У кожнага свая школа

- 12:10Аўтарскія калонкі, Меркаванне

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ

 

 

 

 

 

 

 

 

Неяк адводзіла дачку ў школу і выпадкова падслухала размову маці з дзяўчынкай, што ішлі наперадзе. Малая скардзілася на сяброўку, а маці спачувала: “Так, для мяне ў школе таксама самым складаным былі не ўрокі, а адносіны з іншымі людзьмі, з настаўнікамі, аднагодкамі, на тое гэта і школа, каб вучыцца: рабіць урокі, мець зносіны…”

Сапраўды, вучышся ты тут, працуеш ці водзіш дзяцей на заняткі, школа — гэта месца выкліку, месца, дзе перад табой кожны дзень паўстаюць новыя выпрабаванні. Аднойчы тут усё здараецца ўпершыню.

Спачатку баішся атрымаць дрэнную адзнаку, унутрана сціскаешся, калі рука настаўніка завісае над журналам недзе ў раёне твайго прозвішча. У падлеткавым узросце перажываеш з-за праблем з аднакласнікамі, з-за першага кахання і сварак з сябрамі. Ніколі потым гэтыя праблемы не будуць мець такіх неверагодных маштабаў, ніколі больш не будуць здавацца такімі страшнымі і невырашальнымі…

Здаецца, скончылася: развітальны званок празвінеў, экзамены здадзены… Але вось тваё дзіця ідзе ў першы клас — і пачынаюцца бацькоўскія ўніверсітэты.

Свой другі першы клас я запомню, напэўна, на ўсё жыццё. Што ні дзень, то новае пытанне: безвыніковыя пошукі згубленай зменкі, вечнае грашовае пытанне (даваць ці не даваць кішэнныя грошы і колькі, як растлумачыць, што не трэба набываць на іх пагрызены аловак у аднакласніка, калі можна набыць новы ў кіёску)… І “чаму ты не сказала, што заліла сшытак сокам, як можна ГЭТА здаць настаўніку на праверку?”. І “як можна згубіць у пачатку года тры (!) падручнікі, ТРЫ?”. Бацькоўскі чат не сціхаў увесь першы год. Гэта вам не дзіцячы сад, дзе самым дыскусійным пытаннем было — што дорым дзецям на Новы год?

А штодзённы боль — дамашнія заданні… Чамусьці ў прадоўжанцы ўсе ўрокі робяцца хутка і акуратна, а дома марнуеш паўтары гадзіны і тоны нервовых клетак, каб перажыць капрызы пад назвай “Я не хачу рабіць мову! Там два сказы і яшчэ на другой старонцы!”.

Але час бяжыць наперад, чытанне па складах незаўважна ператварылася ў хуткае, зменка і падручнікі перасталі губ­ляцца, я ўжо даўно не збіраю за дачку партфель у школу… Сёння галоўнае баць­коўскае пытанне, што стаіць перада мной, — растлумачыць усе недахопы “бездакорнага плана” вырасці, “нічога не ра­біць, хадзіць, куды хочаш, увесь дзень гуляць у тэлефоне”. А гэта толькі пачатковая школа… І я проста мама школьніцы з прыкладнымі паводзінамі… Не настаўніца. Мне не даводзіцца кожны дзень падтрымліваць дысцыпліну ў класе, знаходзіць падыход да цяжкіх падлеткаў, правяраць стосы сшыткаў, весці дакументацыю і балансаваць паміж бацькамі, якія: а) лічаць, што я задаю занадта мала; б) задаю занадта многа; в) не распісваліся ў дзённіках з сакавіка; г) жывуць па прынцыпе “вы ўстанова адукацыі — вы абавязаны”… 

Так, школа для кожнага з нас рыхтуе асабістыя ўрокі. Гэта своеасаблівае месца сілы, адкуль кожны год мы выходзім крыху іншымі: больш моцнымі, трывалымі, дасведчанымі, мудрымі…