У колерах супрэматызму

- 11:53Культура

У Віцебску на пляцоўцы ля пешаходнага моста 1000-годдзя завершана ўстаноўка новага арт-аб’екта “МОВА”.

Рознакаляровыя скульптуры-літары, што разам складаюцца ў слова “МОВА”, — чацвёрты з серыі падобных арт-аб’ектаў, якія, дзякуючы кампаніі А1 і праекту “Веліч роднай мовы”, з’явяцца ў шасці найбуйнейшых гарадах Беларусі. Галоўная адметнасць кожнай з арт-інсталяцый — у колерах. Адпаведна аўтарскай задуме вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, яны спецыяльна падбіраліся ў кожным выпадку, каб адлюстраваць гістарычныя і прыродныя адметнасці рэгіёнаў краіны. Для Віцебска выбрана спалучэнне жоўтага, сіняга, тэракотавага, чырвонага і чорнага. Такім чынам арт-аб’ект увасобіў колеры супрэматызму — мастацкага кірунку, заснаванага Казімірам Малевічам. Менавіта ў Віцебску роўна 100 гадоў назад ­адзін з найвядомейшых творцаў XX стагоддзя сабраў вакол сябе аднадумцаў і ўтварыў знакамітае аб’яднанне “УНОВІС”.

— Праекты па падтрымцы беларускай мовы і тэм, звязаных з пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці, — адзін з галоўных кірункаў дзейнасці А1, — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў. — Мы спадзяёмся, што арт-інсталяцыі ста­нуць папулярнымі месцамі адпачынку і будуць нагадваць пра тое, чым можа ганарыцца кожны беларус. Віцебск вядомы ва ўсім свеце як цэнтр авангарднага мастацтва дзякуючы аб’яднанню “УНОВІС”. Вяртанню на гістарычную ра­дзіму імёнаў і работ яго мастакоў прысвечаны асобны праект #UNOVIS100, у рэалізацыі якога актыўны ўдзел прымае кампанія А1. Мы вельмі рады, што цяпер праз арт-аб’ект “МОВА” адбываецца яшчэ і сімвалічнае вяртанне колераў, што ўпрыгожвалі віцебскія вуліцы, будынкі, трамваі ў 20-я гады.

Арт-аб’екты “МОВА” ўжо ўсталяваны на вуліцы Кірава ў Гомелі, набярэжнай Францыска Скарыны ў Брэсце і Траецкай набярэжнай у Магілёве, на чарзе Гродна і Мінск. Ідэя праекта грунтуецца на работах вядомага беларускага этнографа і мастацтвазнаўца Міхася Раманюка, а таксама канцэпцыі дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, апісанай ім у кнізе “Колер Беларусі”. Плануецца, што ў хуткім часе побач з інсталяцыяй у Віцебску з’явіцца сетка бясплатнага Wi-Fi ад А1.

— Праект арганічна ўпісаўся ў культурныя падзеі, якія адбываюцца ў Віцебску і Беларусі апошнім часам: святкаванне 100-гадовага юбілею УНОВІС, шматлікія выставы, акцыі, перформансы, — падзяліўся меркаваннем дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў. — Выявілася, што гэтая тэма вельмі важная і, самае галоўнае, актуальная не толькі для спецыялістаў, але і для шырокай аўдыторыі аматараў мастацтва. Новы для Віцебска арт-аб’ект цікавы пластычным і колеравым рашэннямі. Акрамя таго, ён важны і як пэўны знак, зыходны пункт для асэнсавання значэння візуальнай мовы як найважнейшага культурнага складніка нацыянальнай самасвядомасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена кампаніяй А1.