У клопаце пра сучасную якасць адукацыі

- 11:03Планёрка ў рэгіёне

У сістэме адукацыі Магілёўскага раёна якасць навучання і выхавання забяспечваецца абнаўленнем зместу і тэхналогій адукацыі, перападрыхтоўкай педагагічных кадраў, аптымізацыяй і эфектыўным выкарыстаннем наяўных рэсурсаў, мадэрнізацыяй матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццём канкурэнтнага асяроддзя прадастаўлення адукацыйных паслуг, таму сённяшняя гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага райвыканкама Андрэем Барысавічам ЗАБЛОЦКІМ пра тое, як паспяваць за часам.

— Андрэй Барысавіч, як развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Магілёўскага раёна ў гэтым навучальным годзе?

— Структура адукацыйнай сеткі раёна дазваляе забяспечыць якасць адукацыйных запытаў для больш чым 3 тысяч школьнікаў і 1,5 тысячы дашкольнікаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для іх адкрыты 28 класаў інтэграванага навучання, 9 інтэграваных і 3 спецыяльныя групы, 24 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Асаблівасць раёна — яго тэрытарыяльная размешчанасць вакол Магілёва і адсутнасць свайго раённага цэнтра. Таму шмат увагі даводзіцца -ўдзяляць арганізацыі падвозу да месца вучобы. 1400 дзяцей (1197 школьнікаў і 168 дашкольнікаў) падвозяць 28 школьных аўтобусаў, два з якіх набыты ў 2017 годзе. У нашым рэгіёне райвыканкамам прымаюцца мэтанакіраваныя меры па вырашэнні праблем галіны адукацыі. Штогод на адукацыю выдаткоўваецца каля 50% раённага бюджэту. Выконваюцца нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў, прагнозныя паказчыкі эканомікі адукацыі, па росце заработнай платы, платных паслугах адукацыі, мэтавага паказчыка па энергазберажэнні. Стыпендыі Магілёўскага райвыканкама ў памеры 2 базавых велічынь штогод атрымліваюць 3 лепшыя вучні, а пераможцы прадметных алімпіяд — прэмію. Склалася сістэма работы з адоранымі навучэнцамі, што дазваляе дасягаць стабільных вынікаў. У бягучым годзе па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды атрымана 6 дыпломаў і 4 пахвальныя водзывы. У заключным этапе навучэнка Кадзінскай сярэдняй школы Вольга Врукала заваявала дыплом І ступені на алімпіядзе па абслуговай працы (настаўніца А.Э.Заблоцкая). Дарэчы, гэтая школа неаднаразова прызнавалася лепшай на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Лідзіруючыя месцы займае і яслі-сад Кадзіна. За дасягненні ў вучобе і творчай дзейнасці ў мінулым годзе

5 навучэнцаў былі ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў. У 2017 годзе зборная каманда юнакоў раёна заняла першае месца ў абласных фінальных спаборніцтвах па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне “Б” і другое месца ў Рэспубліканскіх фінальных спаборніцтвах.

— Ваша мадэль прафілізацыі мае станоўчыя водгукі. На чым яна заснавана?

— Галоўныя задачы па прафарыентацыйнай рабоце з вучнямi — сфарміраваць станоўчае стаўленне да працы; навучыць разбірацца ў змесце прафесійнай дзейнасці; суадносіць патрабаванні, што прад’яўляюцца прафесіяй, з індывідуальнымі якасцямі. Мадэль профільнага навучання ў рэгіёне фарміруецца ў адпаведнасці з запытамі навучэнцаў з улікам нарматыўных патрабаванняў. У 8 установах (32,1%) арганізавана работа 16 профільных груп. Самавызначэнню выпускнікоў спрыяе навучанне ў 6-і класах МНС, 2-х спартыўных і 6-і педагагічных класах. Мы не страцілі базу для навучання па прафесіі трактарыст катэгорыі А” (Дашкаўская сярэдняя школа і Раманавіцкая сярэдняя школа). Больш за 10 гадоў Мастоцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа супрацоўнічае з ліцэем № 1 Магілёва па атрыманні выпускнікамі рабочых прафесій. Удзяляецца ўвага стварэнню неабходнай матэрыяльнай базы пры арганізацыі профільнага навучання і навучання па напрамках. Напрыклад, 2 гады назад набыты трактар для практычнага навучання ваджэнню. На працягу ўсіх гадоў 100% навучэнцаў па прафесіях здаюць выпускны экзамен з сярэдняй адзнакай 8 балаў. Пасведчанні аб прысваенні адпаведнай рабочай кваліфікацыі штогод атрымліваюць каля 25 выпускнікоў школ раёна.

