармацыі сваёй дзейнасці ў інтарэсах устойлівага развіцця мясцовых супольнасцей, — падкрэсліла Ларыса Леанідаўна.

Сваё бачанне жаданай будучыні для малой радзімы мсціслаўскія педагогі і навучэнцы зараз агучваюць у ходзе абмеркавання стратэгіі ўстойлівага развіцця Мсціслаўскага раёна да 2035 года. Нядаўна ў адпаведным тэматычным семінары прынялі ўдзел групы педагогаў школ партнёрскай сеткі і вучнёўскай моладзі.

— Вельмі смела марыла пра вобраз раёна і горада да 2035 года моладзь. Маладыя людзі прапаноўвалі развіваць паслугі коннага манежа, у тым ліку іпатэрапію, адкрыць інфармацыйны турыстычны цэнтр, развіваць інфраструктуру для адпачынку, шырэй аказваць турыстычныя паслугі, аднавіць архітэктурны здабытак горада. Шмат перспектыўных ідэй прагучала і ад педагогаў, — заўважыла Ларыса Леанідаўна.

Адметна, што педагогі і навучэнцы не проста гаварылі пэўныя словы. Кожная група дэталёва тлумачыла, дзякуючы чаму вобраз будучыні будзе дасягнуты, паказвала этапы яго рэалізацыі на шкале часу, дапаўняла гэтыя прыярытэты канкрэтнымі мерапрыемствамі, якія неабходна рэалізаваць для дасягнення намечаных вынікаў.

— Мы перакананы, што да рэалізацыі ідэй устойлівага развіцця трэба прыцягваць жыхароў раёна ўсіх пакаленняў. І асабліва моладзь. Менавіта аб’яднанне ўсіх зацікаўленых адзінымі мэтамі дазволіць у будучыні бачыць наш раён перспектыўным і квітнеючым, — упэўнена Л.Л.Габ’ева.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Мсціслаўскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.