У клопаце пра дзяцей і настаўнікаў

З асаблівым хваляваннем першых вераснёўскіх дзён чакае дырэктар сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы Мікалай Васільевіч Жуковіч. І гэта зразумела — па яго чарговым вучэбным дапаможніку “Літаратурнае чытанне” пачнуць займацца ўжо вучні 4 класа ў школах з беларускай і рускай мовамі навучання. Як успрымуць дзеці і настаўнікі новую кнігу?

Асоба Мікалая Васільевіча ўнікальная тым, што ён на сёння пакуль адзіны ў рэспубліцы настаўнік, які на конкурснай аснове стаў пераможцам і персанальным аўтарам аж трох вучэбных дапаможнікаў па беларускім літаратурным чытанні для вучняў 2, 3 і 4 класаў пачатковай школы. Яго аўтарству належаць і тры дапаможнікі для настаўнікаў — “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (Аверсэв, 2007), “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (Аверсэв, 2015), “Літаратурнае чытанне ў 2 класе” (Нацыянальны інстытут адукацыі, 2017).

Бярозаўскі дырэктар, акрамя выканання сваіх функцыянальных абавязкаў у роднай школе, штогод папаўняе вучэбна-метадычны комплекс для І ступені агульнай сярэдняй адукацыі распрацоўкамі прыкладнага каляндарна-тэматычнага планавання і метадычнымі каментарыямі да ўрокаў, якія пастаянна друкуюцца на старонках рэспубліканскіх навукова-метадычных часопісаў “Пачатковая школа” і “Пачатковае навучанне”. Пазней творчы педагог плануе выдаць іх асобнымі дапаможнікамі пад загалоўкамі “Літаратурнае чытанне ў 3 класе” і “Літаратурнае чытанне ў 4 класе”. У час летняга адпачынку Мікалай Васільевіч паралельна як суаўтар рыхтаваў яшчэ адзін вучэбны дапаможнік — “Беларуская літаратура” для вучняў 9 класа.

Якімі інавацыйнымі асаблівасцямі вызначаюцца кнігі літаратурнага чытання пад аўтарствам М.В.Жуковіча? Па-першае, гэта ўвядзенне мэтавызначэння праз старонкі-навігатары. Мікалаю Васільевічу ўдалося на мове вучняў увесці асноўныя праграмныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці: вучні “павінны ведаць і разумець”, а таксама “ўмець”. Пры пастаноўцы задач за аснову браліся падыходы метаду актыўнай ацэнкі, з якім аўтар асабіста пазнаёміўся дзякуючы стасункам з польскімі выкладчыкамі ў час творчай камандзіроўкі ў Варшаву. Па-другое, раней у падручніках-хрэстаматыях тлумачэнне невядомых дзецям слоў традыцыйна знаходзілася пасля твора. У вучэбных дапаможніках Жуковіча спецыяльная рубрыка “Слоўнік” размешчана перад праграмным тэкстам, бо ўяўляецца мэтазгодным спачатку падрыхтаваць юнага чытача да ўспры-мання верша, апавядання ці казкі, а ўжо потым пераходзіць да знаёмства з самім творам і аналізу яго зместу. Па-трэцяе, інавацыйны падыход яскрава назіраецца ў падручніку для вучняў 2 класа з беларускай мовай навучання, у якім аўтар размясціў на зялёных плашках пазнавальна-выхаваўчы матэрыял пад рубрыкай “Звярніце ўвагу”. Напрыклад, школьнікам будзе цікава даведацца, што верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык” быў любімым творам першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына і дапамог яму палюбіць неба і стаць лётчыкам.

Да новага ў дапаможніках па літаратурным чытанні можна аднесці разнастайныя заданні для парнай або групавой работы ў класе пад аднайменнай рубрыкай з мэтай развіцця вуснага маўлення дзяцей. Мікалай Васільевіч перакананы, што вучні пачатковых класаў хутчэй і смялей загавораць па-беларуску, калі будуць весці размову не толькі з настаўнікам, але і з равеснікамі. Упершыню ў дапаможнікі па літаратурным чытанні аўтар увёў рубрыку “Пафантазіруйце”, якая дае магчымасць маленькім чытачам прагназаваць змест мастацкага твора і развіваць у іх літаратурна-творчыя здольнасці. Настаўнік у час дэкламацыі недачытвае праграмны твор і прапануе вучням самім развіць сюжэт далей ці здагадацца па загалоўку і прадстаўленым малюнку, аб чым будзе весціся гаворка ў апавяданні ці казцы. Тут педагогу важна своечасова пахваліць фантазёра за цікавы ўласны варыянт канцоўкі і затым параўнаць сказанае з аўтарскім арыгіналам.

