У кантэксце сучасных патрабаванняў

Двухдзённы семінар “Інфармацыйнае суправаджэнне паспяховых педагагічных практык” для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў і настаўнікаў-прадметнікаў устаноў адукацыі рэгіёна адбыўся на базе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Семінар быў накіраваны на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і прысвечаны разгляду зместавых аспектаў фарміравання паспяховых педагагічных практык, сучасных інструментаў і каналаў іх інфармацыйнага суправаджэння, вопыту ўстаноў адукацыі ў дадзеным напрамку. У абмеркаваннях прыняла ўдзел начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Дарожка.

— У сучасным інфармацыйным грамадстве важную функцыю выконваюць каналы распаўсюджвання інфармацыі, у тым ліку аб паспяховых педагагічных практыках і ў прыватнасці — у галіне выхавання падрастаючага пакалення,— адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай, ідэалагічнай, сацыяльнай работы і спецыяльнай адукацыі ВАІРА Іда Сітнікава. — На жаль, усё яшчэ даволі частай для педагагічных работнікаў з’яўляецца праблема прадастаўлення інфармацыі аб сваім педагагічным вопыце, калі дзейнічае ўстаноўка “лепш я буду толькі працаваць, атрымліваць пэўны вынік, чым усё гэта ў дадатак і занатоўваць”. Гэта бесперспектыўны і цалкам неапраўданы падыход, бо інфармацыйнае суправаджэнне сёння выступае абавязковай умовай і неад’емным складнікам адукацыйнага працэсу. Удзельнікі семінара пашырылі свае веды аб відах інфармацыйных матэрыялаў (у дачыненні да аўтарскіх публікацый у друкаваных і электронных СМІ, паліграфічнай і метадычнай прадукцыі), аб патрабаваннях да іх падрыхтоўкі і афармлення. Мы абмеркавалі на канкрэтных прыкладах інфармацыйнае суправаджэнне паспяховых педагагічных практык у сацыяльных сетках, актуалізавалі свае навыкі і ўяўленні адносна магчымасцей сэрвісаў Google (асаблівую цікавасць выклікала знаёмства з платформай Blogger), што дазваляюць педагогам эфектыўна задзейнічаць інтэрнэт-рэсурсы, папулярныя сярод дзяцей і моладзі.

Праблемнае поле семінара ўключала таксама тэарэтычны і метадычны кампаненты суправаджэння ад вызначэння мэты і задач, планавання да рэалізацыі і ацэнкі, уключаючы адбор і абгрунтаванне актуальнасці выкарыстання педагагічных тэорый, аналіз сацыяльных запытаў і патрэб як асновы арганізацыі выхавання. Вопыт інфармацыйнага суправаджэння выхаваўчай дзейнасці, выніковага ўзаемадзеяння з дзецьмі ў інтэрнэт-прасторы прадставілі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Наваполацка Ірына Дабравольская і педагог дадатковай адукацыі аддзела сацыяльных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Вікторыя Пузатка.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.