У калектыве падзвіжнікаў: дырэктар гімназіі № 1 Жодзіна — пра магчымасці творчага педагагічнага асяроддзя

- 9:00Главная, Образование, Школа управления

Педагагічнаму калектыву гімназіі № 1 Жодзіна ўдалося стварыць асаблівае адукацыйнае асяроддзе, якое нацэлена на фарміраванне інтэлектуальнага, духоўна багатага і здаровага выпускніка. Пра магчымасці творчага педагагічнага асяроддзя гутарым з дырэктарам Генадзем Коршунам.

— Генадзь Вячаслававіч, у вас багаты кіраўнічы вопыт. Калі і як вы прыйшлі ў педагогіку?

— Мая прафесійная дзейнасць пачалася ў 1981 годзе, калі пасля заканчэння інжынерна-педагагічнага факультэта тады яшчэ Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ) атрымаў размеркаванне на работу ў Жодзіна — у 149-е прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Мне пашанцавала, бо я трапіў у выдатны калектыў на чале з дасведчаным кіраўніком Віктарам Іванавічам Міхейчыкам, які ў свой час быў дэлегатам Усесаюзнага з’езда работнікаў народнай адукацыі, стаў заслужаным работнікам сістэмы прафтэхадукацыі. Я навучыўся ў яго ставіць мэты і дасягаць іх, зразумеў, наколькі важнымі з’яўляюцца самаадукацыя, самакантроль. У вучылішчы прапрацаваў 15 гадоў, прайшоў шлях ад майстра вытворчага навучання да намесніка дырэктара. Быў другім на рэспуб­ліканскім конкурсе прафмайстэрства сярод майстроў вытворчага навучання. Атрымаў званне выдатніка прафтэхадукацыі БССР.

У 1996 годзе мяне прызначылі дырэктарам школы-гімназіі № 7 Жодзіна, якая пасля стала гімназіяй № 1. І мне зноў пашанцавала: я трапіў у высокапрафесійны калектыў, які быў накіраваны на развіццё, асваенне новых методык і тэхналогій. Тое, чаго дасягнула гімназія, стала магчымым толькі дзякуючы нашым педагогам, і я вельмі ганаруся кожным з іх.

— Імёны многіх вашых нас­таўнікаў гучаць на ўсю педагагічную супольнасць краіны.

— У нас працуе стабільны і зладжаны калектыў (усяго 104 работнікі). Усе зараджаны на рост і вынік. Каля 89% педагогаў — настаўнікі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Чатыры маюць катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Гэтыя педагогі вельмі актыўныя, з’яўляюцца падзвіжнікамі новых педагагічных тэхналогій і методык, чытаюць лекцыі, право­дзяць майстар-класы ў Акадэміі адукацыі, Мінскім абласным інстытуце адукацыі, а таксама ў школах краіны. Таму многія іх ведаюць. Гэта настаўніцы фізікі Эла Якубоў­ская, геаграфіі — Ірына Пічугіна, гісторыі і грамадазнаўства — Святлана Апанасевіч і пачатковых класаў — Святлана Локіс. Усе яны самадастатковыя асобы з актыўнай педагагічнай пазіцыяй, з’яўляюцца лакаматывам для ўсяго калектыву, бо ўласным прыкладам дэманструюць магчымасці прафесійнага росту.

— Як часта хваліце сваіх педагогаў?

У нас ёсць два віды заахвоч­ванняў: матэрыяльнае і маральнае (іміджавае). Настаўнікі ведаюць, што калі яны будуць добра працаваць і паказваць вынікі, то абавязкова атрымаюць узнагароду — матэрыяльную і маральную. У гімназіі створана адкрытая сістэма матэрыяльнага заахвочвання (прэміі, надбаўкі), з крытэрыямі якой знаёмы кожны педагог. Летась рознымі відамі ўзнагарод (гарадскога, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў) было заахвочана больш за 30 педагогаў. Ірына Пічугіна атрымала дзяржаўную ўзнагароду — медаль “За працоўныя заслугі”.

