У краін ёсць вялікі нерэалізаваны патэнцыял для эканамічнага ўзаемадзеяння

- 11:19Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аўстрыйскаму бізнесу пра галоўныя прынцыпы ў супрацоўніцтве з Беларуссю. Адпаведныя заявы ён зрабіў у Вене, выступаючы на двухбаковым дзелавым форуме.

Гаворачы пра свой удзел у бізнес-форуме, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што справа не ў тым ці іншым сігнале, які павінна атрымаць бізнес-супольнасць. “Я перш за ўсё хацеў прадэманстраваць сваю павагу да вас. А калі нехта хоча яшчэ і сігнал атрымаць, я не супраць, лічыце, што гэты сігнал вы цяпер атрымліваеце”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краін ёсць вялікі нерэалізаваны патэнцыял, і тавараабарот у раёне $200 млн ён назваў не інакш як ганьбай. “Гэта ганьба. Мы павінны ад гэтай ганьбы хутка адыхо­дзіць”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адкрыта сказаў прадстаўнікам бізнесу: “Калі вы, прыйшоўшы да нас з інвестыцыямі, будзеце працаваць і ставіцца да беларусаў так, як да аўстрыйцаў, вы заўсёды будзеце маімі грамадзянамі, і я вас буду ўсяляк падтрымліваць”.

Прэзідэнт падкрэсліў гатоўнасць выбудоўваць з замежным бізнесам празрыстыя і ўзаемавыгадныя адносіны. “Самае галоўнае — вам не трэба прыносіць чамаданы грошай для хабараў. Калі вы толькі гэта зробіце, вас ніколі не будзе ў Беларусі. Дакладней, будзеце, але толькі ў месцах не такіх аддаленых. Таму вас папярэджваю: ніякіх хабарніцтва і карупцыі мы не пацерпім. Прыходзьце сумленна, адкрыта, празрыста”, — запрасіў кіраўнік дзяржавы.

Ён запэўніў, што ў краіне будуць строга пры­трымлівацца дасягнутых дамоўленасцей: “Калі дамовімся, мы заўсёды выканаем свае абавязацельствы, нават калі потым акажацца, што гэта на шкоду нашай краіне. Дагавор даражэй за грошы!”

“Вось галоўныя прынцыпы, якіх мы будзем прытрымлівацца ў рабоце з вамі. Прыходзьце, бу­дзем працаваць. Прыходзьце ў бяспечную краіну, дзе высокакваліфікаваныя людзі, дзе людзі адказныя, якія нацярпеліся за ўсю сваю гісторыю і ўмеюць цаніць заробленыя цэнт, рубель, еўра або капейку”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне бізнес-форуму быў падпісаны шэраг дакументаў. Паводле слоў старшыні БелГПП Уладзіміра Улаховіча, гэта прынясе ў скарбонку двухбаковага тавараабароту больш за $200 млн.

Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Аўстрыйскім энергетычным агенцтвам.

У Вене ў час афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы таксама былі падпісаны сумесная дэкларацыя аб умацаванні супрацоўніцтва ў галіне сувязі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і развіцця шырокапалоснай сеткі 5G, пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Аўстрыйскай акадэміяй навук.