У клопаце пра здароўе і бяспеку дзяцей

- 15:20Брэстчына

У Столінскім раёне на мяжы з Украінай знаходзіцца Церабяжоўскі санаторны яслі-сад. Установу наведваюць выхаванцы ранняга і дашкольнага ўзросту. Прафілактычныя і рэабілітацыйныя мерапрыемствы праводзяцца ў садзе на працягу года па індывідуальным плане, які складаецца пасля паглыбленага агляду кожнага дзіцяці спецыялістамі.

“У яслях-садзе працуе кабінет масажу, фізіятэрапеўтычны кабінет, міні-фітабар, праводзіцца лячэбная фізкультура. Кожны выхаванец два разы ў год атрымлівае курс масажу, — падкрэлівае загадчык установы Святлана Міхайлаўна Новік. — Для рэабілітацыі і прафілактыкі пры захворваннях і траўмах — агульны масаж. З мэтай уздзеяння на біялагічна актыўныя кропкі — кропкавы масаж і самамасаж. Праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы: інгаляцыі, паласканне горла адварамі лекавых траў, содава-солевым растворам, вітамінатэрапія. Улічваючы тое, што палова захворванняў выхаванцаў — гэта захворванні верхніх дыхальных шляхоў, дзеці двойчы ў год праходзяць УФА-тэрапію, для падтрымкі імунітэту выкарыстоўваецца лямпа “Біяптрон”.

Пазнаючы навакольны свет, дашкольнікі часта трапляюць у сітуацыі, якія пагражаюць іх жыццю і здароўю, таму неабходна вучыць дзяцей правілам бяспечных паводзін. З гэтай мэтай у Церабяжоўскім яслях-садзе на працягу апошніх гадоў рэалізоўваецца праект па фарміраванні асноў бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей “За бяспеку разам”. Задача педагогаў заключаецца не толькі ў тым, каб абараняць выхаванцаў, але і развіваць у іх уменні арыентавацца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Працуючы над названай праблемай, вялікую ўвагу выхавальнікі ўдзяляюць стварэнню прадметна-гульнявога асяроддзя, афармленню кутка бяспекі для дзяцей. Сумесна з бацькамі педагогі сада зрабілі макеты спецтранспарту, знакі, касцюмы спецслужбаў і інш. Былі аформлены развіццёвыя дыдактычныя гульні, у тым ліку з выкарыстаннем ІКТ, QR-кодаў для дзяцей ад 4 да 6 гадоў. Для фарміравання практычных навыкаў па арыентацыі ў складаных жыццёвых сітуацыях у яслях-садзе праходзіў шэраг мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў МНС, РАУС (віктарыны, святы). Ва ўстанове таксама вядзецца работа па фарміраванні працоўных уменняў і элементарных уяўленняў аб працы дарослых і яе выніках, па выхаванні цікавасці да прафесій.

Якаснаму працоўнаму выхаванню дзяцей спрыяюць удасканаленне гульнявога асяроддзя ў яслях-садзе, а менавіта афармленне сюжэтна-ролевых гульняў, арганізацыя работы на прысадаўскім участку. У выніку ў дашкольнікаў пашыраецца і ўзбагачаецца ўяўленне пра навакольны свет, у якім яны жывуць, фарміруюцца элементарныя ўяўленні пра грамадскую значнасць той ці іншай прафесіі, выхоўваецца паважлівае стаўленне да працы дарослых. Так, у сюжэтна-ролевых гульнях выхаванцы паказваюць свае веды аб прафесіях, з прадстаўнікамі якіх сустракаюцца штодзённа (аператар, трактарыст, ратавальнік, пажарны, пагранічнік і г.д.). У дзяцей фарміруюцца першасныя ўяўленні аб прафесійных абавязках, аб неабходных інструментах для той ці іншай работы (даільным апараце, вогнетушыцелі, рацыі, малатку і інш.), аб элементах спецадзення прадстаўнікоў адпаведных прафесій (каска, белы халат і г.д.).

Традыцыйна на тэрыторыі ясляў-сада ствараецца агарод, што спрыяе непасрэднаму кантакту дзіцяці з прыродай, раслінамі, практычнай дзейнасці па іх доглядзе. Акрамя таго, падчас работы на ўчастку дзеці назіраюць за матылькамі, за шматлікімі птушкамі, слухаюць іх спевы, імкнуцца хоць нечым ім дапамагчы, пакарміць. Работа на агародзе стварае спрыяльныя ўмовы для фізічнага развіцця дзяцей, умацоўвае іх нервовую сістэму.

Вялікая каштоўнасць кожнага чалавека — любоў да роднага краю і гордасць за яго. Сфарміраваць у дзіцяці ўяўленні пра культурныя каштоўнасці і традыцыі свайго народа — гэта і жаданне бацькоў, і адна з вядучых выхаваўчых задач калектыву Церабяжоўскага ясляў-сада. Лепшая прапаганда традыцый — удзел у народных святах. На працягу года ў яслях-садзе праводзяцца каляндарныя народныя святы: Каляды, Масленіца і Юр’еў дзень, Купалле, Яблычны спас і Дажынкі. Значэнне любога традыцыйнага свята для дзяцей перш за ўсё ў тым, што яны могуць адчуць сваю прыналежнасць да малой радзімы, таму што любіць яе — значыць быць карысным і роднай зямлі, і людзям. Уражанні дзяцінства самыя моцныя і незабыўныя. Менавіта дзякуючы сённяшнім дзецям, у будучыні яшчэ больш расквітнее наша малая радзіма.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.