“У кожнага свой, мілы сэрцу куток”

- 11:10Родная земля

Уявім, што мы — жыхары не ХХІ, а, скажам, ХІ або нават V стагоддзя і разам са сваёй сям’ёй, роднымі, сябрамі вырашылі заснаваць новае паселішча на ўскрайку маляўнічага сасновага бору, дзе лёгка дыхаецца хваёвым водарам і прыемна адпачываць, слухаючы пошум меднастволых сосен. Як бы мы назвалі паселішча ў такім прыгожым месцы? Палешукі калісьці прыдумалі арыгінальны тапонім — Хвойнікі. З цягам часу ён трансфармаваўся, “в” выпала і атрымаліся вядомыя нам Хойнікі.

“Хаты былі на востраве”

Час, калі палешукі-дрыгавічы заснавалі сярод балот і сасновага бору паселішча і далі яму мілагучную назву Хвойнікі, дакладна невядомы. Адзінае, што не падлягае сумненню, — населенаму пункту не менш за 500 гадоў (лічыцца, што ўпершыню ў гістарычных дакументах Хойнікі ўзгадваюцца ў 1512 го­дзе). А сасновых бароў у гэтым краі і цяпер шмат. Калісьці яны чаргаваліся з амаль бясконцымі балотамі, таму і людскія хаты (узгадаем знакамітых “Людзей на балоце” ўра­джэнца Хойнікшчыны І.П.Мележа) “…былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы”.

Пасля маштабнай меліярацыі тутэйшыя краявіды змяніліся. На месцы багны, якая “страшна разбухала ад слоты і разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору”, — сельскагаспадарчыя палі, на вясковых вуліцах — асфальт і грунтовае пакрыццё, людзям ужо не трэба “лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны”. Безумоўна, меліярацыя зрабіла жыццё палешукоў больш камфортным, мабільным, павялічыла плошчу зямлі, прыдатнай для апрацоўкі, аднак абмяленне вадаёмаў, усыханне хвой, ад якіх калісьці і пайшла назва райцэнтра, — таксама вынік меліярацыі, праўда, ужо адмоўны.

Шмат гора гэтаму краю прынёс Чарнобыль (Хойніцкі раён а­дзін з найбольш пацярпелых у Беларусі). Хоць з часоў аварыі на ЧАЭС і мінула 35 гадоў, але боль і да сённяшняга часу не згас у сэрцах мясцовых жыхароў. Тыя, хто быў вымушаны пакінуць свае дамы і абжывацца на новым месцы, часта ўзгадваюць дачарнобыльскае жыццё, напоўненае ў іх успамінах выключна яркімі фарбамі, станоўчымі момантамі. Аднак “людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…” Сваёй працай, любоўю да роднай зямлі палешукі адра­дзілі яе. Таму і сустракае сёння Хойнікшчына ўтульнымі вуліцамі. Таму і цвітуць вясной сады. Таму і ўзво­дзяцца ў райцэнтры і вёсках прыгожыя дамы, каля якіх гучаць звонкія дзіцячыя галасы.

“Бачыць любое хараство”

Калі б Іван Паўлавіч Мележ не пайшоў з жыцця заўчасна, то, безумоўна, сваім працавітым землякам ён бы прысвяціў яшчэ некалькі раманаў “Палескай хронікі”. У гэтых творах былі б адлюстраваны не толькі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннае жыццё, але і маштабная меліярацыя Палесся, Чарнобыльская трагедыя, адраджэнне гэтай зямлі ўжо ўнукамі і праўнукамі галоўных герояў першага рамана трылогіі.

“Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не толькі не ц­ьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшым, даражэйшым…” — пісаў Іван Мележ пра малую радзіму. Нягледзячы на вялікую занятасць, высокія пасады, пры кожнай нагодзе ён прыязджаў у родныя Глінішчы, нават калі баць­коўская хата была прададзена. Пісьменнік спыняўся ў стрыечных братоў і сясцёр, у знаёмых, падоўгу размаўляў з землякамі. І абавязкова рабіў запісы. Гавораць, у яго аўтамабілі ляжалі нават папяровыя пачкі ад цыгарэт. Іван Паўлавіч хоць і не курыў, аднак выкарыстоўваў гэтыя паперчыны для занатоўвання думак, цікавых выказванняў, успамінаў глінішчанцаў.

