У інтэрнаце — як у роднай хаце

Надышла восень, і інтэрнаты ўстаноў прафесійнай адукацыі зноў зашумелі звонкімі галасамі і вясёлым смехам, тут зноў завіравала жыццё. Якім будзе гэтае жыццё — часам знаёмстваў і сяброўства, часам сталення і набыцця карыснага вопыту або часам бясконцых бытавых і асобасных праблем? У многім гэта залежыць ад таго, як дарослыя дапамагаюць навучэнцам арганізаваць свой побыт і вольны час. Падлеткам бывае няпроста зрабіць гэта самастойна, бо яшчэ ўчора яны былі пад апекай бацькоў, а сёння засталіся сам-насам з мноствам сур’ёзных пытанняў. Існуе нямала прыкладаў, калі добра арганізаваная ў інтэрнаце работа з дзецьмі не толькі дапамагае зрабіць іх жыццё больш насычаным, але і выхоўвае іх, спрыяе сацыялізацыі. Такія прыклады можна ўбачыць у розных каледжах і ліцэях. Давайце пазнаёмімся з напрацоўкамі спецыялістаў дзвюх устаноў адукацыі Гродна.

Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа на сэлфі-экскурсіі.

Вольны час як сродак сацыялізацыі

Заняткі займаюць толькі частку дня навучэнцаў каледжа ці ліцэя. Не менш часу яны право­дзяць у інтэрнаце. І тое, чым напоўнены гэты час, не менш значна, чым тое, чым напоўнены вучэбныя заняткі. Калі навучэнец прадастаўлены сам сабе, то толькі чалавек з вельмі высокім узроўнем самадысцыпліны, адказнасці, матывацыі выкары­стае вольны час з карысцю. У іншых выпадках атрымаецца проста марнаванне часу або, што яшчэ горш, падлетак зоймецца не самымі дастойнымі справамі. Вось чаму ва ўстановах адукацыі гэты працэс не пускаюць на самацёк. У Гродзен­скім дзяржаўным політэхнічным каледжы надаюць важнае значэнне адаптацыі навучэнцаў да жыцця ў інтэрнаце, а таксама ствараюць педагагічныя ўмовы для паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў ва ўмовах інтэрната. 

Пачатак навучання на новай ступені адукацыі кардынальна мяняе жыццё чалавека. Першакурснікі сустракаюцца з шэрагам складанасцей: яны перажываюць, што страцілі маральную падтрымку, якую атрымлівалі ў школьным калектыве, непакояцца аб наладжванні зносін з новымі людзьмі, хвалююцца, як уладкаваць побыт. Каб дапамагчы ім зарыентавацца і пазбавіцца разгубленасці, у Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы распрацаваны план адаптацыі першакурснікаў. Важна, што рэалізоўвае яго ўвесь педагагічны калектыў. Вызначаны шэраг умоў, набходных для паспяховай адаптацыі, і педагогі ствара­юць іх для навучэнцаў. Сярод гэтых умоў выкананне правіл, прынятых у кале­джы і інтэрнаце; павышэнне статусу навучэнца каледжа і матывацыі да атрымання прафесіі; аказанне дапамогі ў працэсе ўладкавання побыту і самаабслугоўвання, асабліва пры пераходзе з хатніх умоў у інтэрнат; арганізацыя сумеснай дзейнасці жыхароў інтэрната для фарміравання калектыву; падтрымка органаў вучнёўскага самакіравання; абарона правоў і інтарэсаў непаўналетніх навучэнцаў; стварэнне камфортнага псіхолага-педагагічнага асяроддзя ў інтэрнаце; стварэнне сітуацый поспеху з мэтай павышэння самаацэнкі і пазітыўнага самасцвярджэння; арганізацыя вольнага часу і інш.

Работа аб’яднанняў па інтарэсах у Гродзенскім дзяржаўным прафесіянальным ліцэі будаўнікоў №1.

