У карыснасці Еўразійскага эканамічнага саюза няма сумненняў

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Карысць ад стварэння і дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) не выклікае сумненняў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў на сустрэчы са старшынёй калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгранам Саркісянам.

Паводле інфармацыі прэс-службы казахстанскага лідара, у ходзе сустрэчы былі абмеркаваны пытанні развіцця ЕАЭС, паглыблення эканамічных адносін аб’яднання з трэцімі краінамі, а таксама агульная стратэгія дзеянняў краін-членаў у існуючых умовах на глабальных рынках.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што старшынства Саркісяна і калегіі ЕЭК прыпала на складаны час у сусветнай эканоміцы, і ў гэтых умовах няпроста знайсці новыя пункты росту.
“Аднак усе гэтыя выдаткі ніяк не звязаны з работай Еўразійскага эканамічнага саюза. У карыснасці нашага інтэграцыйнага аб’яднання ў мяне няма ніякіх сумненняў”, — заявіў Нурсултан Назарбаеў. Ён адзначыў, што сёння шмат краін выказваюць жаданне ўступіць або стварыць з ім агульную зону свабоднага гандлю. “Крызіс — гэта часовая з’ява, а агульны патэнцыял нашых эканомік і аб’ёмы рынку застаюцца”, — сказаў Н.Назарбаеў.
Акрамя таго, Прэзідэнт Казахстана дадаў, што членства ў інтэграцыйным аб’яднанні прадугледжвае не толькі выкарыстанне магчымасцей, але і неабходнасць укладу ў яго развіццё.
Старшыня калегіі ЕЭК выказаў упэўненасць, што ў год старшынства Казахстана інтэграцыйным працэсам будзе нададзены новы імпульс да развіцця.