У клуб да супербабуль

- 15:34Брэстчына

Давыд-Гарадоцкі яслі-сад № 2 Столінскага раёна, які функцыянуе з кастрычніка 2015 года, быў створаны згодна з дзяржаўнай праграмай “Прыпяцкае Палессе” шляхам рэканструкцыі былых воінскіх казарм пад дашкольную ўстанову на 100 месцаў. У бягучым навучальным годзе тут дзейнічае 5 узроставых груп: адна — для дзяцей ранняга ўзросту, дзве групы інтэграванага навучання і выхавання і дзве дашкольныя групы.

“Сёння ў нашай установе створана моцная педагагічная каманда, якой па сілах вырашаць пастаўленыя задачы па забеспячэнні якасці выхавання і бяспекі здароўезберажэння дзяцей, умоў для развіцця іх творчых здольнасцей, — адзначыла загадчык ясляў-сада Ірына Аляксандраўна Місюра. — Перспектывы і шляхі развіцця ўстановы мы вызначаем з улікам запытаў бацькоў. Так, у бягучым навучальным годзе арганізавалі для дзяцей заняткі па фітнесе, па вывучэнні замежнай мовы звыш базавага кампанента вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Асабліва хочацца адзначыць цікавасць і падтрымку бацькоў у пытанні ранняга выяўлення і развіцця адоранасці сваіх дзяцей. Нашы выхаванцы — нязменныя ўдзельнікі ўсіх масавых мерапрыемстваў ясляў-сада, а таксама гарадскіх”.

Візітнай карткай установы стаў клуб бабуль “Нашы верныя сяброўкі — супербабулі”. Ідэя стварэння клуба ўзнікла з моманту адкрыцця ясляў-сада. Менавіта бабулі з непадробленай цікавасцю і энтузіязмам дапамагалі афармляць прадметна-развіццёвае асяроддзе груп, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю ўстановы, цікавіліся асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу. Сярод іх самая актыўная памочніца — Надзея Мікалаеўна Дранько.

Кіраўніцтва сада пастаянна шукае эфектыўныя формы і метады работы з дзецьмі, бацькамі, а таксама супрацоўнікамі. Тое, якой будзе ўстанова заўтра, плануецца сёння. Увесь яе калектыў разумее, што ў выхаванні будучага пакалення неабходна ісці ў нагу з часам. Фарміруючы мадэль узаемадзеяння ўстановы і сям’і, педагогі акрэсліваюць наступныя перспектыўныя кірункі: вызначэнне агульных мэт, уключэнне бацькоў у адукацыйны працэс і атрыманне ўзаемнай карысці для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, асветніцкая праца, прафілактыка сямейнай непаспяховасці, фарміраванне ў выхаванцаў культуры сямейных адносін.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.