— Як у вашым раёне наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі?

— Толькі пры цесным узаемадзеянні сям’і і школы можна дасягнуць станоўчага выніку ў выхаванні падрастаючага пакалення. Педагогі нашых устаноў адукацыі імкнуцца як мага часцей праводзіць сумесныя мерапрыемствы, у якіх прымаюць удзел не толькі настаўнікі і дзеці, але і іх бацькі. Гэтаму садзейнічае работа ў шосты школьны дзень, калі бацькі могуць прыйсці ў школу, прыняць удзел у падрыхтоўцы і правядзенні сумеснага свята. Акрамя таго, у шэрагу школ працуюць сямейныя клубы “Паспяховае бацькоўства”. Падчас пасяджэнняў такіх клубаў разам з педагогамі-псіхолагамі знаходзяцца шляхі вырашэння праблем у дзіцяча-бацькоўскіх адносінах. Асаблівая ўвага належыць дзецям з сем’яў, якія адносяцца да групы сацыяльнай рызыкі, а таксама тым, якія знаходзяцца на розных відах уліку.

— Раскажыце, калі ласка, наколькі ў вашым рэгіёне запатрабаваны РВМК?

— РВМК поўнасцю забяспечвае метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу. Усе формы метадычнай работы з педагогамі раёна арыентаваны на дыялог з настаўнікам (выхавальнікам) і шырокае выкарыстанне вынікаў работы калег. Яны разнастайныя. Гэта пасяджэнні раённых метадычных аб’яднанняў, творчых груп, тэматычныя семінары для педагогаў (напрыклад, з прымяненнем актыўных методык “Мазаіка” або “Акварыум”). У цяперашні час актуальнасць набывае методыка “Падоўжаная канферэнцыя”. Варта адзначыць, што вынікам эфектыўнай метадычнай работы з педагогамі з’яўляецца штогадовая рэалізацыя рэспубліканскіх інавацыйных праектаў на базе ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Таксама нашы педагогі на працягу некалькіх гадоў займаюць прызавыя месцы ў конкурсах прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў (настаўнікі матэматыкі, рускай мовы і літаратуры, геаграфіі), у абласным фестывалі кіраўніцкага вопыту дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Лідар адукацыі”. Маладыя педагогі раёна два разы запар сталі пераможцамі абласнога фестывалю маладых настаўнікаў “Прызванне — педагог” (у 2016 і 2017 гадах).

— Якія праблемы хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— Актуальнымі застаюцца праблемы ў рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18. На пачатак гэтага года ў раённым банку даных дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, знаходзіліся 274 непаўналетнія са 140 сем’яў. З мэтай кантролю за ўмовамі пражывання дзяцей у нядобранадзейных, мнагадзетных сем’ях штотыдзень ажыццяўляюцца міжведамасныя выезды з афармленнем адпаведных дакументаў. За 2017 год 27 непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 12 непаўналетніх вернуты бацькам у сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і. Асаблівай увагі з боку педагогаў патрабуюць пытанні зносін моладзі ў інтэрнэце, і ў першую чаргу ў сацыяльных сетках. Неабходна працягваць работу па павышэнні прафесійных кампетэнцый педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных, класных кіраўнікоў па прафілактыцы дэвіянтных паводзін навучэнцаў на дыферэнцыраванай аснове. Асаблівае пытанне — арганізацыя харчавання навучэнцаў. Узнікаюць праблемы з тэндарамі, закупкамі, выкананнем натуральных норм пры недахопе грашовых сродкаў, кваліфікаваных кадраў у сельскай мясцовасці. Праблемы ўзнікаюць, а мы імкнёмся іх вырашаць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.