Заўсёды ўдзяляем увагу маладым кадрам, што для іх вельмі важна. Для прафесійнага росту моладзі дзейнічае школа маладога настаўніка. Да кожнага ставімся з павагай, не патрабуем імгненных вынікаў. Самае галоўнае, каб яны не расчараваліся ў сваёй прафесіі, таму актыўна дапамагаем не толькі ў арганізацыі вучэбнага працэсу (вопытныя калегі дзеляцца сваімі напрацоўкамі, планамі, што далучае маладых педагогаў да актыўнай прафесійнай дзей­насці), але і ў наладжванні кантакту з дзецьмі і бацькамі. Вучым не дапускаць канфліктных сітуацый, а калі яны здараюцца, то правільна з іх выходзіць. Вельмі рады, калі маладыя спецыялісты застаюцца і становяцца прафесіяналамі, як, напрыклад, настаўнік фізікі і астраноміі Аляксей Бычкоўскі, які на працягу некалькіх гадоў рыхтуе пераможцаў і прызёраў рэс­публіканскай алімпіяды. Настаўніца матэматыкі Таццяна Акулік таксама дасягнула значнага прафесійнага росту.

— Можаце рандомна заглянуць на ўрок?

— Калі гэта не запланавана, то не. Заўсёды папярэджваю пра сваю прысутнасць загадзя. А ўвогуле, практыкую наведванне ўрокаў. Мне важна ведаць пра педагагічны рост і магчымасці для далейшага развіцця кожнага настаўніка. Бо лідар — гэта стратэг, які пралічвае як мінімум на крок наперад і думае адразу пра ўвесь калектыў.

— Як лічыце, ці трэба быць для сваіх педагогаў ідэйным натхняльнікам?

Безумоўна. Дырэктар абавязкова павінен натхняць. Без гэтага поспехаў навучальная ўстанова не даб’ецца, ды і сам кіраўнік ніколі не будзе паспяховым. Любое пачынанне трэба прапускаць праз сябе. Калі калектыў бачыць, што дырэктар гарыць ідэяй, то абавязкова яго падтрымае. І гэта тычыцца як вучэбных задач, так і выхаваўчых.

Гімназісты штогод дасягаюць высокіх вынікаў на ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У мінулым навучальным годзе 70 дыпломаў заваявана на другім этапе, 20 — на трэцім. Пераможны дыплом за заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы атрымаў Арсеній Кузняцоў (педагог Э.М.Якубоўская).

— Лічыцца, што дырэктар школы — прафесія шматфункцыянальная. Вы з гэтым згодны?

— Ёсць перыяды, а ёсць цык­лаграма дзейнасці дырэктара. Напрыклад, у жніўні я займаюся фарміраваннем 1-х, 5-х і 10-х класаў. У гэтым месяцы вядзецца актыўная кадравая работа. Акрамя таго, вярстаецца план работы на новы навучальны год. Вядома, дзейнасць у гэтым кірунку пачынаецца яшчэ вясной, але заканчваецца і замацоўваецца адпаведнымі дакументамі ў жніўні. У гэтым летнім месяцы навучальная ўстанова павінна быць пад­рыхтавана да новага навучальнага года, да атрымання пашпарта гатоўнасці. Гэта першачарговыя пытанні жніўня. Паралельна вырашаюцца і іншыя пытанні. Таму дырэктар, вядома, пасада шматфункцыянальная: гэта і настаўнік, і гаспадарнік, і фінансіст, і юрыст.

Але перш за ўсё дырэктар павінен быць лідарам. Калі ў яго ёсць лідарскія якасці, ён кампетэнтны ў сваёй сферы і ў чалавечым плане прыстойны і абавязковы, то ў яго ўсё атрымаецца. Паабяцаў — зрабі. І не важна, каму паабяцаў — вышэйшаму кіраўніцтву, настаўнікам, бацькам ці вучням. Безумоўна, неабходна любіць тое, чым займаешся. А ў нашай галіне без гэтага ніяк нельга. Гэтак жа, як і без умення радавацца вынікам, вялікім і малым.

— Што параіце пачынаючым кіраўнікам?

— Адна з найважнейшых кампетэнцый кіраўніка ўстановы адукацыі — псіхолага-педагагічная. Дырэктар, аддаючы распараджэнні, павінен разумець і ўлічваць стан калектыву ў цэлым і кожнага педагога ў прыватнасці. І, безумоўна, без павагі да калег і работнікаў нічога не атрымаецца. Складнікі паспяховага кіраўніка — павага, патрабавальнасць да сябе, калег і кантроль выканання даручэнняў. Неабходна быць эрудзіраваным ва ўсіх сферах прафесійнай дзей­насці, таму ўвесь час трэба займацца самаадукацыяй. З прафесіяналамі неабходна размаўляць на іх мове. Без гэтага цябе проста не будуць паважаць. Не менш важнай з’яўляецца самадысцыпліна. Як бы цяжка ні было, дырэктар — прыклад ва ўсім: як прафесіянал, асоба, у сям’і.

У 2024 годзе дзесяць навучэнцаў атрымалі пасведчанні аб заканчэнні 9 класа з адзнакай, дзевяці выпускнікам былі ўручаны атэстаты асаблівага ўзору з узнагародай залатым медалём. Сярэдні бал атэстата склаў 8,9.

Па выніках ЦЭ выпускнікі гімназіі атрымалі пяць стабальных вынікаў па матэматыцы (іх рыхтавалі педагогі І.П.Паўлава, Т.У.Акулік), беларускай мове (настаўніца І.М.Хоцька), грамадазнаўстве (педагог З.У.Мытнік). Ёсць стабальны вынік і на ЦТ па фізіцы (настаўнік А.П.Бычкоўскі).

На цэнтралізаваных экзаменах 22 гімназісты атрымалі бал, вышэйшы за 90. Сярэдні бал сертыфіката на ЦЭ — 73.

— Хвалюючым пытаннем для маладых дырэктараў з’яўляецца работа з дакументамі. У першыя часы ім цяжка зразумець, якія з іх асноўныя, а якія другасныя.

— Асноўны дакумент — Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Ён дазваляе выконваць усе задачы, якія ставяцца дзяржавай перад сістэмай адукацыі. У ім прапісаны нашы правы і абавязкі. Акрамя кодэкса, важнымі дакументамі з’яўляюцца Палажэнне аб агульнай сярэдняй адукацыі, інструктыўна-метадычныя пісьмы Міністэрства адукацыі, Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года.

— Гімназія шмат гадоў працуе ў інавацыйным рэжыме, і вы не раз падкрэслівалі, што інавацыі — гэта развіццё. У якім напрамку разві­ваецеся цяпер?

Шмат гадоў удзельнічаем у інавацыйных праектах, звязаных з духоўна-маральным выхаваннем навучэнцаў. Цяпер рэалізуем праект па ўкараненні мадэлі этнічнай сацыялізацыі і фарміраванні полікультурнай кампе­тэнтнасці асобы навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа.

Сумесна са Смалявіцкім благачыннем удзельнічаем у духоўным і маральным станаўленні нашай моладзі. Святар прыходзіць на пазакласныя мерапрыемствы, праводзім шмат свят з удзелам бацькоў. Наведванне храмаў, далучэнне да святынь, традыцый беларускага народа абуджае ў дзяцей пачуццё гордасці за сваю краіну.

Былі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі ўзаемадзеяння сацыяльна-педагагічнага цэнтра і ўстановы адукацыі па забеспячэнні псіхалагічна бяспечнага асяроддзя.

У гэтым годзе падалі заяўку на ўдзел у эксперыментальным праекце па ўкараненні праінжынерыі, каб пачынаць працаваць з вучнямі 8 класа. Жодзіна — горад машынабудаўнікоў, каму як не нам разві­ваць інжынерны кірунак. У гутарцы з кіраўніцтвам Беларускага аўтамабільнага завода ўжо ўзнімалася пытанне падтрымкі і развіцця ў нашай установе робататэхнікі. Гаворка ідзе аб сумеснай рабоце на базе адпаведнай лабараторыі завода. Два гады назад пры падтрымцы Жодзінскага гарвыканкама мы атрымалі абсталяванне для інжынернага класа, што дазволіла прасунуцца ў гэтым кірунку. Нашы дзеці паспяховыя ў розных конкурсах па робататэхніцы, таму будзем развівацца далей.

