На базе Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Вялікай Бераставіцы дзейнічаў дзіцячы аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Дружба”.
З першага дня дзеці акунуліся ў атмасферу летняга настрою і творчасці. Разам са спецыялістамі цэнтра пабывалі “У гасцях у Васілісы Прамудрай”, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў на асфальце “Чароўная крэйда, адлюструй гарадок”. Быў праведзены шэраг спартыўных мерапрыемстваў, конкурсна-гульнявых і забаўляльных праграм “Нам сёння весела!”, “Усё аб усім”, “Вялікія гонкі”, “Разам весела крочыць!”, “Пытанні — адказы”, “Аб самым галоўным” і інш. Пры наведванні Бераставіцкага фізкультурна-аздараўленчага спартыўнага цэнтра пад кіраўніцтвам інструктара дзеці з задавальненнем займаліся на розных трэнажорах.
На працягу ўсёй змены праводзіліся патрэбныя для дзяцей гутаркі “Кроч смялей наперад, юны пешаход!”, “Парады доктара Айбаліта”, “Вітаміны і карысныя прадукты”.
Выхаванцы наведалі бібліятэку і музей вавёркі ў Вялікай Бераставіцы, прынялі ўдзел у майстар-класах, арганізаваных спецыялістамі Бераставіцкага ЦТДіМ. Напрыклад, у рамках праекта “Вясёлка лета” для дзяцей была арганізавана творчая майстэрня “Кветкі лета”, дзе яны сваімі рукамі пад кіраўніцтвам дарослых зрабілі сувеніры. Навучэнцы з задавальненнем наведалі выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Фантазіі ўмелых рук”, а таксама сталі ўдзельнікамі майстар-класа па дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Матылькі з фетру”.
Самай запамінальнай падзеяй стала паездка ў конна-спартыўны цэнтр “Кавалькада”, што знаходзіцца ў вёсцы Вялікія Эйсманты. Дзеці пакаталіся верхам на конях, а таксама даведаліся, як правільна іх даглядаць. Час прайшоў вельмі цікава, бо зносіны з коньмі — вельмі займальны занятак, і ў дадатак здымае псіхалагічнае напружанне. Дарэчы, дзякуючы кіраўніцтву КСУП “Варанецкі” такая магчымасць ужо неаднаразова прадастаўлялася нашым дзецям для таго, каб яны атрымалі зарад бадзёрасці, здароўя і добрага настрою.
Аксана КУДЛАШ,
педагог сацыяльны ЦКРНіР Вялікай Бераставіцы Бераставіцкага раёна.