Казахстан: у казахстанскіх каледжах уводзяць дэманстрацыйныя экзамены па патрабаваннях WorldSkills

Папулярны ва ўсім свеце рух WorldSkills актыўна развіваецца і ў Казахстане. Удасканальваецца сістэма арганізацыі і правядзення рэспубліканскага і рэгіянальных чэмпіянатаў, развіваюцца інстытуты партнёрства і экспертнай супольнасці. Пра гэта гаварылі ўдзельнікі чарговага пасяджэння Генеральнай асамблеі WorldSkills Kazakhstan, перадае МІА “Казінфарм”.

Як паведаміла прэс-служба Мінадукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан у сваім Facebook, Казахстан уступіў у праграму WorldSkills у 2014 годзе і стаў 70-м членам WSI. За кароткі час казахстанскія студэнты дасягнулі добрых вынікаў на сусветных чэмпіянатах. “У руху WorldSkills мы ўдзельнічаем сёмы год. За гэты час Казахстан прасунуўся ўверх з 50-га месца на 14-е. Нагадаю, у 2019 годзе наша зборная заняла 14-е месца ў агульнакамандным заліку сярод 63 краін-удзельніц. Гэта станоўчы вынік. Казахстан і надалей будзе развіваць гэты рух для бенчмаркетынгу лепшых практык у сферы падрыхтоўкі рабочых кадраў. У прыватнасці, мы ўкараняем стандарты WorldSkills у вучэбны працэс, праводзім дэманстрацыйныя экзамены ў каледжах і арганізуем работу па навучанні і сертыфікацыі экспертаў”, — адзначыла віцэ-міністр адукацыі і навукі Шолпан Карынава.

У 2020 годзе былі распрацаваны рэкамендацыі па правядзенні дэманстрацыйнага экзамену па стандартах WorldSkills і распачата правядзенне дэмаэкзамена у 36 каледжах краіны. Таксама летась створаны Апякунскі савет WorldSkills. Развіццё атрымалі галіновыя напрамкі з удзелам бізнесу, такія як AgroSkills, карпаратыўны чэмпіянат Kazakhmys і інш.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.