У кожнага свая літара

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе мастацкая выстава “Мая літара”, прымеркаваная да Дня ведаў. Экспазіцыя аб’яднала каля 20 работ — варыяцый літар кірылічнага і лацінскага алфавітаў — навучэнцаў сталічных арт-студый “Зебра” і “Зебрык” рознага ўзросту. Побач з працамі сёлетніх навучэнцаў размешчаны і творы тых, хто скончыў студыю 5—7 гадоў назад і ўжо атрымаў мастацкую адукацыю і творчыя прафесіі.

Выставачны праект “Мая літара” складаецца з дзвюх частак. Першая — мастацкія работы сённяшніх выхаванцаў студый, створаныя на працягу 2020 года. Другая — фатаграфіі малюнкаў, зробленых на працягу 2014—2018 гадоў, на якіх, акрамя твора-малюнка, можна ўбачыць яшчэ і яго аўтара.

“Юныя мастакі падзяліліся сваім унутраным светам і асацыяцыямі праз колер, вобразы, розныя графічныя тэхнікі. Яны пераасэнсавалі і творча трансфармавалі мастацтва ў літару, яе выгляд і аздабленне, — патлумачыла загадчыца сектара мастацкіх выстаў аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Вікторыя Харытонава. — На выставе паказаны як даволі наіўныя дзіцячыя асацыяцыі, так і своеасаблівы падлеткавы бунт, напрыклад, у працы з англійскай літарай J. Работы розныя, і, на маю думку, выдатна, калі дзіця выказвае сябе і сваё светаўспрыманне ў выяўленчым мастацтве”.

Спалучэнне фотаработ і малюнкаў яскрава сімвалізуе галоўную думку выставы: у кожнага аўтара — свае асацыяцыі з літарай, кожны мае свае спа­дзяванні, густы і мары, у кожнага — свая літара.

Работа Юльяны Чупрык.

Арт-студыі “Зебрык” і “Зебра” ўзначальвае выкладчык і дызайнер Вікторыя Камарова. Яна дапамагае асвоіць азы выяўленчага мастацтва дзецям малодшага, сярэдняга і старэйшага ўзросту, якія становяцца частымі ўдзельнікамі розных выстаў і міжнародных праграм. Іх работы таксама можна ўбачыць у сталічных мастацкіх галерэях “АртХаос” і “Універсітэт культуры”, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і інш.

“З літары пачынаецца вучоба ў школе. З яе пачынаецца кожнае свядома сказанае ці напісанае слова. Яна — першы крок у напрамку пазіцыі, прынцыпаў, усвядомленасці, уключанасці, рэфлексіі, учынкаў. А таму наша выстава, па-першае, зацікаўлівае самой літарай, якую хочацца выву­чаць, пачаць чытаць і пісаць. А, па-другое, падштурхоўвае юных наведвальнікаў экпазіцыі і самім удзельнічаць у творчых праектах, пачаўшы займацца ў якой-небудзь мастацкай студыі. У выніку, калі прыкласці дастаткова намаганняў, можна стаць адным з аўтараў, якія экспануюцца ў бібліятэцы”, — лічыць загадчыца сектара мастацкіх выстаў.

Вікторыя Харытонава падкрэсліла, што літара часта становіцца аб’ектам выяўленчага мастацтва, а Нацыянальная бібліятэка штогод ладзіць выставы вядомых беларускіх майстроў каліграфіі і шрыфту, а таксама экслібрыса. Акрамя таго, перыядычна праводзяцца і дзіцячыя мастацкія выставы. “Так, погляд на літару праз казку прадэманстравала экспазіцыя “Яе Вялікасць літара” ў 2017 годзе. Сталыя мастакі, прафесіяналы, імёны якіх шырока вядомыя ў беларускім культурным асяроддзі і за мяжой, і юныя зорачкі, што толькі пачынаюць ззяць на небасхіле беларускага мастацтва, дзеляцца ў галерэях нашай бібліятэкі сваім творчым успрыманнем літары”, — дадала яна.

Наведаць выставу “Мая літара” можна да 1 лістапада ў галерэі “Мабільная”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.