У калейдаскопе поспеху

“Парад поспехаў і дасягненняў” прайшоў у Юрацішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Правядзенне гэтага мерапрыемства стала ва ўстанове традыцыйным. Дасягненні ўсяго калектыву: навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў — за навучальны год былі прадстаўлены ў розных намінацыях.

У намінацыі “Разумнікі і разумніцы” былі названы тыя, хто дастойна прадставіў установу адукацыі на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Бурнымі апладысментамі віталі прысутныя 16 пераможцаў раённага этапу гэтых спаборніцтваў.

Пераможцы навукова-даследчых канферэнцый былі прадстаўлены ў намінацыі “Даследуючы, спазнаю свет”. На сцэну былі запрошаны 6 намінантаў. Кожны навучэнец прадстаўляў даследаванні ў розных навуковых галінах. Дзевяцікласнік Вадзім Казакевіч удастоены дыплома ІІІ ступені на абласным этапе конкурсу навукова-даследчых работ “Крышталёвая альфа”.

Намінацыя “Талент, эрудыцыя і кемлівасць” прадставіла 29 навучэнцаў, якія прымалі ўдзел у розных творчых і інтэлектуальных конкурсах. Вядучыя запрасілі на сцэну вучняў, якія занялі прызавыя месцы ў паэтычным інтэрнэт-конкурсе, прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння К.Крапівы, “У мастацкім агародзе”, абласным аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, конкурсе “Сачыненне пра маму”. Таксама былі адзначаны каманды-пераможцы: “Знайки не Зазнайки” (3-е месца ў раённым этапе інтэлектуальнага конкурсу для малодшых школьнікаў “Што? Як? Чаму?”), Supernowa (3-е месца ў раённым этапе турніру юных астраномаў), “Дапамога побач”, якая ўдзельнічала ў абласным конкурсе “Я ў ратавальнікі б пайшоў — 2017”. Тут жа віталі Уладзіслава Дабейку, які заняў 1-е месца ў раённым турніры па шашках, і Ігара Васюкевіча за 1-е месца ў раённым турніры па шахматах.

Юрацішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа славіцца і сваімі спартыўнымі перамогамі далёка за межамі пасёлка дзякуючы намаганням навучэнцаў. Таму намінацыя “Спартыўныя рэкорды і перамогі” яшчэ раз прадставіла будучых алімпійскіх чэмпіёнаў. На п’едэстал гонару не адзін раз узнімаліся пераможцы абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў Дзіяна Юрэвіч, Арсеній Кеўра, Ангеліна Пашкоўская, Юрый Квяткоўскі і Вадзім Казакевіч. Прыемна, што ў сёлетнім навучальным годзе навучэнцы пачатковых класаў сталі пераможцамі раённых спаборніцтваў “300 талентаў для каралевы”.

У самай шматлікай намінацыі “За стараннасць і працавітасць” былі сказаны словы падзякі тым вучням, якія ствараюць утульнасць, чысціню і прыгажосць у класе і на прышкольнай тэрыторыі. У намінацыі “Музычныя дасягненні” ўганароўвалі навучэнцаў, чые звонкія галасы ўпрыгожваюць кожнае свята, і 7 навучэнцаў, якія паспяхова скончылі Юрацішкаўскую школу мастацтваў.

Самым запатрабаваным намінантам сёлета стала дзевяцікласніца Таццяна Канарская. Яна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, заваявала першыя месцы ў Рэспубліканскім конкурсе літаратурных работ “Пасланне настаўніку”, у абласным этапе Рэспубліканскага завочнага конкурсу літаратурных работ юных паэтаў і празаікаў “Слова ў пераплёце”, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, і 3-е месца ў абласным паэтычным інтэрнэт-конкурсе “У мастацкім агародзе”. За ўдзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Я — даследчык!” Таццяна ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені, а яшчэ дзяўчына добра іграе на гітары, шматразова перамагала на музычных фестывалях і конкурсах і марыць у будучыні стаць высакакласным музыкантам.

Поспехі навучэнцаў — гэта і поспехі бацькоў. Дырэктар установы Вольга Часноўская і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Рынкевіч уручылі падзячныя лісты 46 сем’ям за добрае выхаванне дзяцей. Не засталіся без ушанавання і педагогі, якія ўклалі часцінку сваіх ведаў, любові і цярпення ў кожнага навучэнца.
Падводзячы вынікі свята, вядучыя павіншавалі ўсіх з завяршэннем навучальнага года і пажадалі цудоўных летніх канікул.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *