У кожным ёсць сваё сонца

Аграгарадок Валеўка Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці і Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа сталі асабліва значнымі і дарагімі сэрцу месцамі для Таццяны Уладзіміраўны Мілаш. Ураджэнка даволі вялікага горада Баранавічы, яна з 1998 года працуе тут. За гэты час прайшла ўсе прыступкі — ад настаўніка да дырэктара ўстановы адукацыі. У мінулым навучальным годзе пад яе кіраўніцтвам Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа стаў пераможцам раённага конкурсу “Установа адукацыі ўзорнай якасці і парадку — 2020”.

Таццяна Уладзіміраўна па ўласным вопыце ведае, што мары здзяйсняюцца. Яна з дзяцінства марыла стаць педагогам. Яркім прыкладам для яе была настаўніца пачатковых класаў баранавіцкай экалагічнай гімназіі № 3 Ніна Васільеўна Кавалёва. Пасля заканчэння дзевяці класаў дзяўчына паступіла ў Баранавіцкі педагагічны каледж. Працоўную дзейнасць пачынала ў Валеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна настаўніцай пачатковых класаў: менавіта такой была яе першая спецыяльнасць. Пасля Таццяна Уладзіміраўна атрымала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вышэйшую адукацыю і адначасова права выкладаць матэматыку, якая заўсёды была ў ліку яе любімых прадметаў.

У 2008 годзе Таццяна Уладзіміраўна Мілаш стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. А ў мінулым годзе ўзначаліла Валеўскі дзіцячы сад — сярэднюю школу. За непрацяглы час работы паспела зарэкамендаваць сябе як энергічны, ініцыятыўны адміністратар, які забяспечвае стабільна высокія вынікі адукацыйнага пра­цэсу, здольны прагназаваць перспектыўныя і актуальныя кірункі развіцця і абнаўлення работы педагагічнага калектыву.

— Школа ў невялікім населеным пункце, аграгарадку — асабліва значнае месца, з якім цесна звязана жыццё не толькі вучняў і іх бацькоў, але і амаль усіх жыхароў сельскага Савета, — адзначае Т.У.Мілаш. — Імкнёмся трымаць марку, ствараць прыга­жосць, свой унікальны стыль на пры­школьнай тэрыторыі, пастаянна выступаць з разнастайнымі ініцыятывамі, запрашаць гасцей да сябе на мерапрыемствы. Цікава, што да Валеўскай школы ў мяне заўсёды былі асабліва цёплыя адносіны. Тут, на радзіме маіх дзядулі і бабулі, вучыліся мае бацькі, вучыліся і працавалі сябры нашай сям’і. У дзяцінстве я нярэдка з цікавасцю заходзіла сюды ў госці. У студэнцкія гады менавіта ў гэтай установе праходзіла практыку. Так паступова мой лёс усё больш шчыльна звязваўся з Валеўскай школай.

Як кіраўнік Таццяна Уладзіміраўна імкнецца забяспечыць ва ўстанове адукацыі якасны адукацыйны працэс, у якім важнае значэнне маюць і вучэбны, і выхаваўчы складнікі. Адна з галоўных установак дырэктара і калектыву — у кожным дзіцяці ўба­чыць усё самае лепшае, яго таленты і здольнасці, непаўторную індывідуальнасць; усім прадаставіць максімальныя магчымасці для ўсебаковага развіцця. Вынікам такога падыходу становяцца дасягненні сельскіх школьнікаў. Яны паспяхова выступаюць на розных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды (так, за мінулы год у скарбонцы валеўскіх вучняў — перамогі па беларускай, рускай мове і літаратуры, французскай мове, фізіцы, біялогіі і абслуговай працы на 2-м этапе і па беларускай мове і літаратуры дыплом ІІ ступені 3-га этапу) і абласным конкурсе навукова-даследчых работ “Крышталёвая Альфа” (у 2020/2021 навучальным го­дзе — дыплом ІІІ ступені ў секцыі “Біялогія”). На высокую ступень ва ўстанове адукацыі пастаўлена метадычная работа па павышэнні прафесійнай кампетэнцыі педагогаў. У мінулым навучальным годзе ўдалося заваяваць дыплом ІІ ступені на 19-й Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі.

