У ІТ-роту набраны толькі матываваныя і сканцэнтраваныя на вынік ваеннаслужачыя

- 14:09Інфармацыйная гадзіна

У Ваеннай акадэміі адкрылася камп’ютарная аўдыторыя роты інфармацыйных тэхналогій. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел міністр абароны Андрэй Раўкоў, начальнік Генеральнага штаба УС першы намеснік міністра абароны Алег Белаконеў, дырэктар дзяржаўнай установы “Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій” Усевалад Янчэўскі.

У час цырымоніі адкрыцця міністр абароны адзначыў, што ва УВА створана неабходная сучасная інфраструктура для работы і пражывання ваеннаслужачых. У акадэміі выконваецца шырокі спектр навукова-даследчых работ. Сярод праектаў ключавое значэнне маюць тыя, што звязаны з мадэляваннем ваенных дзеянняў, навігацыйным забеспячэннем, распрацоўкай аўтаматызаваных сістэм кіравання і радыёлакацыі. Задачы ваеннаслужачых ІТ-роты будуць звязаны непасрэдна з праграмаваннем. У аўдыторыі на гэты момант разгорнуты 44 рабочыя месцы. За кожным маладым чалавекам на ўвесь час службы будзе замацаваны асобны сучасны камп’ютар.

Першапачатковы конкурс у роту інфармацыйных тэхналогій перасягнуў 8 чалавек на месца. Для праходжання службы адабраны 40 маладых людзей з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй па ІТ-спецыяльнасці, якія праявілі найбольшую зацікаўленасць у службе ў роце інфармацыйных тэхналогій. “Гэтыя ваеннаслужачыя прайшлі сур’ёзны конкурсны адбор. Яны матываваныя і сканцэнтраваны на вынік”, — падкрэсліў Андрэй Раўкоў. Ён дадаў, што ў кожнага ваеннаслужачага ІТ-роты будзе кіраўнік з ліку афіцэраў Ваеннай акадэміі, навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл, упраўленняў Міністэрства абароны і Генштаба. Куратары будуць вызначаць для маладых людзей алгарытм работы.

Ваеннаслужачыя прайшлі курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, выканалі практыкаванні стральбы, прынялі Ваенную прысягу. Цяпер у іх працягваецца агульнавайсковая падрыхтоўка.

Рота інфармацыйных тэхналогій сфарміравана ў Ваеннай акадэміі для далейшага павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі Узброеных Сіл шляхам максімальнага выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу ІТ-спецыялістаў. Акрамя таго, разам з Ваеннай акадэміяй і іншымі навучальнымі і навуковымі ўстановамі УС яна будзе займацца распрацоўкай ПЗ, спецыяльных і прыкладных праграм.