“Мы ганарымся Мележам. І не толькі таму, што ён вядомы пісьменнік. Іван Паўлавіч валодаў цудоўнымі чалавечымі якасцямі — быў добрым, спагадлівым чалавекам, любіў сваіх землякоў, часта сустракаўся з імі. Усе глінішчанцы памятаюць гэтыя сустрэчы, а аповеды пра іх перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Дарэчы, на фотаздымку ў школьнай бібліятэцы Іван Паўлавіч разам з калектывам акцёраў фільма “Людзі на балоце” рэжысёра Віктара Турава. Усе, хто ўпершыню бачыць фата­графію, думаюць, што гэта Іван Мележ разам з землякамі. Каларытны здымак”, — паведаміла дырэктар Глінішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя І.П.Мележа Людміла Фёдараўна Кулакоўская.

Нават не чытаючы шыльду на ўваходзе ў Глінішчанскую школу, можна здагадацца, што яна носіць імя знакамітага земляка. У фае будынка сустракае выстава дзіцячых малюнкаў “Сцежкамі Мележа”. Побач — банер з прыгожымі, напоўненымі аптымізмам і любоўю да жыцця словамі пісьменніка: “У якіх бы выпрабаваннях ні быў, я заўсёды любіў жыццё. Мне было як шчасце бачыць любое хараство жыцця: сіне-звычайнае — неба, палі, лугі. Я адужваў усе цяжкасці ў імя будучыні, у імя жыцця”. Імя знакамітага земляка, цытаты з яго твораў, дзённікавых запісаў часта гучаць на школьных мерапрыемствах. А ў лютым, з нагоды дня нараджэння І.П.Мележа, у школе традыцыйна праходзіць тэматычны месячнік. Нягледзячы на пандэмію, 100-годдзе пісьменніка адзначалася ўрачыста, маштабна. Канечне, можа, не так маштабна, як бы хацелася, але юбілейныя святкаванні на высокім узроўні глінішчанцам удалося правесці.

“Для нас кожны год дзень нараджэння Мележа — нібыта юбілей, да якога мы старанна рыхтуемся, — дзеліцца Людміла Фёдараўна. — Дзеці заўсёды шчаслівыя, радасныя, калі рэпеціруюць пастаноўкі па творах знакамітай “Палескай хронікі”. А ролі нашы вучні выконваюць як сапраўдныя прафесійныя артысты. Можа, тэатралы са мной і паспрачаюцца, але, ўлічваючы ўзрост глінішчанскіх акцёраў і той факт, што колішні ўклад вясковага жыцця ім вядомы толькі па кнігах, у іх цудоўна атрымліваецца ўжыцца ў вобраз герояў трылогіі. А па-іншаму і не можа быць, настолькі каларытнай мовай напісаны раманы”.

“Шумяць вербы”

“Палеская хроніка” — не проста апісанне вясковага жыцця першай паловы ХХ стагоддзя, а яшчэ і выдатная аснова для правядзення выхаваўчай работы, фарміравання ў вучняў любові да малой ра­дзімы, працавітасці, а таксама павагі да людзей працы. Менавіта гэтыя якасці фарміраваліся ў дзяцінстве і ў самаго Івана Паўлавіча. Тое, што вясковы хлопец стаў знакамітым пісьменнікам, займаў высокія пасады — вынік яго працавітасці, мэтанакіраванасці. Цудоўным прыкладам з’яўляецца праца Івана Паўлавіча над раманам “Мінскі напрамак”. У Доме-музеі І.П.Мележа, будынак якога знаходзіцца акурат насупраць школы, захоўваюцца кнігі першага выдання рамана. Практычна на кожнай старонцы — праўкі, зробленыя пісьмен­нікам сінім стрыжнем. Мележ узгадваў, што напісанне “Мінскага напрамку” давалася яму цяжка, даводзілася працаваць у архівах, сустракацца з удзельнікамі баёў па вызваленні беларускай сталіцы. Каб апісаць вобраз Чарняхоўскага, ён размаўляў з яго сынам і ад’ютантам. Усяго рабоце над раманам Іван Паўлавіч прысвяціў 25 гадоў.

Зусім па-іншаму стваралася “Палеская хроніка”, бо І.П.Мележ апісваў тое, што добра ведаў. Ён хацеў данесці да чытача, што і тут, на Палессі, сярод балот, лю­дзі таксама мараць пра шчаслівы лёс, пра моцнае каханне, пра светлую будучыню. Пісьменнік паспеў пакінуц­ь накіды і чарнавікі яшчэ амаль на дзве кнігі “Палескай хронікі”. У 10-томніку, выдадзеным Алесем Адамовічам і жонкай Мележа Лі­дзіяй Якаўлеўнай пасля смерці Івана Паўлавіча, якраз і змешчаны гэтыя чарнавікі. Сабраны ва ўнікальным выданні і дзённікавыя запісы, лісты да землякоў.

Пра Мележа-пісьменніка навукоўцам, даследчыкам яго жыцця і творчасці вядома многае, куды менш — пра Мележа-глінішчанца. Раскрыем некаторыя таямніцы разам з навуковым су­працоўнікам Дома-музея Любоўю Іванаўнай Рубан. Пачнём з даты нараджэння. Вядома, што Іван Паўлавіч нара­дзіўся 8 лютага, але з гомельскага архіва музейшчыкі атрымалі ксеракопію дакумента, у якім пазначана іншая дата — 6 лютага. Магчыма, у Юравіцкім валасным упраўленні зрабілі памылку, калі выпісвалі пасведчанне аб нараджэнні. Сям’я, у якой гадаваўся Іван, была вялікая — 9 дзяцей, бацька быў беззямельным селянінам, на жыццё зарабляў тым, што бандарыў. Але нягледзячы на пастаянную грашовую нястачу, ён выгадаваў дзяцей, амаль усе з іх атрымалі вышэйшую адукацыю. Павел Фёдаравіч вельмі ганарыўся Іванам. Калі ў 1948 годзе той выдаў кнігу “Гарачы жнівень”, то хадзіў з ёй па вёсцы і з гордасцю гаварыў аднавяскоўцам: “Вось, гэта мой Іван напісаў”. Глінішчанцы не верылі, што звычайны хлопец, іх зямляк, які гадаваўся ў аднолькавых з імі ўмовах, мог стаць пісьменнікам.

“Для сваіх твораў Іван Паўлавіч часта браў імёны і прозвішчы лю­дзей, якія жылі ў Глінішчах. У апавяданні “Перад навальніцай” ёсць такі герой Паўлік Чарняк. А ў нашай школе настаўнікам рускай мовы і літаратуры працаваў Павел Мікалаевіч Чарняк. Дарэчы, у мяне ён быў класным кіраўніком. Дык вось гэты чалавек выйграў у латарэю матацыкл, але чамусьці яго не атрымаў. Яго аднакласнік, таксама настаўнік, Пятро Прохаравіч Чарняк, напісаў Івану Паўлавічу, маўляў, Іване, памятаеш хлопчыка, маці якога засталася ўдавой з пяццю дзецьмі. Павел быў старэйшы, але заўсёды бегаў смаркаты. А цяпер ён — чалавек, настаўнікам працуе ў нашай школе. Дык вось ён выйграў матацыкл. Але думаеш яму яго далі? Ды не. Дык дапамажы. І яму ўдалося дапамагчы. Андрэй Руды, Алёша Касцючэнка, швачка Годля, Зайчыкі, Даменцікі — усе гэтыя людзі жылі калісьці ў нашай вёсцы. А вось Васіль, Ганна, Яўхім — гэта выдуманыя героі, але яны настолькі спадабаліся чытачам, што ўсе лічылі, што яны жылі на самай справе ў Глінішчах. Гэта былі зборныя вобразы. Напрыклад, у лёсе Ганны ўвасобіўся лёс яго стрыечнай сястры, маці”, — паведаміла навуковы супрацоўнік музея.

Калі пасля Вялікай Айчыннай вайны Іван Паўлавіч вярнуўся ў родную вёску, то хата бацькоў была спалена. Давялося будаваць новую, сын усяляк дапамагаў паставіць новы зруб. Завяршылі работу ў 1953 го­дзе. У 1968 го­дзе маці Мележа Марыя Дзянісаўна памерла, і бацька ў 1970-м прадаў хату, бо быў хворы, і пераехаў жыць да дачкі ў Ленінград. Памёр Павел Фёдаравіч у 1977 годзе. Ён, маці пісьменніка і сястра Юля пахаваны ў Глінішчах. Пасля смерці самога пісьменніка родныя захацелі размясціць у той хаце музей, але новыя гаспадары не далі дазволу, таму музей адкрыўся 1 верасня 1976 года ў Глінішчанскай сярэдняй школе на першым паверсе. Дарэчы, будынак школы быў узве­дзены пры непасрэдным хадайніцтве Івана Паўлавіча. Пачалося будаўніцтва ў 1970 годзе, а завяршылася ў 1974-м. 11 студзеня пасля зімовых канікул пачаліся заняткі ў новым прасторным будынку.

