У краіне празораў

- 10:13Віцебшчына

Апошнім пунктам нашай вандроўкі па Віцебшчыне стаў Празароцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа імя Ігната Буйніцкага ў Глыбоцкім раёне. Нас яшчэ ў абласным цэнтры папярэдзілі: трапіце ў Празарокі да Вольгі Дзмітрыеўны Гінько — зачаруецеся. Так яно і здарылася. І вёска, і школа, і, галоўнае, людзі, з якімі мы сустрэліся, скарылі нашы сэрцы.

Пад белымі крыламі

Празарокі — старажытнае мястэчка гістарычнай Полаччыны, першыя згадкі пра якое адносяцца да пачатку XVI ст. Гісторыя школы пачынаецца ў ХVІІ стагоддзі, калі мясцовы памешчык прывёў у Празарокі трох манахаў і тыя заснавалі францысканскі кляштар (пры кожным дзейнічала школа). Больш як за тры стагоддзі свайго існавання навучальная ўстанова неаднаразова мяняла ўладальнікаў і статус (была і гміннай школай, і народным вучылішчам), але жыхары Празарокаў заўсёды стараліся даць сваім дзецям адукацыю, як кажуць, вывесці ў людзі.

Пра тое, што Празарокі — вёска адметная, незвычайная (такія запамінаюцца раз і назаўсёды), мы ўпэўніліся, як толькі апынуліся на яе вуліцах. Прыгожыя, дагледжаныя, у квецені садоў (сярэдзіна мая — самая прэзентабельная пара), Празарокі сустрэлі нас цудоўным надвор’ем. У цэнтры вёскі прыцягнуў увагу касцёл з дзвюма вежамі ў неараманскім стылі, а над франтонам касцёла — крыж, дзе буслы збудавалі гняздо. Высока ім там, хораша, усе Празарокі — як на далоні. Ну якая іншая вёска можа пахваліцца буслянкай на храме? І гэта было першае, чым мы ўразіліся.

Школа духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці

На парозе школы нас сустракае дырэктар Вольга Дзмітрыеўна Гінько і вядзе ў сваю краіну празораў, дзе даследуецца і зберагаецца багатая спадчына празароцкай зямлі. Старажытная гісторыя вёскі, здаецца, прадвызначыла лёс усіх, хто тут працуе і вучыцца. На базе ўстановы дзейнічае рэсурсны цэнтр “Школа духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці” і рэалізуецца сацыяльна-педагагічная мадэль “Школа поспеху”. Сёлета ў Празароках у 11-х класах займаецца 71 вучань. І кожны мае індывідуальную траекторыю развіцця. У гэтых дзяцей ёсць самае важнае — апора на нацыянальны духоўны вопыт, і гэта вельмі дапамагае ім рухацца па жыцці.

Мы вывучаем галерэю выпускнікоў празароцкай школы. Сярод іх шмат вучоных, заслужаных педагогаў, выбітных спецыялістаў. Створана кніга педагагічнай славы, куды занесены ўсе настаўнікі празароцкай школы з ХІХ стагоддзя па сённяшні дзень. Тут даследавана гісторыя ўсіх вясковых умельцаў, больш за тое: закладзеныя імі традыцыі старанна захоўваюцца і перадаюцца дзецям.

— У нас шмат адметных людзей, і мы ведаем кожнага з іх, — гаворыць Вольга Дзмітрыеўна.

Асабіста мяне ўразіла беларуская хатка — сапраўдная, жывая. Здаецца, быццам гаспадыня толькі што прачнулася, заслала ложак і пайшла завіхацца па гаспадарцы. Кожная рэч у гэтай хатцы — сапраўднае багацце. Васьмінітовы абрус, падузорнік з карункамі, гафтаваныя накідкі на падушках, вышываныя прыложкавыя дываны, посцілкі-перабіранкі, ручнікі з мярэжкамі… Усё гэта перадалі ў школу жыхары вёскі. Людзі ведаюць: тое, што трапіла ў рукі празароцкіх настаўнікаў, будзе старанна зберагацца, а гэта лепшая памяць пра дзядоў і бабуль.

Дарэчы, школа ў Празароках носіць імя знакамітага земляка Ігната Буйніцкага — заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра. У свой час Вольга Дзмітрыеўна Гінько была ініцыятарам стварэння музея творцы. Сёння гэты музей дзейнічае, там праводзяцца цікавыя экскурсіі, нават з элементамі пастановак. У экспазіцыі прадстаўлены тагачасныя афішы спектакляў, паштоўкі, касцюмы, здымкі архіўных дакументаў, успаміны празароцкіх старажылаў, артыкулы самога Ігната Буйніцкага пра Празарокі.

— Я шмат працавала ў Вільні, нават калі яшчэ не было інтэрнэту, — расказвае Вольга Дзмітрыеўна. — У гістарычным архіве пералапаціла “Нашу ніву” з 1906 па 1914 год і прывезла на радзіму ўсе артыкулы пра Празарокі: і пра пажар 1911 года, і пра кірмашы па панядзелках…

Сёння ў празароцкай школе захоўваецца ўнікальны збор дакументаў, фотаздымкаў, матэрыялаў пра гісторыю вёскі. Сістэматызаваўшы ўсё гэта, дырэктар разам з калегамі выдалі кнігу “Духоўная памяць Празароцкага краю”. Яшчэ адна кніга, укладзеная вучнямі і настаўнікамі школы, — “Летапіс вёскі Празарокі”. Такім чынам, у дзяцей ёсць выразны арыенцір — жыццёвы вопыт іх землякоў. Нездарма ў празароцкай школе так шмат знакамітых і паспяховых выпускнікоў.

— Наша адзінаццацікласніца Валерыя Багданава ўжо студэнтка Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, — расказвае Вольга Дзмітрыеўна. — Яна тройчы ездзіла туды на адкрытую алімпіяду, атрымала 5 дыпломаў і ўжо залічана на дызайнерскі факультэт. Многія нашы дзеці паступаюць у прэстыжныя беларускія ўніверсітэты. Сёлета на 5-годдзе заканчэння школы прыехалі выпускнікі 2013 года. Тады з 12 чалавек 10 паступілі ва ўніверсітэты, цяпер яны ўжо амаль што маладыя спецыялісты. Прыехалі, дзяліліся сваімі поспехамі. Толькі ўявіце, які я адчуваю гонар, калі бачу дасягненні сваіх гадаванцаў.

Асноўнае для школы — поспех выпускнікоў. Аднак Вольга Дзмітрыеўна падкрэслівае, што гаворка ідзе не проста пра поспех як факт, а пра ўдалую сацыялізацыю выпускнікоў у жыцці. А гэта набыццё прафесіі, камунікабельнасць, мабільнасць, паспяховасць у дарослым жыцці, каб чалавек мог сарыентавацца ў сучасных эканамічных умовах і знайсці свой шлях. І няважна — будзе ён працаваць на навакольных палетках ці на ніве вялікай навукі, галоўнае — усведамленне ўласнай годнасці і імкненне да стваральнай дзейнасці.

Шчаслівы той, хто шчаслівы дома

Педагогі празароцкай школы шмат працуюць з бацькамі сваіх гадаванцаў. На працягу многіх гадоў тут дзейнічае сямейны клуб “Дом”, які аб’ядноўвае настаўнікаў, дзяцей, бацькоў, дзядуляў і бабуль. Узначальвае гэтае ўнікальнае аб’яднанне настаўніца пачатковых класаў Вольга Францаўна Маясяёнак.

Абралі метад праектаў. На пачатку восені абвяшчаецца тэма, на працягу ўсяго навучальнага года праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы. А ў канцы года (звычайна 15 мая, у Дзень сям’і) ладзіцца вялікае сямейнае свята — сапраўднае яднанне сям’і і школы.

Напрыклад, дзеці разам з бацькамі даследавалі гісторыю і стваралі гербы сваіх сем’яў.

— Калі падводзілі вынікі, у нас тут быў такі збор! — гаворыць Вольга Дзмітрыеўна. — Актавая зала не змясціла ўсіх прысутных, давялося праводзіць мерапрыемства ў спартзале. Некаторыя сямейныя роды, што прыехалі да нас, налічвалі па 47—50 чалавек. Усе прывезлі з сабой выставы.

Летась рэалізоўвалі праект “Шчаслівы той, хто шчаслівы дома”. Тады закрылі суседнюю школу, і настаўнікі захацелі бліжэй пазнаёміцца з новымі вучнямі. У гэтым годзе ладзілі праект “Сям’я ХХІ стагоддзя”, завяршэннем якога стаў сямейны паход выхаднога дня.

Работа з сем’ямі прыносіць плён. Усе разам пасадзілі каля школы пладовы сад “Сямейны”, стварылі дэндрапаркавую зону “Веды — шлях у вечнасць”.

Яшчэ адна адметнасць празароцкай школы — сад адчуванняў і пахаў. Тут дзеці знаёмяцца з духмянымі раслінамі: расце катоўнік, палын, чабор, мята… Паміж раслінамі можна хадзіць басанож, ёсць зоны з пясочкам, жвірам, яловымі шышкамі. Малыя заўсёды з нецярпеннем чакаюць цёплых дзён, каб усё расцвіло, запахла, каб можна было разуцца і наталіцца сапраўднай дзіцячай радасцю.

Адчуванне Радзімы

Вольга Дзмітрыеўна гаворыць вельмі хутка, спяшаецца расказаць і паказаць нам як мага больш. І мы разумеем, што за простымі словамі хаваецца велічэзная даследчая і краязнаўчая работа. Празароцкай школе моцна пашанцавала, што яна трапіла ў рукі такіх апантаных людзей, як Вольга Гінько і яе каманда. У краіне шмат старажытных вёсак і мястэчак, але іх гісторыя часта так і застаецца не даследаванай. Многія ў сваіх пошуках абмяжоўваюцца падзеямі Другой сусветнай вайны. А капнуць глыбей — там могуць утойвацца такія цікавыя падзеі, такія чалавечыя гісторыі, якія здольны даць установе адукацыі і новае дыханне, і новы вектар развіцця.

Падчас вандроўкі па Віцебшчыне мы задаліся пытаннем: што для кожнага чалавека значыць малая радзіма? Для кагосьці гэта буслы на вясковым лугу, для кагосьці — мама (нас паклікала сталіца, а мама засталася зберагаць дом нашага дзяцінства). Але ў Празароках яскрава, на прыкладах, можна ўбачыць, што малая радзіма — не проста нейкі візуальны сімвал, а канцэнтрацыя сэнсаў. Гэта адначасова і мінуўшчына, і будучыня. Гэта і тэатр Ігната Буйніцкага, і дзяўчынка, якая сабралася ехаць у Санкт-Пецярбург, каб вывучаць сучасны дызайн. Гэта і велічны храм, і буслянка на ім. Гэта і пахі, і колеры, і галасы…

Слухаю дыктафонны запіс нашай празароцкай экскурсіі — і зноў трапляю пад шчырае абаянне Вольгі Гінько і яе маленькай школы. І я зноў там, дзе лунае прыгожая птушка над храмам і густа пахне сад, дзе ажывае гісторыя і так хораша льецца беларуская мова. Школа ў Празароках увабрала ў сябе ўсю соль гэтай старажытнай зямлі — і ў гэтым яе мяккая сіла, яе вялікія памкненні і вялікія магчымасці.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.