У кадэцкіх радах папаўненне

Цвёрда вымяраючы поступ, апранутыя строга па форме, трымаючы раўненне на сцяг, навучэнцы Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча выйшлі на пляц. Тут было шматлюдна: педагогі, выхавальнікі, бацькі прыйшлі парадавацца за навабранцаў у такі важны для іх дзень. Дзень, калі з навучэнцаў яны стануць сапраўднымі кадэтамі. Урачыстая цырымонія прысвячэння ў кадэты адбылася ў Слуцку.

85 выхаванцаў вучылішча, якія паступілі ў гэтым годзе ў навучальную ўстанову, з нецярпеннем чакалі гэтага дня. Яны яшчэ не авалодалі дасканала навыкамі страявой падрыхтоўкі, на плячах у іх яшчэ няма пагонаў, але яны ведаюць, што такое доблесць, адвага і служэнне Радзіме, і менавіта такі лёс для сябе выбіраюць. Прысвячэнне ў кадэты для іх — хвалюючая і адказная цырымонія. Права звацца сапраўднымі кадэтамі яны атрымалі ў тую хвіліну, калі ва ўрачыстай атмасферы прамовілі клятву і атрымалі пагоны. Клятва кадэтаў — накшталт прысягі для салдат — абяцанне быць годнымі людзьмі і несці адказнасць за сябе і сваіх таварышаў. Новапрынятых кадэтаў павіншавалі шматлікія ганаровыя госці, сярод якіх — начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Ражанец, начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Максім Шышканаў, начальнік УУС Мінаблвыканкама Ігар Яўсееў, кіраўніцтва Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС Беларусі і іншых сілавых структур, а таксама прадстаўнікі духавенства. Кадэтам жадалі стаць элітай афіцэраў і надзейнай апорай дзяржавы. У гэтым годзе на базе Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча быў адкрыты спецыялізаваны клас МНС. Гэтаму факту быў прысвечаны яшчэ адзін урачысты момант мерапрыемства — была закладзена памятная пліта. Прадоўжылася мерапрыемства канцэртам, а потым госці маглі бліжэй пазнаёміцца з вучылішчам падчас экскурсіі. Тут вучацца 225 хлопчыкаў і дзяўчынак, апошніх сярод кадэтаў — 45. Для іх створаны цудоўныя ўмовы: вучэбны корпус на 12 кабінетаў, майстэрні тэхнічнай і абслуговай працы. Падтрымліваць сваю фізічную форму кадэты могуць у спартыўнай зале, басейне, на стадыёне, а адточваць страявую падрыхтоўку на спецыяльным пляцы, для трэніровак па стральбе працуе лазерны стралковы цір-трэнажор. Для іх заўсёды адкрыты дзверы актавай залы, сталовай, калі неабходна, можна звярнуцца ў медыцынскі пункт. А жывуць кадэты ва ўтульным інтэрнаце.
Кадэцкае вучылішча мае свае традыцыі: акрамя прысвячэння ў кадэты, гэта правядзенне страявых аглядаў, прысваенне кадэцкіх званняў, сяброўскія сустрэчы з кадэтамі Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча, навагодні кадэцкі баль. Створанае ў МАКВ асяроддзе насычана агульначалавечымі, нацыянальнымі, патрыятычнымі каштоўнасцямі, нормамі маралі, традыцыямі, знакамі і рытуаламі, што дапамагае выхоўваць дастойных грамадзян і добрых людзей.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва
кадэцкага вучылішча.