“Апошні раз у родныя Глінішчы Іван Паўлавіч прыязджаў, а дакладней прылятаў на верталёце разам з Пятром Міронавічам Машэравым, 17 мая 1976 года. Перадгісторыя наступная. Нарадзіўся ён у лютым, а творчы вечар з нагоды 55-годдзя адзначаўся ў красавіку. Вядучы вечара Ніл Гілевіч спытаў, якія пажаданні ёсць у юбіляра. Іван Паўлавіч адказаў, вось каб сваіх пабачыць. І наш хор жанчын, які арганізавала сястра пісьменніка Юлія Паўлаўна, паехаў з канцэртам у Мінск на калгасным “пазіку”. Па дарозе а­ўтобус зламаўся, прыехалі ў горад у гадзіну ночы, месцаў у гасцініцы ўжо не было. Землякі па­тэлефанавалі Івану Паўлавічу, ён тут жа прыехаў, размясціў у гасцініцы, у 2 гадзіны ночы павёў землякоў у рэстаран, прабыў разам з імі да пяці раніцы. Узгадваюц­ь, што на наступны дзень падчас канцэрта Іван Паўлавіч ся­дзеў абапёршыся і ўпотай плакаў. Дарэчы, як і яго маці, пісьменнік добра спяваў, асабліва любіў песню “Каля грэблі шумяць вербы”. Калі Пётр Міронавіч Машэраў даведаўся, што сябру патрэбна аперацыя, ён вырашыў парадаваць яго і на верталёце, на якім разам з членамі ўрада аблятаў Палессе падчас меліярацыі, звазіць у родныя Глінішчы. Глінішчанцы і цяпер узгадваюць, як на школьным стадыёне прызямліўся верталёт, як Мележ з усімі вітаўся за руку, ці гэта быў настаўнік, ці вучань. Было тое ў маі, а ў жніўні Івана Паўлавіча не стала”, — паведаміла Любоў Іванаўна.

“У імя будучыні”

Калі б не раненне, атрыманае падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі б не хвароба, якая падкасіла здароўе пісьменніка, то цалкам верагодна, што ў адным з раманаў “Палескай хронікі” чытачы б азнаёміліся з няпростым чарнобыльскім лёсам малой ра­дзімы Мележа. У адрозненні ад першых трох раманаў хронікі, якія пісаліся лёгка, тэма Чарнобыля давалася б пісьменніку з цяжкасцямі. Іван Паўлавіч горача любіў малую радзіму і, канечне, балюча б перажываў трагічныя падзеі канца 80-х. Сярод галоўных герояў новых раманаў хронікі, цалкам верагодна, былі б настаўнікі — менавіта яны зрабілі значны ўклад у адраджэнне гэтай зямлі пасля Чарнобыля. Адной з такіх з’яўляецца настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Хойнікаў Наталля Міка­лаеўна Амельчанка.

“У 1987 годзе я скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і была размеркавана ў Добрушскі раён. Там, у аддзеле адукацыі, мне сказалі, што ў Хойніцкім раёне ёсць праблема: старшакласнікі выкладаюць у малодшых таварышаў замест настаўнікаў, якія пасля аварыі на ЧАЭС пакінулі раён. Спыталі, ці не жадаю там папрацаваць? Я была маладая, энергічная, таму вырашыла, чаму б не. Дазволілі пераразмеркавацца. Спачатку накіравалі ў Амелькаў­шчыну (цяпер гэта нежылая вёска) і адразу паставілі дырэктарам школы. Прыехаўшы, я ўбачыла, што будынак драўляны, з грубкамі. Да мяне прыйшла загадчыца гаспадаркі і гаворыць: “Вось, Наталля Мікалаеўна, з заўтрашняга дня — на нарыхтоўку дроў”. Я маладая, прыгожая, далікатная і выраз “нарыхтоўка дроў” мне ні пра што не гаварыў. Шчыра кажучы, не была ўпэўнена, што змагу справіцца з работай дырэктарам у такой школе. У аддзеле адукацыі мяне накіравалі ў першую школу. Было гэта ў 1987 годзе”, — паведаміла настаўніца.

У 1-й хойніцкай школе педагагічных кадраў хапала, але ў вясковых школах былі праблемы, таму гарадскім настаўнікам давялося выкладаць яшчэ і ў сельскіх установах адукацыі. Але ўсё роўна цалкам гэта не вырашала праблему. Добрымі памочнікамі для педагогаў былі старшакласнікі. Разам з настаўнікамі яны вывучалі пэўныя параграфы, а потым адпраўляліся тлумачыць новую тэму малодшым таварышам. Акрамя работы ў першай школе, Наталля Міка­лаеўна ездзіла ў Казялужжа, Вялікі Бор. Вольнага часу проста не заставалася. Было складана, але, як прызналася педагог, гэта быў карысны вопыт, бо сама яна родам з Рэчыцкага раёна, а выкладанне гісторыі адначасова ў некалькіх школах Хойнікшчыны дазволіла больш даведацца пра гэты край, спазнаць мясцовых палешукоў, іх характар. А ў жыхароў кожнага куточка Хойнікшчыны ён асаблівы. Напрыклад, там, дзе Глінішча, людзі больш працавітыя, дзе Аравічы — больш прадпрымальныя.