Арганізацыя вольнага часу з’яўляецца важнай часткай работы па сацыялізацыі моладзі. Для гэтага выкарыстоўваецца шэраг форм. Сярод іх найперш традыцыйныя, знаёмыя ўсім спецыялістам, якія працуюць у гэтым напрамку. У той жа час вельмі палюбіліся педагогам і навучэнцам унікальныя, уласна распрацаваныя формы работы, якія, дарэчы, паказалі сваю эфектыўнасць. Многія ідэі падказаў педагогам унікальны і непаўторны горад Гродна, дзе знаходзіцца каледж.

Напрыклад, навучэнцам прапануецца адправіцца на сэлфі-экскурсію па горадзе “Гродна нашымі вачыма”.

— Мы праводзім экскурсіі па культурна-гістарычных мясцінах, знаёмім навучэнцаў з гісторыяй Гродна, звяртаючы ўвагу на помнікі і факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, паўстаннем 1863 года, гісторыяй Гродзенскага яўрэйскага гета, — расказвае Вольга Ула­дзіміраўна Салей, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа. — Таксама знаёмім з сацыяльна-бытавымі аб’ектамі, якія давядзецца наведваць навучэнцам, пражываючы ў горадзе. Падчас экскурсій юнакі і дзяўчаты робяць сэлфі і потым дзеляцца сваімі здымкамі ў сацыяльных сетках. Пасля экскурсій у групе каледжа ва “УКантакце” праводзім конкурс на лепшае сэлфі.

Выхавальнікі інтэрната распрацавалі праект “Гродна — скрыжаванне культур і канфесій”. Навучэнцаў знаёмяць з канфесіямі, якія распаўсюджаны ў горадзе, — праваслаўем, каталіцтвам, іудзей­ствам, пратэстантызмам. Для іх становіцца відавочным, што асновай усіх рэлігій з’яўляюцца любоў да бліжняга, прыстойнасць у адносінах з людзьмі, вернасць сям’і, любоў да Айчыны. І гэтае разуменне ўмацоўвае талерантныя адносіны да лю­дзей іншай веры ці культуры. 

У інтэрнаце дзейнічае ўнікальны клуб “Знята ў Гродне”. Справа ў тым, што Гродна стаў здымачнай пляцоўкай для больш чым 70 ма­стацкіх фільмаў. За гэта горад нават называюць беларускім Галівудам. На пасяджэннях клуба вывучаюць гэтыя фільмы. Спачатку адпраўляюцца на экскурсію на месца, дзе праходзілі здымкі, знаёмяцца з гісторыяй стварэння кінакарціны, а потым у інтэрнаце ладзяцца прагляд і абмеркаванне ўбачанага. Першым кандыдатам на прагляд штогод становіцца неў­міручы шэдэўр “Белыя Росы”.

Каб аб’яднаць навучэнцаў, выкарыстоўваюць і іх зацікаўле­насць камп’ютарнымі гульнямі. Ужо некалькі гадоў у інтэрнаце да 23 лютага ладзіцца турнір па гульні World of Tanks. Здаецца, гэта проста гульня, аднак, падчас турніраў гульцы знаёмяцца, вучацца ўзаемадзейнічаць, выконваць правілы, спакойна сябе паводзіць у напружаных сітуацыях.

І яшчэ адна цікавая ініцыятыва — Мужчынскі кулінарны клуб. Ён дзейнічае ў інтэрнаце, дзе жывуць юнакі. Многія хлопцы, якія прыязджаюць вучыцца, зусім не ўмеюць гатаваць ежу. Клуб быў створаны з мэтай навучання іх асновам кулінарыі, аднак вырас у нешта большае. Ён стаў пляцоўкай для нефармальных зносін. Потым працэс гатавання пачалі здымаць на відэа, каб яго маглі паглядзець і тыя, хто не быў на пасяджэнні клуба. Удзельнікі клуба сталі праяўляць свае акцёрскія здольнасці, а таксама выву­чаць майстэрства стварэння відэа­прадукцыі, бо запісваюць відэа і манціруюць яго яны самі. Хлопцы ўжо гатавалі “Штрудзель па-сувораўску”, салат “Брутальная мазаіка”, бутэрброды “Майскія вяснушкі”. А напярэдадні 8 сакавіка юнакі анлайн гатавалі для сваіх мам святочныя капкейкі.

