У інвалідаў усё больш магчымасцей удзельнічаць у сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржавы

- 11:40Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі рэалізуецца комплексны падыход да вырашэння актуальных пытанняў стварэння інклюзіўнага грамадства — для гэтага Рэспубліканскі міжведамасны савет па праблемах інвалідаў пачаў праводзіць выязныя пасяджэнні ў рэгіёнах. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на першым пасяджэнні савета ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

“У нашай краіне 564,5 тысячы інвалідаў, у тым ліку 34,5 тысячы — дзеці да 18 гадоў. Для гэтай катэгорыі нам важна стварыць элементы сацыялізацыі, інклюзіўнага асяроддзя, каб яны маглі рэалізоўвацца і ў навучанні, і ў прафесіі, — сказаў Ігар Петрышэнка. — Далей будзем рухацца так, каб у нашых гарадах, на ўсіх інфраструктурных аб’ектах было ўсё, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі не адчувалі нейкага ўшчамлення”.

Ён дадаў, што саветы, аналагічныя рэспубліканскаму, створаны на ўзроўні абласцей, гарадоў, раёнаў, каб быў выбудаваны “комплексны падыход па вырашэнні актуальных праблем інвалідаў”.

Выязное пасяджэнне ў Брэсцкай вобласці стала першым у такім фармаце, наступнае пасяджэнне адбудзецца ўжо ў Віцебскай вобласці, каб на мясцовасці выяўляць прабелы ў рабоце і шукаць шляхі вырашэння канкрэтных праблем у рэгіёнах.

Удзельнікі пасяджэння наведалі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі ўніверсітэта, у тым ліку пабывалі на выставе вырабаў ручной работы, карцін людзей з інваліднасцю. Віцэ-прэм’ера прыемна ўразіла, што звычайныя студэнты, якія вучацца з людзьмі з інваліднасцю, нават не ведаюць, што іх аднакурснікі асаблівыя. “Гэта значыць, забяспечана камфортнае асяроддзе для сацыялізацыі такіх людзей у студэнцкае жыццё. Яны атрымліва­юць якасную, добрую адукацыю, дэманструюць дастойны ўзровень ведаў, здаюць нараўне з усімі экзамены — ніякіх патуранняў тут няма. Бо галоўная задача — каб яны потым маглі, як і ўсе, рэалізавацца ў прафесіі. Дарэчы, мы ўзялі для сябе яшчэ такі вектар работы, як садзейнічанне ў працаўладкаванні ў далейшым лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі. Па выніках мінулага года мы значна прыраслі: у нас 68,8 тысячы такіх людзей працаўладкавана”, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, вельмі важна, што сёння ў інвалідаў усё больш магчымасцей працаўладкавання не толькі на спецыялізаваныя прадпрыемствы, створаныя таварыствамі інвалідаў, але і на іншыя, дзе яны інтэграваны ў вытворчы працэс нараўне з усімі і ўдзельнічаюць у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Завяршылася работа савета цырымоніяй адкрыцця міжрэгіянальнай спартландыі “Вясёлыя старты” з удзелам людзей з інваліднасцю.