У Калінкавічах вучаць спартыўнаму валанцёрству

- 11:46Сацыяльны ракурс

Ідэя нарадзілася ў настаўніцы фізічнай культуры і здароўя калінкавіцкай гімназіі Ірыны Багоевай і ў хуткім часе вылілася ў цікавы праект пад назвай “Школа спартыўнага валанцёра”. Праект уяўляе сабой адкрытую адукацыйную пляцоўку для тых, хто хоча развівацца, спазнаваць новае, павышаць асобасны патэнцыял і дасягаць перамог, удзельнічаючы ў арганізацыі і правядзенні спартыўных мерапрыемстваў ад рэгіянальнага да міжнароднага ўзроўню.

— Задача школы заключаецца ў тым, каб пака­заць яе ўдзельнікам, што спартыўныя валанцёры — гэта не толькі афіцыйныя памочнікі аргкамітэтаў буйных спартыўных па­дзей, але і носьбіты ідэй добраахвотніцтва, — расказвае Ірына Анатольеўна. — Валанцёры — частка фірменнага стылю. Гэта ганарова, але і вельмі адказна, бо яны — своеасаблівы твар любога турніру. Ад таго, як яны сябе паводзяць, у многім залежыць успрыманне гасцямі краіны-арганізатара таго ці іншага спартыўнага мерапрыемства.

Удзельнікамі школы спартыўнага валанцёра сталі 32 школьнікі з розных устаноў адукацыі горада. Яны рыхтуюцца стаць трэнерамі і суддзямі на масавых спартыўных спаборніцтвах у галіне развіцця масавага футбола.

Дзейнічаць новы адукацыйны праект пачаў з верасня 2018 года. Была распрацавана спецыяльная праграма, якая ўключае некалькі тэарэтычных і практычных модуляў. Юнакі і дзяўчаты вывучаюць такія дысцыпліны, як “Увядзенне ў спартыўнае валанцёрства і індустрыю спорту ў галіне футбола”, “Спартыўная этыка”, “Спартыўная журналістыка”, “Тэарэтычныя аспекты”, “Спецыяльны курс англійскай мовы”, “Асновы медыцыны для спартыўных валанцёраў” і “Асаблівасці ўзаемадзеяння валанцёраў з рознымі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва”.

Як бачым, арганізатары даволі сур’ёзна падышлі да справы. Паралельна з тэарэтычнымі ведамі навучэнцы атрымліваюць практычныя навыкі. За ўвесь перыяд рэалізацыі праекта школьнікі прынялі ўдзел у разнастайных майстар-класах, якія праводзілі эксперты і спецыяльныя госці, прайшлі стажыроўкі на спартыўных мерапрыемствах. За час навучання ў праекце юныя спартыўныя валанцёры ўжо не аднойчы аказвалі дапамогу на спартыўных пляцоўках не толькі раённага, але рэспубліканскага ўзроўню. Яскравы прыклад — удзел у Рэспубліканскай спартакіядзе інвалідаў-калясачнікаў “Палеская восень”. Вучэбная праграма школы спартыўнага валанцёра ўключае таксама наведванне спартыўнай інфраструктуры, размешчанай на тэрыторыі горада і вобласці, знаёмства з прафесіяналамі, за плячыма якіх значныя спартыўныя перамогі. Незабыўнымі для валанцёраў застаюцца гутаркі з вядомымі спартсменамі рэгіёна Раманам Петрушэнкам і Яраславам Макушынскім, а таксама сустрэча з начальнікам аддзела развіцця масавага футбола асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Віталем Крупіцам.

Ужо сёння ў скарбонцы калінкавіцкіх валанцёраў-пачаткоўцаў мноства падзяк ад грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў”, куратараў раённых спаборніцтваў ZONERACE і райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Больш за тое, выхаванцы школы спартыўнага валанцёра паспяхова прадставілі свой праект на конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і трапілі з ім у спіс лепшых распрацовак вобласці.

За пяць месяцаў удзелу ў праекце спартыўныя валанцёры навучыліся многаму. Аднак, як запэўніла аўтар і кіраўнік школы спартыўнага валанцёра Ірына Багоева, на гэтым найбліжэйшыя планы юных актывістаў не заканчваюцца. Яны ўжо запрошаны на судзейства і для аказання дапамогі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па пляжным футболе ў Мазыры, рэспубліканскім фестывалі школьных футбольных клубаў, а таксама турыстычным злёце грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў”.

Магчыма, не ўсе з тых школьнікаў, якія былі ўцягнуты ў спартыўны рух з дапамогай гэтага цікавага праекта, выберуць для сябе спорт справай жыцця і звяжуць з ім сваю будучыню. Але ў кожнага застануцца атрыманыя ў школе спартыўнага валанцёра веды і практычныя навыкі, цікавыя сустрэчы і  мерапрыемствы. І ўсё гэта дзякуючы неабыя­кавай настаўніцы Ірыне Анатольеўне Багоевай.

Наталля ЛУТЧАНКА.