Такія заняткі не проста напаўняюць жыццё навучэнцаў цікавымі падзеямі, але і пашыраюць іх кругагляд, даюць шырокі спектр розных навыкаў, карысных у штодзённым жыцці і рабоце.

Любіць сваё, цаніць чужое

У Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 у рабоце з навучэнцамі, якія жы­вуць у інтэрнаце, вялікую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню нацыянальнай свядомасці і полікультурнаму выхаванню.

 — Мы ствараем у інтэрнаце такое асяроддзе, каб падлеткі былі адкрытыя да пазнання як культуры сваёй краіны, так і культуры іншых народаў, каб маглі пераадольваць неабгрунтаваныя сацыяльныя і этнічныя стэрэатыпы і не дапу­скаць узнікнення канфліктаў, — адзначае Марына Васільеўна Афоніна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ліцэя. — Нацыянальная самасвядомасць і талерантнасць — інтэграваныя якасці асобы, таму неабходны сістэмны падыход да іх фарміравання. Улічваючы індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў, іх інтарэсы, пажаданні, мы робім іх дзейнасць разнастайнай, эмацыя­нальна насычанай, прадукцыйнай і сучаснай.

У інтэрнаце ліцэя склалася сі­стэма работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці, у першую чаргу праз захаванне і папулярызацыю роднай мовы. У ліцэі на беларускай мове выкладаецца справаводства, праводзіцца значная частка мерапрыемстваў, інфармацыйныя стэнды таксама даюць звесткі па-беларуску.

Навучэнцы ўдзельніча­юць у праектнай і даследчай дзейнасці. Аб’ектамі вывучэння становяцца гісторыя і культура роднага краю. Адметна, што навучэнцам прапануюць прафесійна арыентаваныя праекты, пэўным чынам звязаныя з будаўнічымі спецыяльнасцямі. Атрым­ліваецца, што навучэнцы асвойваюць і прымяняюць прафесійныя навыкі і адначасова ўзба­гачаюць свае веды аб беларускіх традыцыях. Гэта дазваляе фарміраваць прафесіянала з нацыянальнай самасвядомасцю. Напрыклад, навучэнцы ствараюць сталярныя вырабы ў этнастылі, выконваюць дэкаратыўную тынкоўку з элементамі нацыянальных беларускіх узораў. У рамках сумеснага творчага праекта ліцэя і дзіцячага хоспіса навучэнцы ліцэя змайстравалі для выхаванцаў хоспіса драўляныя цацкі-складанкі па матывах народных цацак, кармушкі для птушак, аздобленыя нацыянальнымі ўзорамі.

Пашырыць свае прафесійныя навыкі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з культурнай спадчынай нашай краіны навучэнцы мо­гуць у аб’яднаннях па інтарэсах. Напрыклад, займаючыся разьбой па дрэве, навучэнцы спачатку вывучаюць гісторыю і развіццё рамяства, знаёмяцца з традыцыйнымі прыроднымі матэрыяламі, спосабамі іх апрацоўкі, а потым вучацца рабіць карціны, гадзіннікі, шкатулкі, дзіцячыя цацкі з нацыянальным каларытам.