“Мне далі кватэру ў доме, дзе і да сённяшняга часу жывуць перасяленцы, іх дзеці, ужо і ўнукі. Зразумела, мы часта гутарым з суседзямі. Тая трагедыя, якая з імі здарылася, эмацыянальна прысутнічае да сённяшняга часу. Некаторыя нашы калегі — таксама перасяленцы, ім складана было маральна да гэтага прывыкнуць. Яны лічылі, што іх перасялілі часова, яны папрацуюць год-другі на новым месцы і вернуцца ў родныя мясціны. Аднак ужо 35 гадоў мінула, а людзі так і жывуць у Хойніках. Што тычыцца папулярных цяпер форм выхаваўчай работы, такіх як паходы па родным краі, экскурсіі, то ў першыя гады пасля аварыі яны не праводзіліся. Калі я прыехала сюды працаваць, то задумала арганізаваць фотагурток. Мы гэта зрабілі з 7 класам. Нам хацелася здымаць прыгожую мясцовую прыроду, але маглі выходзіць толькі з будынка школы ў гарадскі парк і тое на непрацяглы час. У лес тым больш не наведваліся. Знаходжанне там, збор ягад, грыбоў былі афіцыйна забаронены. Цяпер жыццё аднавілася, аднак мы працягваем прытрымлівацца пэўных рэкамендацый. Нягледзячы на праблемы з уласным здароўем, я не шкадую, што засталася ў Хойніцкім раёне, не пераехала адсюль пасля адпрацоўкі размеркавання. Цяжкасці ёсць, але раён развіваецца. У 1986 годзе здарылася трагедыя, і яе, безумоўна, трэба помніць, але не трэба адчайвацца, трэба адра­джаць і развіваць гэтую прыгожую зямлю”, — падзялілася Н.М.Амельчанка.

У калегі Наталлі Мікалаеўны з сярэдняй школы № 2 Хойнікаў, таксама настаўніка гісторыі, Уладзіміра Міхайлавіча Смольскага яшчэ не такі вялікі педагагічны вопыт, ды і нарадзіўся ён праз 10 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС, аднак чарнобыльскі боль успрымае як уласны. “Мае продкі па матчынай лініі родам з вёскі Бабчын, якая ў верасні 1986 года была выселена і цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, — дзеліцца настаўнік. — Разам з намі цяпер жыве мая 92-гадовая бабуля. У сваіх думках, успамінах яна жыве дачарнобыльскім жыццём, часта расказвае пра той час і настолькі яскрава. Хоць я і нара­дзіўся толькі ў 1996 годзе, але здаецца, што пражыў у Бабчыне цэлае жыццё. Кожны год мы ездзім туды на Радаўніцу. Я магу правесці экскурсію, расказаць, дзе што знахо­дзілася ў вёсцы, якія падзеі адбываліся. Мая аднакласніца працуе ў запаведніку, яна прапанавала дапамагчы ў правядзенні экскурсій, сабраць пэўны гістарычны матэрыял. Таму ў перспектыве — су­працоўніцтва з запаведнікам. Наогул, у мяне шмат ідэй і задум па папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Хойнікшчыны. Тут ёсць і помнікі археалогіі, і прыроды, і рэшткі сядзібна-паркавых комплексаў. Дарэчы, у будынку былой сядзібы Аўраамавых размяшчаецца раённы краязнаўчы музей. Лічу, наш край перспектыўны ў плане развіцця турызму”.

“У імя жыцця”

Для Хойніцкага раёна 26 красавіка — асаблівая дата. Яна па­дзяліла жыццё краю на “да” і “пасля” Чарнобыля. Аднак дзякуючы руплівай працы палешукоў, іх родная зямля адраджаецца. У райцэнтры і вёсках будуюцца новыя дамы. Кожную вясну ў садах распускаюцца бялюткія яблыневыя кветкі. Кожны дзень на гэтай маляўнічай зямлі гучаць звонкія дзіцячыя галасы. Жыццё працягваецца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.