У кожнай школе павінна быць душа, а яна — у настаўніках

- 10:48Актуально, Апошнія запісы

У канцы мінулага тыдня міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў навучальныя ўстановы Клецкага раёна. У праграме візіту былі сярэдняя школа № 1 Клецка, Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці і Рассветаўская сярэдняя школа. Акрамя таго, кіраўнік ведамства правёў сустрэчу з педагогамі раёна.

У першай школе Клецка міністр па­знаёміўся з узроўнем гатоўнасці навучальнай ўстановы да новага навучальнага года. Аглядаючы кабінеты фізікі, замежнай мовы, гісторыі, а таксама настаўніцкую, спартыўную залу, сталовую, міністр заўважыў, што школам трэба ўкладвацца не толькі ў сцены, а ў першую чаргу ў сродкі навучання, каб забяспе­чыць магчымасць падрыхтоўкі разнастайных урокаў. Трэба адзначыць, што сярэдняя школа № 1 Клецка да новага навучальнага года практычна гатова. У жніўні ў сталовай будзе заменена мэбля.

Дырэктар школы Наталля Жукоўская адзначыла, што яе навучальная ўстанова добра аснашчана як камп’ютарнай тэхнікай, так і спартыўным інвентаром. “Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам”, — заўважыла яна. Акрамя таго, у навучальнай установе вядзецца актыўная выхаваўчая работа. Тут імкнуцца захоўваць мясцовыя традыцыі і памяць пра герояў — былых выпускнікоў школы. У прыватнасці, на тэрыторыі ўстановы стаіць помнік былому афганцу Уладзіміру Шымко, які за мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.

Дзякуючы прафесіяналізму педагогаў, у школе створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі здольнасцей дзяцей падчас вучэбнай і даследчай дзейнасці. У навучальнай установе дзейнічаюць тры раённыя рэсурсныя цэнтры: па фізіцы і астраноміі, па гісторыі і па духоўна-маральным выхаванні. Ёсць навуковае тавары­ства школьнікаў “Праметэй”. Школа з’яўляецца апорнай у адукацыйнай інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сярод апошніх дасягненняў варта адзначыць тое, што некалькі выпускнікоў школы паказалі выдатныя вынікі на ЦТ, набраўшы больш за 90 балаў. А па беларускай мове максімальныя 100 балаў атрымала навучэнка Святлана Плешка. Сярэднюю школу № 1 Клецка сёлета скончылі 27 чалавек. Шасцёра — з медалямі.


У Клецкім цэнтры дзіцячай творчасці Ігар Карпенка таксама пазнаёміўся з умовамі, створанымі для развіцця дзіцячых здольнасцей. Міністр агледзеў выставу твораў выхаванцаў цэнтра, наведаў майстэрню па апрацоўцы дрэва, якая абсталявана сучаснымі станкамі, пабываў на занятках па пашыве і дэкаратыўным аздабленні адзення, зайшоў у STEM-клас. У гутарцы з дзецьмі міністр падкрэсліў важнасць і практычную значнасць умення працаваць рукамі.

Дырэктар цэнтра Дзмітрый Маляўка заўважыў, што ахоп дзяцей і моладзі дадатковай адукацыяй у раёне складае 54,1%. “Мы імкнёмся забяспечваць усе патрэбы дзяцей і для гэтага клапоцімся пра пашырэнне кампетэнцый нашых педагогаў”, — сказаў Дзмітрый Мікалаевіч. На базе ўстановы дадатковай адукацыі працуе рэсурсны цэнтр па выяўленчым мастацтве, асноўная мэта якога — удасканаленне сі­стэмы павышэння кампетэнтнасці і майстэрства педагогаў, арганізацыя дзейнасці па сістэматычным азнаямленні педагогаў з інавацыйнай дзейнасцю ў галіне выяўленчага мастацтва.

На базе цэнтра прайшла сустрэча міністра адукацыі з педагагічным актывам раёна, дзе ён засяродзіўся на якасці адукацыі і зноў падкрэсліў, што жывыя зносіны педагога і вучня — самая вялікая каштоўнасць школьнай адукацыі.  Акрамя таго, Ігар Карпенка адзначыў, што ў школах неабходна стварыць дакладную сі­стэму інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў. “Мы павінны стварыць у школах выразную сі­стэму інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў, якая, як і падручнік, будзе даступнай і зразумелай, — сказаў Ігар Карпенка. — Мы працягнем абсталёўваць установы адукацыі мультыбордамі, пры гэтым рабіць акцэнт не толькі на школах, але і на ўстановах дашкольнай і дадатковай адукацыі. На асаблівым кантролі — забеспячэнне школ шырокапалосным доступам у інтэрнэт”.

Міністр падкрэсліў, што педагог сёння павінен умець разбірацца ў інфармацыйных патоках і навучыць вучня працаваць з інфармацыяй у інтэрнэце. “Педагогу неабходна знайсці падыход да кожнага вучня, устанавіць кантакт не толькі з ім, але і з яго бацькамі. У кожнай школе павінна быць душа, а яна — у настаўніках, — адзначыў міністр. — Беларускія школьнікі кожны год становяцца прызёрамі міжнародных алімпіяд, многія паказваюць максімальныя вынікі на ЦТ. Ва ўсім гэтым немалая роля і заслуга педагогаў”.

Ігар Карпенка адзначыў, што ў школу павінны прыходзіць матываваныя педагогі. “Я пра гэта ўжо казаў не раз і яшчэ раз паўтару. Менавіта з гэтай мэтай мы адкрылі педагагічныя класы, — дадаў ён.

Гаворка таксама ішла пра прафілізацыю навучання, узнімаліся пытанні арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў, спараных урокаў у профільных класах, ішла гаворка пра значэнне сярэдняга бала атэстата, пра магчымасць правядзення атэстацыі па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” па сістэме “залічана — не залічана”, пра карэкцыю ўмоў прыёму ў профільныя класы і групы.

У канцы сустрэчы міністр адукацыі па­дзякаваў педагогам за працу і адзначыў, што ў Клецкім раёне працуе зладжаны педагагічны калектыў, які выразна бачыць свае мэты і разумее сваё сацыяльнае прызначэнне і абавязкі, ус­кладзеныя на яго дзяржавай.


Апошнім пунктам рабочай паездкі Ігара Карпенкі ў Клецкі раён стала знакамітая Рассветаўская школа. Знаёмства з навучальнай установай пачалося з агляду тэрыторыі. Дырэктар школы Сяргей Дубман паказаў міністру школьны агарод, цяпліцу, сад, зоны адпачынку. Кіраўнік ведамства пазнаёміўся з дзейнасцю STEM-цэнтра, а яго юныя наведвальнікі прадэманстравалі міністру свае праграмісцкія здольнасці.

STEM-цэнтр Рассветаўскай школы працуе для школьнікаў усяго раёна. Дзеці сюды прыя­зджаюць кожную суботу. Рассветаўская школа гасцінна прымае ўсіх жадаючых. У самой установе вучацца каля 80 навучэнцаў, з якіх толькі 12 з’яўляюцца жыхарамі пасёлка. Астатніх прывозяць з суседніх вёсак. Ня­гледзячы на статус сельскай, школа вельмі сучасная. Тут дзейнічае рэсурсны цэнтр “Робататэхніка і праграмаванне”, бізнес-кампанія “Меркурый”, навуковае таварыства “Эўрыка”, медыяцэнтр. Да паслуг дзяцей і педагогаў — прадметныя віртуальныя кабінеты.

Быць суперсучаснай вясковай школе дапамагаюць партнёрскія сувязі з шэрагам ІТ-кампаній краіны. Сацыяльныя парнёры яшчэ ні разу не адмовілі ў дапамозе. Са­праўды сяброўскім стала супрацоўнітва з кампаніяй “Вайзар Геймз”, якая ўдзельнічала ў рэалізацыі ўжо некалькіх праектаў.

Разам з тым дырэктар установы адукацыіперакананы, што адна з галоўных задач школы — працоўнае выхаванне. І ў Рассветаўскай школе зроблена нямала, каб навучыць дзяцей шанаваць чужую працу, а таксама атрымліваць задавальненне ад асабістага ўкладу ў агульную справу.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.