У каладзішчанскай школе № 2 адкрылі музей, які не мае аналагаў у краіне. Чым ён цікавы?

- 10:00Образование

У каладзішчанскай сярэдняй школе № 2 быў святочна адкрыты Мінскі раённы музей камсамола, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, які не мае аналагаў у краіне. Чырвоную стужку падчас адкрыцця перарэзалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мін­аблвыканкама Мікалай Башко і дырэктар каладзішчанскай сярэдняй школы № 2 Андрэй Баравікоў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У музеі сабрана больш чым 200 экспанатаў, якія падзелены на 4 экспазіцыі: “Гісторыя камсамольскага руху”, “Камсамол у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Генацыд беларускага народа”, “Сучасныя маладзёжныя арганізацыі Беларусі. БРПА. БРСМ”.

Першапачаткова мы планавалі адкрыць у школе раённы Цэнтр мала­дзёжных аб’яднанняў, — расказаў дырэктар школы Андрэй Баравікоў. — Мы хацелі, каб у ім збіраліся нашы самыя актыўныя вучні, удзельнікі маладзёжных ініцыя­тыў, і абмяркоўвалі свае творчыя ідэі. Калі падзяліліся гэтай задумай з намеснікам старшыні Мінскага раённага выканаўчага камітэта Ірынай Ціхонка, яна прапанавала крыху змяніць фармат і адкрыць раённы музей камсамола”. 

Экспанаты для музея на працягу года збіралі жыхары Мінскага раёна, педагогі і навучэнцы каладзішчанскай сярэдняй школы № 2. Сёння тут захоўваецца каля 150 аб’ектаў і артэфактаў памяці. А гаспадыняй музея стала настаўніца гісторыі школы Ганна Мельнік.

“Сярод навацый музея — віртуальны праект, анлайн-экскурсія па ўстанове, — тлумачыць настаўніца. — Дарэчы, у гасцей музея ёсць магчымасць параўнаць экспазіцыі, прысвечаныя юным героям Каладзішчанскага падполля, а таксама тым людзям, якія загінулі падчас акупацыі.

Уся наша экспазіцыя разбіта на пяць тэматычных раздзелаў. Безу­моўна, госці могуць даведацца пра гісторыю стварэння камсамола, а таксама пра метады выхавання моладзі ў тыя часы. Тэме генацыду прысвечана асобная экспазіцыя, уваход у якую выкананы ў выглядзе вышэйшай узнагароды камсамола — пяціпрамянёвай зоркі. Ёсць таксама стэнды, якія расказваюць аб піянерскай арганізацыі ў гады існавання СССР, яе прадстаўніках, якія заўсёды былі гатовы да барацьбы за справу Камуністычнай партыі. Асобнай увагі заслугоўваюць атрыбуты сучасных маладзёжных грамадскіх арганізацый, БРСМ і БРПА.

Экскурсіі па музеі праводзяць навучэнцы нашай школы. Для іх адкрыццё музея — гэта магчымасць азнаёміцца з мінулым сваёй краіны, а таксама данесці веды аб гэтым аднакласнікам”.

Наталля САХНО