Педагагічнае крэда Таццяны Мілаш — “Зберагаючы традыцыі, вызначаем будучыню”. Менавіта гэтымі словамі характарызуюцца і яе адносіны да дасягненняў мінулых гадоў, і сённяшнія крокі калектыву.

Валеўскай школе — 151 год, і тут сапраўды беражліва захоўваюцца і памнажаюцца добрыя, правераныя часам традыцыі. Гэта дзейнасць школьнага гісторыка-краязнаўчага музея — аднаго са старэйшых у краіне, якому прысвоена званне народнага. Таксама ў Валеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе створаны музей вылічальнай і мультымедыйнай тэхнікі.

Яшчэ адна візітная картка ўстановы адукацыі — экалагічнае выхаванне. У супрацоўніцтве са Свіцязянскім ландшафтным заказнікам плённа працуюць школьнае лясніцтва і клуб захавальнікаў прыродных ландшафтаў. Яшчэ ў 1961 го­дзе на тэрыторыі ўстановы адукацыі быў закладзены парк-дэндрарый, на базе якога супрацоўнікі Нацыянальнага батанічнага саду право­дзілі даследаванні. Зараз работа ў дэндрапарку працягваецца. У ім устанаўліваюцца тэматычныя стэнды, інтэрактыўныя, эксперыментальныя і батанічныя пляцоўкі: “Смецце — бяда ўсёй планеты”, “Паляна птушак”, “Вавёрчын гай”, “Лясная аптэка”. У апошняй, напрыклад, у мінулым годзе выса­дзілі 55 відаў лекавых раслін. Вялікая работа вядзецца, каб вакол панавала прыга­жосць і ўстанова мела свой непаўторны выгляд. А нядаўна калектыў узрадавала выдатная навіна: Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа атрымаў статус “Зялёная школа”.

У школе функцыянуюць як разнастайныя факультатывы, так і гурткі. На базе ўстановы таксама працуюць аддзяленне лёгкай атлетыкі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 Навагрудка і класы Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў. Так што кожны мае магчымасць выбраць у сценах роднай установы занятак па душы — ад праграмавання ў асяроддзі Scratch да танцаў ці харавых спеваў. Для набыцця школьнікамі навыкаў па асновах прадпрымальніцтва, развіцця іх паспяховай самарэалізацыі ў кастрычніку мінулага года па ініцыятыве дырэктара была арганізавана работа школьнай бізнес-кампаніі “ШАНС”.

— Мне важна, каб я сама, калектыў і вучні жылі ў сістэме развіцця, каб ва ўсіх сферах у нашай установе адукацыі не было перыядычнасці, — падкрэслівае Т.У.Мілаш. — Прытрымліваемся гэтага важнага правіла. У школе шмат увагі ўдзяляецца духоўна-маральнаму выхаванню вучняў. Бачым плён гэтай важнай працы: вучні мяняюцца да лепшага, задумваюцца над жыццёва важнымі пытаннямі. Нашы юныя валанцёры актыўна і з жаданнем дапамагаюць у мясцовай царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла, а таксама пажылым адзінокім людзям. Вельмі люблю такое глыбокае выказванне: “Сапраўдны чалавек пачынаецца там, дзе ёсць святыні душы”. Важна, каб давераныя нам дзеці ў будучыні сталі добрымі, неабыякавымі людзьмі, якія ўме­юць сябра­ваць, лю­біць, ствараць!

Дзякуючы ініцыятыўнасці і намаганням Таццяны Уладзіміраўны, больш прывабнымі, сучаснымі і зручнымі становяцца прадметныя кабінеты. Сёлета былі рэканструяваны, абсталяваны новай мэбляй, стэндамі і інтэр’ернымі пано кабінеты матэматыкі, гісторыі, інфарматыкі. Да новага навучальнага года ў холе было аформлена месца для псіхалагічнай разгрузкі і раскрыцця творчых здольнасцей вучняў “У кожным ёсць сваё сонца”.

Творча і цікава праходзяць і ўрокі матэматыкі Таццяны Уладзіміраўны. Ёй падабаецца прыдумваць для вучняў нешта новае, здзіўляць іх. Адно з выдатных пацвярджэнняў гэтага — перамога Т.У.Мілаш на адкрытым рэспубліканскім конкурсе педагагічнага майстэрства “Матэматычныя дысцыпліны” ў 2019 годзе.

Таццяна ШЫМКО.