Далучаюць да літаратурнай творчасці вучняў 2—3 класаў і асобныя заданні рубрыкі “Давайце абмяркуем тэму разам” ці ў 4 класе — “У свеце прыгожага”, дзе падаецца не толькі фотаздымак жывапіснага ці скульптурнага твора мастацтва, але і пэўнае заданне, напрыклад, скласці па прадстаўленых пытаннях вусны партрэт адлюстраванага галоўнага героя. У 4 класе з мэтай развіцця менавіта творчасці спецыяльна ўведзена рубрыка “Хвілінкі творчасці”. Вучэбны дапаможнік “Літаратурнае чытанне” для вучняў 4 класа вызначаецца падборкай інавацыйных заданняў для фарміравання чытацкай пісьменнасці. Заданні распрацаваны з мэтай адаптацыі вучняў да ўдзелу ў маніторынгу па ацэнцы іх адукацыйных дасягненняў па лініі міжнародных праграм TIMSS, PISA, PIRLS.

Ёсць у Мікалая Васільевіча яшчэ адзiн вельмi значны напрамак творчых цiкавасцей — жыццё i лiтаратурная дзейнасць пiсьменнiкаў-землякоў — паэтэсы Нiны Мацяш, драматурга Мiколы Арахоўскага і празаіка Івана Сычыка. Дырэктар — даўнi i шчыры прапагандыст творчасцi паэткi. Яшчэ з першых крокаў сваёй педагагiчнай дзейнасцi iмкнуўся захапiць вучняў асобай i вершамi аўтаркi “Паэмы жнiва”. Менавiта Мiкалай Васiльевiч дамогся таго, што Нiна Мацяш напiсала яму для работы з вучнямi сваю аўтабiяграфiю, а ён затым паслаў у друк, каб гэта стала набыткам масавага чытача.

Калi Ніны Мацяш не стала, бярозаўскі дырэктар апублiкаваў успамiны пра сустрэчы з ёю, сумесныя паездкi да прыхiльнiкаў яе творчасцi. Пазней таленавіты дырэктар разам са сваімі вучнямі дапоўнiў бiяграфiю творцы, засяродзiўшы ўвагу на яе сям’i, дзiцячых i юнацкiх гадах. Даследчыкі сустрэлiся i запiсалi ўспамiны сваякоў Ніны Мацяш, аднакласнiкаў. Сабраны матэрыял аказаўся цiкавым i свежым. У выніку — чакае выхаду яшчэ адна кніга эсэ “Сцвярджаць высокае мастацтва”.

Нарадзіўся і ўзгадаваўся таленавіты аўтар на Бярозаўшчыне ў старажытнай палескай вёсцы Здзітава. Тут атрымаў сярэднюю адукацыю. Дакладнасці i выразнасці маўлення ад сваiх шасцярых дзяцей патрабавала мацi, таму менавіта яна была першай філалагіняй. Любоў да чытання, да касы і плуга прывіваў бацька. Яны перадалi Мiколу любоў да народнай песнi i казкi. Школьныя настаўнiкi паглыбiлi гэтую любоў i прадвызначылi жыццёвы выбар — быць настаўнiкам беларускай мовы i лiтаратуры. Сам М.В.Жуковiч пра гэта скажа так: “Любоў да народнай песнi i казкi, ваеннай прозы Кузьмы Чорнага i Васiля Быкава, дзiцячае “дырэктарства”, аўтарытэт школьных настаўнiкаў-фiлолагаў сталi складнiкамi выбару спецыяльнасцi, пра што нi разу не пашкадаваў”. Настаўнiкам Мікалай Васільевіч хацеў стаць з ранняга дзяцiнства, выступаючы iнiцыятарам гульнi “ў школу”, дзе ён заўсёды быў строгiм i патрабавальным настаўнiкам, за што бацькi далi свайму старэйшанькаму мянушку Дырэктар, як бы прадчуваючы, кiм той стане на доўгiя гады свайго жыцця.

І вось у 1994 годзе Мiкалая Васiльевiча прызначаюць дырэктарам школы № 1 iмя В.Х.Галаўко Бярозы. На гэтай пасадзе працуе ўжо амаль 25 гадоў. Дырэктар па сутнасцi — настаўнiк настаўнiкаў. Ёсць, аднак, сярод выпускнiкоў школы, якую ўзначальвае М.В.Жуковiч, нямала тых, хто пад яго ўплывам абраў сабе педагагiчную прафесiю, сярод iх i яго двое сыноў — Саша і Андрэй. Абодва працуюць трэнерамі па футболе ў спартыўнай школе Бярозы. Трэці, Сяргей, прыёмны, збiраецца таксама стаць трэнерам па лёгкай атлетыцы, а пакуль што перайшоў у 10 клас. Што ні кажы, але выразна праглядваецца настаўнiцкая дынастыя Жуковiчаў.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *