“У кожнай школе можна стварыць музей”

- 12:55Краязнаўства

Музей — аснова краязнаўства. Музеі ствараюцца ў выніку шматгадовых краязнаўчых пошукаў, ды і самі краязнаўчыя пошукі праводзяцца дзеля папаўнення экспазіцый. Адным словам, без музея ў краязнаўстве ні туды і ні сюды. Калі вы ніколі не стваралі музеі і вырашылі заняцца гэтай цікавай справай, вам будзе карысна паслухаць настаўніка гісторыі мёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі Вітаўта Антонавіча Ермалёнка.

“Не важна, дзе ствараецца музей, у вёсцы або горадзе. Галоўнае — асоба настаўніка, яго ініцыятыўнасць. Добры музей узнікае выключна дзякуючы энтузіязму зацікаўленага чалавека”.

Для многіх педагогаў-края­знаўцаў музей з’яўляецца другім домам (калі не першым). Тут яны праводзяць значную частку дня (адпаведна і значную частку жыцця): афармляюць экспазіцыю, дакументацыю, ладзяць экскурсіі, музейныя заняткі, знаёмяць наведвальнікаў з мінулым малой радзімы. У дачыненні да Вітаўта Антонавіча гэтыя словы цалкам справядлівыя. Для вядомага карыфея-краязнаўца музей — справа ўсяго жыцця. Дакладней, чатыры музеі, адзін з якіх, гістарычны, мае званне народнага. Ёсць яшчэ музей кнігі, этнаграфічны і музей адукацыі. Наогул, у Мёрах магло быць і пяць, і нават дзесяць музея­ў. Яшчэ б! Каля 30 тысяч унікальных прадметаў сабраў амаль за 60 гадоў (пачынаючы з 6-гадовага ўзросту) герой нашай рубрыкі!

“У кожнай школе можна ства­рыць музей, аднак трэба ўлічвац­ь месцазнаходжанне. За аснову тэматыкі можна ўзяць мінулае населенага пункта, асаблівасці навакольных помнікаў гісторыі, культуры, прыроды. Калі ў ваколіцах ёсць старажытныя курганы, то абавязкова знойдзецца матэрыял для археалагічнага раздзела экспазіцыі. Нескладана стварыц­ь і музей гісторыі школы, асабліва цяпер, калі шмат вясковых школ закрыліся і найбагацейшыя матэрыялы, вартыя ўвагі краязнаўцаў, проста знікаюць. Калі школа гарадская, то тут больш шырокі дыя­пазон. Можа быць музей гісторыі прадпрыемства, музей гарадскога побыту. Наогул, тэматыка музеяў самая разнастайная. І музей хлеба, і музей нумізматыкі, і музей цацак. Усё залежыць ад настаўніка, чым ён захапляецца. У музейнай справе важна асоба. Не мае значэння гэта настаўнік-філолаг, географ ці матэматык. У першую чаргу павінен быць чалавек, улюбёны ў родны край і зацікаўлены працавац­ь з вучнямі”, — падзяліўся Вітаўт Антонавіч.

“Паміраюць старыя людзі. І родныя не заўсёды ведаюць, куды дзець сямейныя рэліквіі. Часта проста выкідаюць на сметнік, у лепшым выпадку іх купіць калекцыянер. А гэтыя ж рэліквіі могуць трапіць у школьныя музеі”.

Канечне, ствараюцца музеі і не па ініцыятыве настаўнікаў, калі ў школу прыхо­дзіць распара­джэнне зверху. Аднак у такім выпадку, на думку Вітаўта Антонавіча, музей хутчэй за ўсё не будзе жывым. У афармленне экспазіцыі можна ўкласці значныя фінансавыя сродкі, але наведвальнікаў бу­дзе мала. “Не важна, дзе ствараецца музей, у вёсцы або горадзе. Галоўнае — асоба настаўніка, яго ініцыятыўнасц­ь. Добры музей узнікае выключна дзякуючы энтузіязму зацікаўленага чалавека. Яшчэ важна падтрымка з боку адміністрацыі школы”, — адзначыў педагог.

Вітаўту Антонавічу пашчасціла: усе дырэктары падтрымлівалі яго музейныя пачынанні. Наогул, важна, каб краязнаўцу проста не перашкаджалі рабіць сваю справу. Тады абавязкова будзе плён. Будуц­ь і ўнікальныя экспанаты, будзе і шмат наведвальнікаў у музеі, будуць і перамогі ў краязнаўчых конкурсах. Будуць і шматлікія ідэі. “У маім музеі кнігі ёсць раздзел філуменіі, прысвечаны калекцыя­ніраванню этыкетак з запалкавых пачкаў. Гэтую ж тэму можна разгарнуць на цэлы музей! Або філа­тэлія. Раней многія збіралі паштоўкі, цяпер радзей. Але і сённяшнім вучням цікава іх разглядаць, бо тут і гісторыя, і геаграфі­я, і мастацтва. Дык чаму не паспрабавац­ь стварыць падобны музей, — дзеліцца Вітаўт Антонавіч. — І не важна, што такія экс­пазіцыі ўжо дзейнічаюць. Напрыклад, мы з Мёраў наўрад ці паедзем у Брэст глядзець паштоўкі. Гэта і далёка, і фінансава накладна. Любы музей ствараецца ў першую чаргу для таго наваколля, дзе ён існуе. Першы музей, які я пачынаў ствараць, краязнаўчы. Было гэта 34 гады назад. Гэта цяпер края­знаўчых музеяў шмат, а ў той час у Мёрах і ў суседніх раёнах такіх музеяў не было. Ні ў Браславе, ні ў Верхнядзвінску, ні ў Глыбокім. Па маім прыкладзе потым зрабілі музей у Браславе. Дапамагаў ствараць музей і ў Глыбокім”.

“Нескладана стварыць і музей гісторыі школы, асабліва цяпер, калі шмат вясковых школ закрыліся і найбагацейшыя матэрыялы, вартыя ўвагі краязнаўцаў, проста знікаюць”.

Па словах Вітаўта Антонавіча, калі настаўнік пачынае займацца пошукавай работай, у яго абавязкова будуць знаходкі. Краязнаў­ства — невычарпальная крыніца. Вось паміраюць старыя людзі. І родныя не заўсёды ведаюц­ь, куды дзець сямейныя рэліквіі. Часта проста выкідаюць на сметнік, у лепшым выпадку іх купіць калекцыянер. А гэтыя ж рэліквіі могуць трапіць у школьныя музеі. Калі педагог не можа знайсці месца і тэму для пошукаў, то настаўнік параіў бы звярнуц­ь увагу на закінутыя дамы. “Гля­джу, у Мёрах стаіць дом, відац­ь, што закінуты, не жылы. А там і фотаздымкі, і вышыўкі. Колькі мог, набраў на веласіпед. На трэці дзень хаты ўжо не было, яе разбурылі. Добра, што паспеў забраць для музея каштоўныя рэчы. Цяпер многія шукаюць прадметы даўніны. І на аграсядзібы, і на лецішчы, і ў прыватныя калекцыі. Але ўсё роўна цікавае можна знайсці, нават калі да цябе пабывалі дзясяткі людзей. У адным з такіх дамоў трапіў на палатняны мяшочак. Хата ўся разбіта, разрабавана, а мяшочак ляжыц­ь, ніхто на яго не звярнуў увагі. А ў ім дакументы польскага часу, пашпарт 1917 года Расійскай імперыі, а таксама манеты”, — паведаміў Вітаўт Антонавіч.

Стварыць музей — палова поспеху. Каб музей быў жывым, развіваўся, набыў вядомасць, важна зацікавіць экскурсантаў. У гэтай справе ў Вітаўта Антонавіча свой падыход. Ён стараецца сам праводзіць экскурсіі. На думку педагога, экскурсавод павінен быць псіхолагам. Дзіця не сарыентуецца на катэгорыю наведвальнікаў. Не дастаткова расказаць агульнае, важна даведацца, што цікава канкрэтнаму экскурсанту, патрэбны персанальны падыход. Кагосьці цікавяць кнігі, кагосьці манеты, іншы скажа, што яму цікава ўсё. Многім падабаецца этнаграфічны музей. Для старэйшага пакалення гэта настальгія па вёсках. Для іх цікава ўбачыць рэчы, якімі яны карысталіся ў дзяцінстве. А моладзі гэта ўсё невядома. Важна ўлічваць зацікаўленні кожнай катэгорыі наведвальнікаў. Напрыклад, у этнаграфічным музеі расказваць жанчынам пра прылады працы мужчын не варта. Ім цікавей паслухаць, чым апрацоўвалі лён, пагля­дзець на старыя сукенкі, фартухі. Усяго Вітаўт Антонавіч распрацаваў 60 экскурсій. Кожны год право­дзіцца каля 200, а гэта прыкладна 2 тысячы гасцей.

“Наведвальнікам цікавы не сам экспанат, яго прызначэнне, а гісторыя таго, як э­кспанат трапіў у музей”.

“Наведвальнікам цікавы не сам экспанат, яго прызначэнне, а гісторыя таго, як экспанат трапіў у музей. Напрыклад, у гістарычным музеі ёсць турэцкі бубен, які калісьці выкарыстоўвалі падчас службы ў мёрскім касцёле. У храмавых дакументах ужо XVIII стагоддзя пазначана, што гэта стары турэцкі бубен. На самай справе, гэта пераробленая турэцкая літаўра XVII стагоддзя. У свой час яе падарылі касцёлу Лапацінскія. Прадстаўнік гэтага роду Лявон Лапацінскі быў удзельнікам бітвы пад Венай 1683 года і літаўра была яго ваенным трафее­м. У 1949 годзе касцёл быў закрыты, святары арыштаваны і сасланы. Калі пасля 1953 года храм перайшоў вернікам і адтуль пачалі вывозіць смецце, то знайшоўся і бубен. Ксёндз аддаў яго мёрскаму музыку. Той мужчына перарабіў бубен, каб зручней было іграць. Потым бубен дастаўся яго сыну, а ўжо з ім я дамовіўся, каб прадмет трапіў у музей”, — паведаміў настаўнік.

“Не дастаткова расказаць агульнае, важна даведацца, што цікава канкрэтнаму э­кскурсанту, патрэбны персанальны падыход”.

Такія ж захапляльныя гісторыі настаўнік раскажа пра люстэрка Эміліі Плятэр, пра фальшывую арабскую манету Х стагоддзя і пра тысячы іншых цікавых прадметаў. Важна не толькі цікава расказаць пра экспанаты, але і захаваць іх. Па словах Вітаўта Антонавіча, памылка многіх настаўнікаў, якую ён таксама калісьці зрабіў, — ствараць экспазіцыю ў школьным калідоры. Для музея павінна быць асобнае памяшканне. “Не прайшло і месяца, як экспанаты з калідора пачалі знікаць. Я сабраў прадметы, якія засталіся, і сказаў, што пакуль не будзе асобнага памяшкання з замком, ключом і дзвярыма, абабітых жалезам, музея не бу­дзе”, — адзначыў Вітаўт Антонавіч.

Цяпер педагог займаецца рэканструкцыяй гістарычнага музея. У рамках праекта Еўрапей­скага саюза “Разам для грамады і прыроды. Узмацненне працэсаў развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзян­скай супольнасці” школа атрымала грант. На базе музея запланавана стварэнне інтэр­актыўнай мала­дзёжнай пляцоўкі. У рабоце будуць актыўна выкарыстаны інфармацыйныя тэхналогіі, створаны электронны банк даных і па радаводах, і па некропалях. Ім зможа скарыстацца любы чалавек у любым пункце свету. Па словах Вітаўта Антонавіча, музей стане больш сучасным, бо гэтага патрабуе час, інфармацыйныя тэхналогіі абавязкова павінны ўкараняцца ў рабоце музея. А ўтульнасц­ь, якая напаўняе гістарычны музей ужо больш за 30 гадоў, нікуды не знікне, бо ўтульную атмасферу любога музея стварае ў першую чаргу яго кіраўнік.

Займацца музейнай справай цікава, захапляльна, хоць і няпро­ста. Але калі ёсць зацікаўленне (а краязнаўствам займаюцца толькі зацікаўленыя людзі), то чаму б не паспрабаваць захаваць прадметы даўніны для наступных пакаленняў, не пазнаёміць з цікавымі экс­панатамі сучаснікаў. Музей — гэта аснова краязнаўства. Края­знавец, які стварыў хаця б адзін музей, — сапраўдны прафесіянал.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.