Навучэнцы зацікавіліся, як раней будавалі іх продкі, і даследавалі старажытныя прылады працы. Многія з прылад знайшлі ў сваіх бабуль і дзядуль. Так у інтэрнаце з’явіўся стэнд “Прылады майго дзеда”. Навучэнцы нават паспрабавалі папрацаваць, як іх дзяды і прадзеды: па старажытных тэхналогіях і з дапамогай старажытных прылад працы падлеткі вырабілі зэдлік, упрыгожылі яго з дапамогай сучаснай тэхнікі дэкупаж.

У рамках даследчага праекта “Спадчына” падлеткі вывучалі і збіралі прадметы побыту, без якіх у мінулым не абыходзілася ні адна беларуская сялянская хата. У выніку жыхары інтэрната стварылі этнаграфічны куток, стылізаваны пад інтэр’ер беларускай хаткі. У інтэрнаце ладзяцца вечарыны, тэатралізаваныя пастаноўкі, дзе падлеткі знаёмяцца з беларускімі песнямі, святамі, абрадамі.

Нярэдка ў інтэрнаце прахо­дзяць і літаратуразнаўчыя мера­прыемствы. Праводзяцца су­стрэчы з вядомымі гродзенскімі пісьменнікамі і паэтамі. Для даследавання літаратурнай спадчыны малой ра­дзімы ажыццяўляецца экскурсійная дзейнасць. Распрацаваны 8 экскурсійных маршрутаў “Гро­дзеншчына літаратурная”.

Узмацніць работу ў кірунку полікультурнага выхавання вельмі лагічна для ўстановы, якая размешчана ў Гродне, горадзе з моцнымі талерантнымі перакананнямі і міжнацыянальнымі адносінамі. Тут кожныя два гады праходзіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які стаў адной з самых маштабных і любімых гродзенцамі падзей. Кожны раз на фестываль прыязджаюць прадстаўнікі больш чым 80 краін, у тым ліку навучэнцаў, студэнтаў. Ды і ва ўстановах адукацыі Гродна можна сустрэць не толькі беларусаў. Непасрэдна ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 навучаюцца дзеці з каранямі дзевяці нацыянальнасцей і трох рэлігійных канфесій. Таму фарміраванне талерантнасці навучэнцаў і павагі да культурных каштоўнасцей іншых народаў надзвычай актуальнае для ўстановы. А фестываль нацыянальных культур — цудоўная магчы­масць знаёмства з рознымі культурамі і іх носьбітамі.

У ліцэі наладжана супрацоўніцтва з культурна-асветніцкай установай АСЕТ. У рамках узаемадзеяння ў інтэрнаце адбылася цікавая сустрэча з аднагодкамі з ЗША. Амерыканскія студэнты завіталі ў госці да гродзенскіх ліцэістаў. Тэмай сустрэчы сталі сямейныя зносіны, яе ўдзельнікі пагаварылі аб узаемаадносінах бацькоў і дзяцей, падзяліліся сваімі ўяўленнямі аб ідэальнай сям’і. Дзеці, якія жывуць на розных кантынентах, выказвалі падобныя думкі, дзяліліся падобнымі праблемамі. Разуменне таго, што ў людзей у розных кутках свету агульныя пытанні, радасці, інтарэсы, спрыяе добразычліваму стаўленню да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.

Асаблівая ўвага ў інтэрнаце ўдзя­ляецца правядзенню мера­прыемстваў на згуртаванасць, давер, развіццё сяброўскіх сувязей, фарміраванне навыкаў бесканфліктных зносін. У супрацоўніцтве з цэнтрам “Медыяцыя і права” рэалізуецца праект па ўрэгуляванні спрэчак і канфліктных сітуацый, працуе “Школа юнага медыятара”, дзе навыкам бесканфліктных зносін навучаюцца падлеткі, якія пражываюць у інтэрнаце.

Добра наладжаная ў інтэрнаце работа з навучэнцамі дае шырокія магчымасці для іх усебаковага развіцця, што ў далейшым станоўча ўплывае на іх прафесійную дзейнасць і жыццё наогул.

Дар’я РЭВА.