У кампаніі зорак

Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь ужо другі год запар арганізоўвае алімпійскі ўрок у фармаце інтэлектуальнага турніру. Сёлета ў ім удзельнічалі навучэнцы 16 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, сярэдніх школ, вучылішчаў алімпійскага рэзерву, спецыялізаваных па спорце класаў і знакамітыя беларускія спартсмены.

Віталь Міхайлаў.

Падняць дух каманды і дапамагчы сваімі ведамі прыехалі алімпійскі чэмпіён па фехтаванні (рапіра) Аляксандр Раманькоў, алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Аляксандр Багдановіч, бронзавы прызёр Алімпіяды па веласпорце Наталля Цылінская, уладальніца “бронзы” Алімпійскіх гульняў па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына і іншыя. Чацвёра, дарэчы, удзель­нічалі ў гэтым турніры летась і мелі пэўны вопыт. Гэта Аляксандр Багдановіч, шасцікратны пераможца Лігі чэмпіёнаў Еўрапейскай федэрацыі гандбола Сяргей Рутэнка, сярэбраны прызёр ІІ Еўрапейскіх гульняў па самба Марына Жарская і бронзавы прызёр ІІ Еўрапейскіх гульняў па веславанні на байдарцы Дзмітрый Трэццякоў.

Інтэлектуальны турнір складаўся з 7 тураў, у кожным — па 7 пытанняў. Туры былі тэматычнымі: першы — алімпійскі, другі — алімпійскі рух і Беларусь, трэці — агульнаспартыўны, чацвёрты — музычны (пытанні пра музычныя творы, якія звязаны са спортам), пяты — відэатур, шосты — карцінкі, сёмы — бліц. “Уражанні радасныя, цудоўная зала, усе каманды цікавыя. Прыемна, што сабраліся дзеці з усёй краіны. Я сам трэнер па валейболе і адчуваю сябе ў падобнай сітуацыі, як на спаборніцтвах, толькі там я бліжэй да пляцоўкі знаходжуся і мяне чуюць, а тут хочацца падказаць, але адлегласць перашкаджае, — гаворыць Артур Знахарэнка са СДЮШАР “Энергія” Гомеля. “Мне вельмі падабаецца, атмасфера прыемная, — дзеліцца навучэнец сярэдняй школы № 1 Смаргоні Дзяніс Яблонскі. — Я удзельнічаю ў падобнай гульні ўпершыню, таму эмоцыі моцныя. Калі падумаць, то пытанні не вельмі цяжкія, але часта не хапае часу”. Кацярына Аляксеева з Мінскага дзяржаўнага гарадскога вучылі­шча алімпійскага рэзерву таксама не бачыць цяжкасці ў пытаннях, бо каманда гуляе зла­джана, усе думаюць, усе ўдзель­нічаюць у пошуках адказу. Дарэчы, менавіта іх каманда (у якой быў і пераможца этапу Кубка свету па канькабежным спорце 2018 года ў мас-старце Віталь Міхайлаў) стала чэмпіёнам тур­ніру.

Удзельнікі алімпійскага ўрока атрымалі каштоўныя прызы і традыцыйныя алімпійскія дзённікі, а таксама навукова-папулярнае выданне “Хутчэй. Вышэй. Мацней”, якое НАК распрацавала спецыяльна да навучальнага года. У хуткім часе кожная школа Беларусі будзе мець свой экзэмпляр гэтай кнігі.

Паспрабуйце і вы адказаць на некалькі пытанняў:

1. Махамед Алі — алімпійскі чэмпіён і чалавек-легенда ў свеце бокса — пакутаваў ад боязі авіяпералётаў. Падчас трансатлантычнай паветранай вандроўкі на Алімпійскія гульні 1960 года ў Рым для барацьбы са страхам ён узяў з сабой на борт ГЭТА. Што?

2. Калі футбольны клуб “Абердзін” падпісаў мараканца Хішама Зеруалі, балельшчыкі адразу далі яму мянушку. Менавіта таму спартсмен стаў гуляць у майцы пад гэтым нумарам, які раней ніколі не выкарыстоўваўся. Пад якім нумарам выступаў футбаліст?

3. Першапачаткова ў Старажытнай Грэцыі гэтыя ўстановы прызначаліся для фізічных практыкаванняў. Пазней яны сталі папулярныя таксама як цэнтры зносін і інтэлектуальных спрэчак. З XVI стагоддзя гэтыя ўстановы пачалі набываць сучасныя функцыі. У наш час знаходжанне ў іх лічыцца ганаровым і прэстыжным. Пра якія ўстановы ідзе гаворка?

Адказы: 1. Парашут. 2. Нуль. 3. Гімназіі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.