Дарэчы, у гімназіі дзейнічаюць класы педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні арганізавана з 8 класа.

— У вашым гімназічным асяроддзі вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню асобы, моцнай духам і целам. Што ў выхаванні ставіце на першае месца?

— Важным напрамкам работы з’яўляецца выхаванне грама­дзянскасці. На базе гімназіі 1,5 года назад быў створаны ваенна-пат­рыятычны клуб “Волат” сумесна з 65-й аўтамабільнай брыгадай, якая дыслацыруецца ў Жодзіне. За непрацяглы час клуб паспеў добра зарэкамендаваць сябе. У ім дзеці вучацца паважлівым адносінам да дзяржаўных сімвалаў, больш асэнсавана ўспрымаць такія паняцці, як грамадзянскасць і патрыятызм.

У Жодзіне доўгія гады функцыянуе цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання, з якім мы таксама даўно супрацоўнічаем. Другі год у нас працаваў ваенна-патрыятычны лагер, які арганізоўваем сумесна з 65-й аўтамабільнай брыгадай. Заняткі праводзяцца на базе часці. У выніку ў дзяцей фарміруецца правільнае паняцце пра службу ва Узброеных Сілах. Акрамя таго, нашы навучэнцы становяцца лепшымі на ваенна-патрыятычным спартыўным злёце праваслаўнай моладзі Беларусі. Такая дзейнасць дапамагае нам выхоўваць моцную духам асобу, сапраўднага грама­дзяніна і патрыёта.

Каб асоба была яшчэ і фізічна моцнай, вялікую ўвагу ўдзяляем спорту. Два гады назад з дапамогай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба адкрылі спартыўную пляцоўку, на якую могуць прыхо­дзіць не толькі навучэнцы, але і жыхары мікрараёна. У гімназіі працуе больш за 18 спартыўных секцый. На працягу апошніх чатырох гадоў на спартакіядзе гімназія займае толькі 1-я месцы. Нашы валейбольныя каманды не першы год абараняюць спартыўны гонар вобласці на рэспубліцы. Сёлета наша каманда заняла 2-е месца. Яшчэ гімназісты перамагаюць на абласных спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, удзельнічаюць у велапаходах, велапрабегах. Яны сапраўды моцныя духам і целам.

— Генадзь Вячаслававіч, ці існуе для вас паняцце ідэальнай школы?

— Ідэальнай школы не існуе, хоць такія ўяўленні і ёсць. Жыццё заўсёды ўносіць свае карэктывы. Дырэктару трэба правільна расстаўляць прыярытэты, быць стратэгам, каб не адставаць ад існуючых тэндэнцый. Важна чуць тыя задачы, якія ставіць перад адукацыяй кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, важна, каб школа была адкрытай навучальнай установай, куды не страшна захо­дзіць ні дзецям, ні бацькам, ні настаўнікам. Мы змаглі арганізаваць умовы для ўзаемапаважлівага супрацоўніцтва паміж дзецьмі, баць­камі і настаўнікамі. У нас няма крыўд і прэтэнзій. Кожны вучань расце ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі. І кожны настаўнік працуе ў дынаміцы гэтага росту.

— Дзякуй за гутарку і поспехаў у пакарэнні новых вяршынь!

Даведка

Генадзь Вячаслававіч Коршун — дырэктар гімназіі з 1996 года. Прадстаўляе Мінскую вобласць у Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі краіны, з’яўляецца намеснікам старшыні Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў, быў дэлегатам VII Усебеларускага народнага сходу. Прафесійны шлях пачынаў у 149-м прафесійна-тэхнічным вучылішчы Жодзіна. Выдатнік прафтэх­адукацыі БССР, выдатнік адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва навучальнай установы